“Вашы дзеці таленавітыя, у іх вялікі дар імправізацыі”

Згодна з пагадненнем паміж Службаю Старшых Экспертаў (фонд нямецкай эканомікі па міжнароднаму супрацоўніцтву, SES) і Мірскім дзяржаўным мастацкім прафесійна-тэхнічным каледжам у гэтай навучальнай установе знаходзіўся ў рабочай камандзіроўцы старшы эксперт Конрад Айзенбайс.
SES заснавана ў 1983 годзе пад эгідаю германскага аб’яднання гандлёва-прамысловых палат (DIHK) і пры фінансавай падтрымцы ўрада ФРГ. У складзе заснавальнікаў таксама федэральны саюз германскай прамысловасці, федэральнае аб’яднанне германскіх саюзаў працадаўцаў, цэнтральны саюз рамеснікаў Германіі. Фінансавую і тэхнічную дапамогу службе пастаянна аказваюць буйныя прамысловыя асацыяцыі Siemens, Bosch, Bayer, Henkel, Voeks Wagen…
У Рэспубліцы Беларусь SES працуе з 1995 года і ажыццявіла больш 260 праектаў.
Галоўная задача службы — навучанне персаналу перадавым метадам работы, а таксама дапамога ва ўдасканаленні існуючых і ўкараненні навейшых энергазберагальных тэхналогій, рамонце і наладцы абсталявання, распрацоўкі канкурэнтназдольнай па сусветных стандартах прадукцыі, бізнес-планаў, дапамога ў акцыяніраванні прадпрыемстваў, падрыхтоўка да сертыфікацыі прадпрыемства па сістэме ISO, пошук за мяжою неабходнага абсталявання і матэрыялаў, найбольш прыдатных да мясцовых умоў, перапрацоўка адходаў і кантроль за акаляючым асяроддзем, павышэнне кваліфікацыі ўрачоў, выкладчыкаў, работнікаў сферы  абслугоўвання і гандлю.
Для сярэдніх спецыяльных навучальных устаноў (ПТВ, ліцэі, тэхнікумы, каледжы, вучылішчы), а таксама розных цэнтраў падрыхтоўкі спецыялістаў, служба старшых экспертаў прапануе праграму па мадэрнізацыі навучальнага працэсу і павышэнню кваліфікацыі выкладчыкаў па навучанню рамесным, сельскагаспадарчым прафесіям, а таксама ў галіне аховы здароўя і сацыяльнага забеспячэння.
Па гэтай праграме ўсе расходы бярэ на сябе нямецкі бок. Праект субсідзіруецца ўрадамі Германіі і Фондам Роберта Боша.
Перш чым вучыць іншых, Конрад Айзенбайс доўга вучыўся сам. Спалучаў тэорыю з практыкай у мэблевай фірме Кругель (Баварыя), дзе працаваў чаляднікам па вытворчасці вокнаў і дзвярэй, ваконных і будаўнічых элементаў, чаляднікам у сталяра ў фірме Тумешэйд (Берлін) па вытворчасці мэблі і ўнутранай аддзелцы памяшканняў. Затым працаваў у Гамбургу на рэйдзе карабельным плотнікам і палубным слесарам. Там жа ў мараходнай школе атрымаў адукацыю карабельнага майстра па навучанню матросаў пажарнай бяспецы і выратаванню на водах. У прафесіянальнай школе горада Фюрт атрымаў дыплом прафесіянальнага настаўніка моладзі, дзе выкладаў тэорыю і практыку дрэваапрацоўкі, падрыхтоўку рабочага працэсу.
Працаваў у палаце рамеснікаў, дацэнт спецыяльнай тэорыі па навучанню майстроў па сталярнай справе, экзаменатар.
У рамках SES двойчы пабываў у Малдове па профілю мадэльнае праектаванне адукацыі, вытворчасць, рэалізацыя прадукцыі дрэваапрацоўкі для школ і прадпрыемстваў; устаноўка новага абсталявання для дрэва-і металаапрацоўкі ў Таджыкістане.
