Комплекс ХХІ стагоддзя

Малочнатаварны комплекс “Вялікія Жухавічы” ўведзены ў эксплуатацыю, як і прадугледжвалася рэспубліканскай праграмай развіцця галіны, два гады назад, у снежні 2009 года.
За два гады МТК стаў паўнацэнным вытворчым аб’ектам і гонарам жывёлаводаў гаспадаркі, куды не сорамна запрасіць гасцей і падзяліцца сваімі напрацоўкамі ва ўкараненні і выкарыстанні сучасных тэхналогій малочнай жывёлагадоўлі.
Зараз на комплексе ўтрымліваюцца 800 дойных кароў, 563 цялушкі для аднаўлення статку, бычкі адпраўляюцца на жывёлагадоўчы комплекс гаспадаркі па вытворчасці ялавічыны “Пясочная”. Дойны статак фермы абслугоўваюць пяць асноўных даярак у даільнай зале пазменна. У такім жа рэжыме працуюць два слесары па абслугоўванні даільнага абсталявання, чатыры аператары-жывёлаводы па абслугоўванні вытворчых памяшканняў, столькі ж цялятніц па абслугоўванні маладняку, два лабаранты-племрахункаводы, два механізатары, занятыя кармленнем наяўнага пагалоўя.
Даенне кароў на комплексе трохразовае. Усё пагалоўе дойнага статку выдзелена ў восем груп у залежнасці ад прадуктыўнасці і фізічнага стану жывёлы. За ўсім гэтым сочаць камп’ютар і лабаранткі Таццяна Дзямбоўская і Людміла Коўзусь. Пры любым адхіленні ад зададзенай праграмы інфармацыю атрымлівае начальнік комплексу М. В. Баранаева, зоаветэрынарная служба. Меры па ўхіленні збояў прымаюцца аператыўна, і самым галоўным памочнікам спецыялістаў з’яўляецца камп’ютарная праграма.
Дарэчы, з дапамогай электронікі распрацоўваюцца і рацыёны кармлення. Усе яны збалансаваны па спажыўных якасцях. А самае важнае, што гаспадарка рыхтуе канцэнтраты ўласнымі сіламі з выкарыстаннем БМВД, шроту (пераважна ўласнай вытворчасці).
Усё гэта дае плённыя вынікі. Так, за дзевяць месяцаў гэтага года ад кожнай каровы надоена па 4563 кг малака, што на 417 кг больш, чым за адпаведны перыяд мінулага года. Продаж малака дзяржаве павялічыўся на 1126 т і склаў 3113 тон, 92 працэнты яго адпраўлена на перапрацоўку гатункам “Экстра”, 8 працэнтаў — вышэйшым.
За гэты перыяд рэнтабельнасць вытворчасці малака склала 38,5 %, прыбытак — 1 мільярд 318 мільёнаў рублёў.
Выдатна спраўляюцца са сваімі абавязкамі аператары машыннага даення кароў Ірына Жамойда, Ала Бурак, Аксана Палуян, Ірына Івашка, Таццяна Пятроўская, якія за змену выдойваюць па 1100 кароў.
Старанна працуюць слесары Аляксандр Жамойда, цялятніцы Таццяна Пузіноўская і Святлана Ціхан, машыністы кормараздатчыка Валерый Пузіноўскі, пагрузчыка — Віктар Саўкін.
Зараз на комплексе ў сярэднім надойваюць ад каровы па 16,5 кг малака (+2,7 т), а ў самай высокапрадуктыўнай групе — па 26 кг, рэкардысткі даюць па 39,5 кг малака ў суткі.
Грошы ў комплекс укладзены недарма.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.