Мы чакаем вашых пісьмаў

Вы спрабавалі калі-небудзь напісаць пісьмо ў рэдакцыю? Саромеецеся? Не атрымліваецца? Не ведаеце пра што? І ўсё-такі паспрабуйце падзяліцца сваімі думкамі! Азірніцеся навокал — і тэмы самі з’явяцца, а словы папросяцца на паперу. І, магчыма, рэдакцыя атрымае яшчэ адзін цікавы допіс, а ў хуткім часе вы станеце пастаянным  аўтарам і сябрам раённай газеты.
А хто адмовіцца  ад сяброў? Ад добрых і надзейных. А камусьці напісанае і сказанае слова зробіць добрую справу: дапаможа ў вырашэнні злабадзённых праблем, дасць адказ на хвалюючае пытанне, прымусіць задумацца аб сэнсе жыцця.
Мы ўдзячны сябрам раёнкі, якія на працягу дзясяткаў гадоў з намі. Іх допісы, як праменьчык сонца, як журчанне ручайка, як вясёлка ў небе… Почырк знаёмы, а артыкул новы, чытаеш і радуешся за аўтара, за яго імкненне дарыць радасць людзям, дзяліцца з імі цікавымі звесткамі.

А калі артыкул напісаны на роднай мове! Чысціня і мілагучнасць слова кранае да глыбіні душы. Яно і зразумела: ліст пра Карэліцкі край, яго гісторыю, нашых землякоў, іх справы. Журналісты ўдзячны Пятру Сачыўку і Наталлі Адамушка з вёскі Цырын, Галіне Калтуновай, Івану Вярбіцкаму, Святлане Кошур, Ніне Яфрэмавай з г. п. Карэлічы, Аляксандру Лапату з вёскі Дольная Рута і іншым пазаштатным аўтарам.
Як няпроста знайсці цікавую тэму, адрас перадавога вопыту работы, героя будучай замалёўкі!..  Іншы раз патрэбна толькі адно слова сябра-аднадумцы, падказка зацікаўленай і адказнай асобы. І як добра, што надзейны сябра заўжды ў нас ёсць, які гатовы прыйсці на дапамогу.
Творчыя сувязі з газетай “Полымя” падтрымліваюць  намеснікі старшынь СВК па ідэалагічнай рабоце: Міхаіл Парфёнка (“Лукі-Агра”), Вольга Грыгаровіч (“Маяк-Заполле”), Зінаіда Маковік (“Свіцязянка-2003”), Валянціна Паддубіцкая (імя Царука) і іншыя.
І ўсё-такі як важна ў наш імклівы час валодаць інфармацыяй! А калі яна  яшчэ аператыўная і рознабаковая! І тут мы не аказаліся адзінокімі ў сваім імкненні несці яе чытачу. Дапамагаюць нам у гэтым прадстаўнікі арганізацый і ўстаноў раёна. З кагорты самых актыўных — Мікалай Пыцель (раён электрычных сетак), Міхаіл Гацкі (Энерганагляд), Аляксандр Галушка (РАУС), Аляксандр Парфёнка (ДАІ РАУС), Аляксандр Кісель і Юрый Кобрын (РАНС),  Святлана Вярбіцкая (ДЮСШ), Наталля Кавалевіч (музей “Замкавы комплекс “Мір”) і многія іншыя. Шмат карыснага  можна прачытаць у артыкулах работнікаў адукацыі, медыцыны і культуры раёна. Хацелася, каб наша творчае супрацоўніцтва мацнела з кожным годам, і ў нас дабаўлялася яшчэ больш сяброў.
Журналісты ніколі не былі ў баку ад асвятлення школьнай тэматыкі. Сапраўды, у навучальных установах раёна праводзіцца шмат цікавых мерапрыемстваў. Хочацца звярнуцца і да саміх вучняў: пішыце пра свае справы ў газету! Дасылайце  таксама інфармацыі, замалёўкі, вершы. Магчыма, сяброўства з раённай газетай  для кагосьці з дзяўчат і юнакоў дапаможа ў выбары будучай прафесіі.
Жыццё. У ім шмат цікавага — толькі трэба добра прыгледзецца і выкласці думкі на паперу. Мы чакаем вашых пісьмаў! Спадзяёмся на далейшае творчае супрацоўніцтва і добрае сяброўства.

 

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.