Як працуе мясцовая ўлада, такі і настрой у людзей

Адбылася адзінаццатая выязная сесія раённага Савета дэпутатаў 26-га склікання, якую вёў яго старшыня А. В. Шкадаў.
На парадку дня галоўным было пытанне “Аб сумеснай рабоце Цырынскага сельскага Савета дэпутатаў, суб’ектаў гаспадарання, размешчаных на тэрыторыі сельсавета, па навядзенню парадку на зямлі, добраўпарадкаванню населеных пунктаў”.

Удзельнікі сесіі пабывалі на навукова-вытворчым прадпрыемстве “НІКА”, якім кіруе дырэктар С. І. Паўловіч. “Наша прадпрыемства было створана ў 1991 годзе, — расказвае Сяргей Іванавіч. — Тут працуе 15 чалавек. Займаемся вырошчваннем бульбы на 42 гектарах. У нас зямлі мала — 132 га. Спецыялізуемся на трохпольным севазвароце. Сеем яравую пшаніцу, рэдзьку алейную, а затым садзім бульбу. Мы вырошчваем сарты бульбы высокіх рэпрадукцый. Супрацоўнічаем з фірмай “Норыка” (былы інстытут бульбаводства ў Германіі) і прадстаўляем яе інтарэсы ў Беларусі. Маем эксклюзіўнае права вырошчваць і прадаваць нямецкія сарты бульбы ў нашай рэспубліцы. Ёсць добрыя і айчынныя сарты: “Фальварак”, “Рагнеда”, “Лілея”, “Уладар”, “Янка”. Але ў нас “слабая” якасць насеннага матэрыялу. Ён заражоны вірусам ці бактэрыяльнымі захворваннямі. На жаль, нават у інстытуце яго не могуць праверыць. Таму робім акцэнт на нямецкія сарты, каб атрымліваць і якасны пасадачны матэрыял і якасную харчовую бульбу.

Сённяшні рынак патрабуе не вал, а якасную прадукцыю. Таму вырашылі абнавіць увесь шлейф тэхнікі. Затрацілі адзін мільярд 100 тысяч рублёў. Абнавілі тэхналогію ад пасадкі да ўборкі. Сёлета разлічымся за крэдыт. Мы таксама плануем пабудаваць бульбасховішча на 1600 т. Не забываем пра сваіх работнікаў. Кожны вырошчвае гектар бульбы. Мы выдзяляем камбайн для ўборкі ўраджаю. Напрыклад, у сезон камбайнер атрымлівае 2-3 млн рублёў зарплаты.
Дарэчы, мы праводзім выпрабаванні нямецкіх сартоў “Гала”, “Нега”. Іх ураджайнасць дасягае 540-550 ц/га.
Наступны аб’ект наведвання — ДУА “Цырынскі вучэбна-педагагічны комплекс дзіцячы сад-сярэдняя  агульнаадукацыйная школа”. Тут дзеці шчыра віталі гасцей на роднай мове, а тлумачэнні даваў дырэктар установы Іван Генадзьевіч Карзан. У школе вучацца 135 дзяцей, а ў садзіку  “Усмешка” — 21 наведвальнік. Усе звярнулі ўвагу на тое, што пры ўваходзе з густам аформлена дзяржаўная сімволіка пад назвай “Жыву ў Беларусі і тым ганаруся”.Тут шмат укладзена бюджэтных сродкаў, але навучальная ўстанова, як кажуць, зроблена як цацка. Плануецца абнавіць і школьны стадыён.
Прывабны знешні выгляд мясцовай амбулаторыі ўрача агульнай практыкі на 100 наведванняў у змену і аптэкі. І ў кабінетах, калідорах шыкоўна зроблены рамонт, яны аснашчаны сучаснай медтэхнікай і абсталяваннем.
