Дзяржслужачым Беларусі забароняць атрымліваць ад замежных дзяржаў ільготы і прывілеі

Дзяржаўным служачым Беларусі забароняць карыстацца льготамі і прывілеямі, што прадастаўляюцца замежнымі дзяржавамі ў сувязі з палітычнымі, рэлігійнымі поглядамі або нацыянальнай прыналежнасцю, і атрымліваць дакументы, якія даюць такія льготы і прывілеі. Законапраект, якім уносяцца адпаведныя папраўкі ў закон аб дзяржаўнай службе, прыняты 4 лістапада ў першым чытанні на пасяджэнні Палаты прадстаўнікоў, перадае карэспандэнт БЕЛТА.

Падставай для ўнясення паправак у заканадаўства стала распаўсюджванне ў Беларусі карткі паляка. Закон Польшчы аб картцы паляка прадастаўляе асобным катэгорыям грамадзян Беларусі шэраг ільгот і прывілей на тэрыторыі Польшчы. Аднак выдача гэтай карткі звязана з неабходнасцю пэўных паводзін беларусаў адносна Польшчы. Паводле заключэння Канстытуцыйнага суда Беларусі, закон Польшчы аб картцы паляка супярэчыць агульнапрызнаным прынцыпам і нормам міжнароднага права, закранае інтарэсы беларускай дзяржавы. Таму прынята рашэнне на заканадаўчым узроўні забараніць дзяржслужачым Беларусі, якія павінны дзейнічаць у інтарэсах сваёй краіны, мець ільготы і прывілеі, прадастаўленыя іншай дзяржавай.
Прадстаўляючы законапраект на разгляд парламентарыяў, намеснік міністра юстыцыі Ала Бадак адзначыла, што дакумент распрацаваны ў мэтах выканання рэкамендацый Канстытуцыйнага суда Беларусі. Выдача карткі паляка абумоўлена неабходнасцю пэўных паводзін грамадзян Беларусі, фактычна выканання імі пэўных абавязкаў перад Польшчай. Гэта не адпавядае асобным агульнапрызнаным нормам міжнароднага права і стварае перадумовы для дыскрымінацыйнага прымянення на практыцы адносна грамадзян Беларусі.
З мэтай абароны інтарэсаў грамадзян Беларусі Канстытуцыйным судом была адзначана неабходнасць удасканалення норм закона аб дзяржслужбе.
Паводле слоў намесніка міністра, карэкціроўкі ў законапраекце маюць універсальны характар і накіраваны на ўстараненне канфлікту інтарэсаў пры праходжанні дзяржслужбы. Дзяржслужачы ў першую чаргу з’яўляецца службовай асобай, якая прадстаўляе інтарэсы канкрэтнай дзяржавы, і яго асноўнай функцыяй з’яўляецца служэнне дзяржаве. Ажыццяўленне дзяржслужачым якіх-небудзь актыўных дзеянняў у інтарэсах іншай дзяржавы для атрымання дакументаў аб ільготах і прывілеях уступае ў супярэчнасць з інтарэсамі дзяржслужбы, падкрэсліла Ала Бадак.
У прыватнасці, пералік абмежаванняў, звязаных з дзяржслужбай, дапаўняецца забаронай на атрыманне льгот і прывілей ад замежных дзяржаў. Пры гэтым замацоўваецца абавязак дзяржаўных служачых перадаць дакументы аб такіх ільготах у кадравую службу дзяржаўнага органа.
Невыкананне гэтых патрабаванняў будзе з’яўляцца падставай для вызвалення дзяржслужачага ад займаемай пасады. У адпаведнасці з прапанаванымі законапраектам папраўкамі пры паступленні на дзяржслужбу грамадзянін, які мае такія дакументы, будзе абавязаны іх перадаць у кадравую службу адначасова з прыняццем рашэння аб назначэнні яго на дзяржаўную пасаду.
Тыя з дзяржслужачых, хто цяпер мае такія дакументы, у выпадку прыняцця паправак павінны будуць на працягу месяца з моманту ўступлення закона ў сілу перадаць іх у кадравую службу.

 

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.