Брэнды Карэліччыны

У няпростых умовах рэканструкцыі даводзіцца працаваць сёлета калектыву Карэліцкага філіяла ААТ “Навагрудскі масларобчы камбінат”. Мадэрнізацыя вядзецца без спынення асноўнай вытворчасці, а гэта патрабуе дадатковых намаганняў, каб не знізіць аб’ёмаў вытворчасці прадукцыі і захаваць яе высокую якасць. Малакаперапрацоўшчыкам гэта ўдаецца, і спажыўцам па-ранейшаму адпраўляюцца сыры мяккія, казеін і ЗЦМ. Аб’ём таварнай прадукцыі ў супастаўных цэнах за студзень-верасень 2011 года склаў 160 працэнтаў.
Днямі на прадпрыемства прыйшла добрая вестка. На рэспубліканскім аглядзе-конкурсе сыроў, які праходзіў у Мінску, карэліцкія “Саломка сырная да піва” і сыр “Адыгейскі” занялі першае месца і ўзнагароджаны адпаведным Дыпломам.
Нашы сыры прадстаўлены і на конкурсе “Лепшая прадукцыя года”.
А ў стварэнне брэндаў Карэліччыны  важкі ўклад унеслі майстар-сырароб Ларыса Міхайлаўна  Рапавец, сырароб Ганна Мікалаеўна Гурская, прыёмшчыкі малака Таццяна Аляксандраўна Бында і Людміла Аляксандраўна Сазановіч.
На прадпрыемстве працуе і шмат іншых дастойных людзей, якія прымнажаюць славу калектыву.  Няма сумнення, што  мадэрнізацыя вытворчасці дазволіць яшчэ больш яскрава раскрыць творчы патэнцыял малакаперапрацоўшчыкаў.
Сёлета заканчваецца рэканструкцыя асноўнага вытворчага корпуса. Устаноўлена тэхналагічнае абсталяванне апаратнага цэха, аўтаматызаваная Cip-мыйка, абсталяванне прыёмамыечнага аддзялення, устаноўлена халадзільнае абсталяванне кампрэсарнага цэха, вядзецца абвязка абсталявання трубаправодамі, пракладваюцца тэхналагічныя лініі.
Да канца бягучага года мяркуецца правесці мадэрнізацыю з заменай  абсталявання маслацэха.
Уведзены ў эксплуатацыю бытавыя  памяшканні асноўнага вытворчага  корпуса, лабараторыя, аснашчаная сучасным абсталяваннем.
Мадэрнізацыя вядзецца і на дапаможных вытворчасцях. Так,  у заводскай кацельні ўстаноўлена  новая энергазберагальная сеткавая помпа, заменены вузел водападрыхтоўкі, прыборы ўліку спажывання электраэнергіі, на шклопакеты заменены вокны.
Ёсць упэўненасць, што мадэрнізацыя дазволіць калектыву вывесці вытворчасць прадукцыі на новы ўзровень і па аб’ёму, і па якасці малочных  вырабаў.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.