Мірскія ласункі

Напэўна, няма чалавека, якога б не хваляваў пах свежаспечанага хлеба. Ён увабраў у сябе водар ніў, сагрэтых лагодным сонцам і акропленых срэбнымі росамі. А яшчэ — гэта вянец працы нястомных, мазолістых рук хлебаробаў, якія робяць самую пачэсную, дзяржаўную справу — кормяць людзей.
Падводзяць рысу пекары. І ад таго, з якім настроем працуюць, залежыць ці трапіць на наш стол духмяны бохан, каравай або звычайны тэхналагічны прадукт.
— Нашы людзі працуюць з выдатным настроем, — расказвае майстар Мірскай хлебапякарні Ганна Атцэцкая. — Пасля рэканструкцыі прадпрыемства якасць хлебабулачных вырабаў павысілася ў разы, пашырыўся і асартымент выпускаемай прадукцыі. За суткі мы выпякаем 2800 кілаграмаў хлебабулачных вырабаў 28 назваў.
Брэндамі сталі нашы прадукты:  хлеб “Подовой янтарный” адзначаны бронзавым медалём на рэспубліканскім конкурсе “Ласунак” у Мінску, залатога медаля ўдастоены кекс “Арэхавы” ўласнай распрацоўкі, на выставе “Лепшыя тавары года Рэспублікі Беларусь” дыпломам адзначана хала “Міранка”, распрацаваная нашымі тэхнолагамі. Бягучы год прынёс нам бронзавы медаль за кекс “Дзятлаўскі з макам”, заваяваны на рэспубліканскім конкурсе “Ласунак”.
А ўсё гэта дасягнута дзякуючы прафесіяналізму, добрасумленнасці такіх работніц, як майстар Алена Худоба, тэхнолаг Дзіяна Плюта, якія і з’яўляюцца распрацоўшчыкамі новых відаў кандытарскіх вырабаў, а дапамагае ім і ўкараняе навінкі ў вытворчасць інжынер па якасці Вольга Маркевіч. Старанна працуюць кладаўшчык гатовай прадукцыі Наталля Сільвановіч, малады спецыяліст Наталля Шымка і іншыя.
А ўдзельнікаў Дня работнікаў сельскай гаспадаркі і перапрацоўчай прамысловасці, на які запрошаны і прыехалі лепшыя прадстаўнікі АПК Гродзеншчыны, мы сустракаем духмяным карэліцкім караваем і мірскімі ласункамі.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.