— Амбулаторыя абслугоўвае амаль 2000 чалавек з 26 вёсак, — расказвае яе загадчык Уладзімір Мікалаевіч Клімчак. — Дзейнічае 10 ложкаў дзённага стацыянару. Тут ужо 4 гады існуе добрая практыка — транспартам сельгаскааператыва два разы на тыдзень дастаўляюцца хворыя ў амбулаторыю з аддаленых вёсак. Па выкліках мы забіраем хворых машынай хуткай дапамогі. Дарэчы, за тры апошнія гады мясцовая ўлада набыла для медыкаў раёна 5 аўтамабіляў.
Дэпутаты і запрошаныя наведалі таксама магазін райспажыўтаварыства і прыватную краму ІП Хоміч у аграгарадку Цырын, малочнатаварную ферму “Цырын”, механічную майстэрню. Дарэчы, тут знаходзіліся на рамонце тры трактары. Заўважым такую акалічнасць. Вядомы ў гаспадарцы механізатар разам з інжынернай службай адправілі ў Слонім у рамонт каробку перадач. Там яе адрамантавалі. Механізатар два дні паездзіў пасля рамонту, і трактар стаў зноў. А гаспадарка заплаціла за рамонт 13 мільёнаў рублёў.
Кіраўнік раённай “вертыкалі” В. Л. Шайбак, абмяркоўваючы гэты няўдалы рамонт, прывёў прыклад са сваёй працоўнай дзейнасці ў калгасе “Маяк”, дзе з’яўляўся галоўным інжынерам. Тады механізатары, вадзіцелі ўласнымі рукамі “перабіралі” рухавікі, масты, каробкі перадач, іншыя вузлы і механізмы і з дапамогай інжынернай службы рабілі не горшы рамонт, чым на заводзе. Бо гэта ж для сябе і сваімі рукамі. “Трэба і нам падумаць, падлічыць, — заклікаў Віктар Леанідавіч, — і ва ўмовах майстэрні выконваць рамонтныя работы. Майстэрня — гэта сэрца любога сельгаскааператыва. Сёння ўсе работы выконвае тэхніка, таму і даглядаць яе трэба, і берагчы, каб служыла доўга і надзейна”.
*   *   *
Сесія раённага Савета дэпутатаў прадоўжыла сваю работу ў зале пасяджэнняў райвыканкама.
Заслухана справаздача Л. Ф. Атрашкевіч — старшыні Цырынскага сельскага Савета дэпутатаў па асноўнаму пытанню.
Адзначалася, што сельсаветам і сельвыканкамам праводзіцца пэўная работа па добраўпарадкаванню і забеспячэнню належнага санітарнага парадку на тэрыторыі сельсавета. Выконваецца Указ Прэзідэнта ад 3 лютага 2006 года № 70 “Аб мерах па ўпарадкаванню і скарачэнню колькасці пустуючых і трухлявых дамоў з гаспадарчымі і іншымі пабудовамі ў сельскай мясцовасці”. На тэрыторыі сельсавета знаходзіцца 275 пустуючых дамоў, з іх аформлены ў спадчыну 165. За час дзеяння Указа знесена 19 дамоў, прыцягнута ў паўторны абарот — 8, убралі 7 фундаментаў. Пастаянна вядзецца пошук спадчыннікаў пустуючых домаўладанняў.
Сельсавет сумесна з СВК “Цырын-Агра” ўбіраюць аварыйныя дрэвы, а таксама хмызнякі, разворваюцца і ўключаюцца ў севазварот закінутыя зямельныя ўчасткі, добраўпарадкоўваюцца тэрыторыі ферм і мехдвароў, зносяцца аварыйныя вытворчыя будынкі.
На тэрыторыі сельсавета знаходзіцца 13 вёсак, у якіх пражывае 1220 чалавек, з іх — 584 працаздольныя, 481 пенсіянер, 155 непаўналетніх, 15 мнагадзетных сем’яў, тры інваліды і ўдзельнікі Вялікай Айчыннай вайны, 2 сям’і загінулых у вайну, 5 воінаў-інтэрнацыяналістаў, 37 адзінокіх і 293 адзінокапражываючыя.