І вось Конрад Айзенбайс — у Мірскім каледжы. Якія ўражанні засталіся ў Конрада, спецыяліста шырокага профілю ў галіне дрэваапрацоўкі, ад гэтага візіту ў старажытны Мір, Рэспубліку Беларусь і  вышэйзгаданую навучальную ўстанову? Аб гэтым гутарка журналіста з замежным госцем.
— Служба Старшых Экспертаў, — расказвае Конрад, — накіроўвае сваіх супрацоўнікаў-пенсіянераў за мяжу з мэтай занятасці іх і перадачы багатага працоўнага вопыту.
Безумоўна, мы вывучаем і ваш вопыт. Я многа ўбачыў цікавага для мяне. Але асабліва важна, што навучэнцаў каледжа я нечаму навучыў.
Непасрэдна я вучыў шэсць чалавек на працягу трох тыдняў. Праект прадугледжвае выкананне асобнага вырабу, у нашым вападку падкоса, па сучаснай тэхналогіі з выкарыстаннем пэўных машын і механізмаў. Гэта работа патрабуе грунтоўнай падрыхтоўкі.
Адметнасць у тым, што гэты каледж мае мастацкую накіраванасць, а ў нас большая ўвага надаецца канструктыўнай складаемай.
Вашы дзеці вельмі адораныя, таленавітыя, і добра, што гэтыя якасці ў іх развіваюцца, чаго, на жаль, у Германіі не назіраецца. У беларускіх дзяцей вялікі дар імправізацыі. Свой пункт погляду на супрацоўніцтва з SES выказала в. а. дырэктара УА “Мірскі ДМПТК” А. І. Агейчык.
— Візіт эксперта карысны для абодвух бакоў. Нас цікавіла арганізацыя навучання ў іх, якія методыкі прымяняюцца ў Германіі і многае іншае. Са свайго боку Конрад цікавіўся нашымі напрацоўкамі, наведваў заняткі і выказаў свае меркаванні наконт гэтага.
Мы арганізавалі яму паездку на наша базавае прадпрыемства, а таксама на два Баранавіцкія прадпрыемствы па вытворчасці мэблі. Ад аднаго з іх Конрад быў у захапленні, калі ўбачыў, што яно выпускае высакаякасную прадукцыю на абсталяванні, якое ні ў чым не саступае нямецкаму.
Здзівіў госця не толькі на прадпрыемствах, а і ў каледжы той факт, што ў Беларусі надаецца вялікая ўвага захаванню і развіццю народных традыцый, народнай творчасці.
Зрабіў ён невялікую экскурсію па Мірскаму замку, дзе ў афармленні інтэр’ера знайшоў некаторыя супярэчлівасці з нямецкімі стандартамі. А ўвогуле быў у захапленні ад убачанага. Уражаны культурай беларусаў, традыцыямі, добраўпарадкаваннем і заўважыў, што дарога ад аэрапорта “Мінск” да Міра лепшая, чым у Германіі, а сталіцу нашай краіны назваў адпавядаючай самым строгім еўрапейскім стандартам. Зачараваным застаўся Конрад і ад наведвання Нацыянальнага тэатра оперы і балета.
А галоўнае, чаму ён навучыў нашых дзяцей, было паказана на адкрытым уроку, які ён падрыхтаваў для нашых майстроў і выкладчыкаў, а нашы спецыялісты паказалі сваё майстэрства і методыку прафесійнага навучання.
А ў прынцыпе, вялікай розніцы паміж нашай і нямецкай тэхналогіямі навучання я не бачу. Адно, што ў нас захавалася значная частка ручной працы ў дрэваапрацоўцы, у той час як у Германіі працэс механізаваны, а ручной застаецца толькі даводка.
Калі браць па вялікаму рахунку, то ў параўнанні з Малдовай, Таджыкістанам, іншымі краінамі СНД матэрыяльная база ў навучальных установах, умовы навучання, выхавання, харчавання і навядзенне парадку на зямлі ў Беларусі лепшыя сярод краін Садружнасці.

Добавить комментарий