Другое нараджэнне

У снежні гэтага года свінагадоўчаму комплексу СВК “Лукі-Агра” спаўняецца трыццаць пяць гадоў. Натуральна, што за гэты перыяд у галіне з’явілася шмат новага ў тэхналогіі і тэхнічным узбраенні.
Каб быць на ўзроўні патрабаванняў часу, спатрэбілася грунтоўная рэканструкцыя комплексу.
— А вядзем мы яе, — расказвае старшыня праўлення кааператыва М. А. Гавіна, — гаспадарчым спосабам. Летась выдаткавана на гэта 750 мільёнаў рублёў, кошт абсталявання — 530 млн руб. У бягучым годзе мяркуецца асвоіць больш як 2 мільярды.
У 2010 годзе ўведзена ў эксплуатацыю секцыя па дарошчванні свіней на 1800 галоў. Да рэканструкцыі ў такім жа памяшканні ўтрымлівалася ад 550 да 600 галоў.
Дзякуючы праведзеным мерапрыемствам, удалося павялічыць пагалоўе свіней, палепшыць умовы іх утрымання, паменшыць               колькасць абслугоўваючага персаналу.
— Першае засяленне парасят, — працягвае гутарку начальнік свінагадоўчага комплексу П. В. Сазановіч, — адбылося 21 лютага г. г. За прайшоўшы перыяд вырошчвання сярэднясутачныя прывагі  склалі 426 грамаў, у той час, як у старых памяшканнях былі 309 грамаў.
Сёння ў мадэрнізаваным будынку ўтрымліваецца на вырошчванні 560 галоў, а ўсяго ад 1600 да 1800 свіней.
Кожная секцыя аснашчана аўтаматызаванай сістэмай кормараздачы, электроннай сістэмай рэгулявання мікраклімату, а таксама падагрэву падлогі і паступаючага ў халодны перыяд вонкавага паветра.
На парадку дня застаецца задача стварэння такіх жа ўмоў і ў іншых памяшканнях.
А пакуль у гэтай секцыі шчыруюць аператары Т. Л. Ваўчок, якая валодае ўсімі тэхналагічнымі працэсамі, Г. В. Малышка, С. М. Сакалова, А. М. Новік, маладая працаўніца С. В. Лях, асемянатары Г. М. Расюкевіч, В. А. Тананка.
Значны ўклад у агульную справу ўносяць вядучы інжынер комплексу, спецыяліст з 20-гадовым стажам А. М. Сак, галоўны ветэрынарны ўрач А. Д. Глябовіч, які працуе на комплексе з дня яго заснавання, слесар М. Г. Шавейка, які сёлета адзначыў сваё сямідзесяцігоддзе, але поўны сіл і энергіі, загадчыца склада Т. А. Конюх.
Дзякуючы зладжанасці і арганізаванасці калектыў выгадаваў і рэалізаваў за апошнія тры гады 1200 т свініны.

Добавить комментарий