Акрамя наведаных аб’ектаў удзельнікамі сесіі, на тэрыторыі сельсавета ёсць дзіцячая музычная школа, ЦСДК, бібліятэка, 5 магазінаў, сталовая, 2 лазні, філіял “Беларусбанка”, філіял РУП ЖКГ.
У 2008 годзе Указам Прэзідэнта краіны зацверджаны сцяг і герб в. Цырын.
У Цырыне дзейнічае царква Святога Архангела Міхаіла  і  ў Кайшоўцы — царква Серафіма Вырыцкага. На тэрыторыі сельсавета ёсць два помнікі загінулым у гады Вялікай Айчыннай вайны, два помнікі У. І. Леніну, помнік загінулым лётчыкам у мірны час і вайсковае пахаванне.
Пэўную работу праводзяць 6 старастаў вёсак. Яны аказваюць дапамогу ў рашэнні пытанняў добраўпарадкавання вёсак, забеспячэння людзей палівам, навядзення парадку на могілках.
Сельсавет узаемадзейнічае з райінспекцыяй прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя і райЦГЭ. Праводзяцца сустрэчы з насельніцтвам, дзе абмяркоўваюцца пытанні ўтрымання прыдамавых тэрыторый, наладжваюцца сумесныя праверкі санітарнага стану вёсак, вытворчых аб’ектаў (на тэрыторыі сельсавета ёсць тры МТФ, фермы: па адкорму БРЖ, 2 — па дарошчванні цялушак, адкорму свіней, свінаферма-рэпрадуктар).
Дзейнічаюць міні-палігон і тры пляцоўкі часовага складзіравання. Цэнтралізаваным зборам цвёрдых бытавых адходаў ахоплены буйныя населеныя пункты. Заключаны дагаворы з жыхарамі вёсак Быкевічы, Краснае, Аканавічы, аграгарадка Цырын. Кожны год восенню і вясной наводзіцца парадак на могілках.
Разам з тым мясцовы сельвыканкам недастаткова працуе з насельніцтвам і суб’ектамі гаспадарання па навядзенні парадку на зямлі. Патрэбна ўзмацніць кантроль з боку сельвыканкама за захаваннем санітарных норм і правіл, больш актыўна весці работу па выкананні Указа № 70. Не вырашана пытанне па ўстаноўцы жалезабетоннага плоту на палігонах у в. Дорагава.
СВК “Цырын-Агра” неабходна прыняць меры па прыцягненню ў гаспадарчы абарот невыкарыстоўваемых зямельных участкаў, забяспечыць парадак на прылягаючых тэрыторыях да МТФ “Цырын” і СТФ “Цырын”.
Выступаючы на сесіі раённага Савета дэпутатаў, кіраўнік раённай “вертыкалі” В. Л. Шайбак заўважыў:
— Мясцовая ўлада ўклала вялікія грошы ў абуладкаванне аграгарадка Цырын. І мы гэта ўсё бачылі, наведваючы школу, амбулаторыю, іншыя аб’екты сацыяльнай сферы і вытворчасці, добраўпарадкаванне. Непазнавальна папрыгажэў Цырын. 32 мільёны рублёў СВК выдзеліў, каб набыць фарбу, зрабіць прыгажэйшай жалезабетонную агароджу. Некаторыя з жаданнем, па-гаспадарску справіліся з гэтай справай, а іншыя “гаспадары” нават пустазелле не вырвалі каля сваёй агароджы. Незразумелая абыякавасць!
Усё пачынаецца з любові да даручанай справы. Тут ёсць над чым працаваць дэпутатам, старастам з насельніцтвам. А людзі зразумеюць і падтрымаюць любыя важныя справы і прымуць у іх удзел. А прыклады станоўчыя ёсць! Ды амаль кожны ведае, што пад ляжачы камень вада не цячэ. А тут улада дапамагла, паставіла плот. Толькі “дзякуй” трэба сказаць за такі клопат аб вяскоўцах.
Патрэбен тандэм старшыні сельсавета і кіраўніка сельгаскааператыва. Толькі цесная сувязь, узаемападтрымка, узаемаразуменне дапамогуць у сумеснай працы. А ў выніку ўсе справы паспяхова вырашацца і зусім іншы настрой у людзей будзе.
У прынятым рашэнні адзначана недастатковая работа Цырынскага сельскага Савета дэпутатаў і выканаўчага камітэта, СВК “Цырын-Агра”, устаноў і арганізацый, якія размешчаны на тэрыторыі сельсавета, па навядзенні парадку на зямлі, добраўпарадкаванні населеных пунктаў. Сельскі Савет дэпутатаў (Л. Ф. Атрашкевіч) абавязаны весці пастаянную работу ў гэтым напрамку, актывізаваць яе па выкананню Указа № 70, сумесна з РУП ЖКГ (А. І. Рудак), СВК “Цырын-Агра” (М. М. Кулініч), ДРБУ-158 (Г. Я. Драздоў) арганізаваць вырубку аварыйных дрэў у вёсках Дорагава, Застадолле, Кайшоўка, уздоўж дарогі Кайшоўка-Валокі, у аграгарадку Цырын, на могілках вёсак Мокрава, Дорагава; да 20 снежня г. г. сумесна з СВК “Цырын-Агра” ўстанавіць жалезабетонны плот на могілках в. Дорагава.
СВК Цырын-Агра” (М. М. Кулініч) даручана да 1 лістапада г. г. ачысціць тэрыторыю ад смецця пры ўездзе ў Цырын, да 1 снежня г. г. навесці належны парадак на прылягаючых тэрыторыях да МТФ “Цырын” і СТФ “Цырын”, аказаць садзеянне сельвыканкаму ў разборцы 2 трухлявых дамоў.
ДУА “Цырынскі навучальна-педагагічны комплекс дзіцячы сад-сярэдняя школа” неабходна пастаянна падтрымліваць у належным парадку тэрыторыю каля школы, якая прылягае да вул. Лясной, каля брацкіх пахаванняў у аграгарадку Цырын і Кайшоўка.
ДРБУ-158 неабходна правесці акувечванне дарогі па вул. Лясной у Цырыне.
РАУС (А. А. Нос) абавязаны разгледзець пытанне па абмежаванні хуткаснага рэжыму (40 км у гадзіну) у аграгарадку Цырын.
Кантроль за выкананнем рашэння ўскладзены на старшыню Цырынскага сельскага Савета дэпутатаў Л. Ф. Атрашкевіч.
*  *  *
Па другому пытанню “Аб зацвярджэнні Праграмы сацыяльна-эканамічнага развіцця Карэліцкага раёна на 2011-2015 гады” выступіў намеснік старшыні райвыканкама І. Р. Лазарэвіч. Пасля дэталёвага абмеркавання Праграмы дэпутаты зацвердзілі яе.
Дэпутаты ўнеслі змяненні ў рашэнне райсавета дэпутатаў ад 28 снежня 2010 г. № 21.
Разгледжана пытанне “Аб дэлегаванні райвыканкаму права на прадастаўленне фізічным асобам ільготы па падатках, зборах (пошлінах), поўнасцю залічваемых у раённы бюджэт.
Дэпутаты прагаласавалі аб змяншэнні ставак зямельнага падатку і падатку на нерухомасць суб’ектам, якія аказваюць бытавыя паслугі насельніцтву ў сельскай мясцовасці, і аб бясплатным прадастаўленні гэтым суб’ектам у карыстанне маёмасці і перададзенага ім у арэнду.
На сесіі разгледжаны іншыя пытанні, па якіх прыняты адпаведныя рашэнні.
У рабоце сесіі раённага Савета дэпутатаў прынялі ўдзел старшыня раённага выканаўчага камітэта В. Л. Шайбак, які выступіў з прамовай, і дэпутат Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь П. П. Богуш.

 

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.