Мы ганарымся такой велічы беларусам

Бывае, калі пры гутарцы пра кнігі яе аматары, што маюць свае ўласныя бібліятэкі, пытаюць у мяне, якія кнігі са сваёй уласнай бібліятэкі, што налічвае некалькі тысяч экзэмпляраў, у тым ліку з рэдкімі дарэвалюцыйнымі выданнямі, я лічу асабліва цікавымі і каштоўнымі, то заўсёды адной з першых называю кнігу Максіма Багдановіча “Выбраныя творы”. І называю невыпадкова. Бо яна была першай кнігай, якую набыў пасля Вялікай Айчыннай вайны, будучы вучнем сярэдняй школы. У маёй бібліятэцы гэтая кніга ідзе пад нумарам першым.
Хачу сказаць, што збіраць кнігі пачаў яшчэ ў трыццатых гадах мінулага стагоддзя. Але іх было мала, бо жылі ў нялёгкія часы. Быў у мяне і Максім Багдановіч. Але ўсе кнігі былі знішчаны ў гады вайны разам з роднай хатай і ўсёй маёмасцю. Нават месца, дзе стаяла хата, цяжка было адшукаць — так усё знішчылі. Але маю любоў да кнігі нішто не магло знішчыць. Трэба сказаць, што ў першыя пасляваенныя гады кніг у продажы не было. У першую чаргу ўзнаўлялі гаспадарку, уводзілі ў строй фабрыкі і заводы, бо ўсё было разбурана, спалена. Але ўрад нашай рэспублікі рабіў усё, каб краіна вярнулася да звыклага жыцця, у тым ліку і да выдання кніг, праўда ў першую чаргу падручнікаў, якіх так не ставала.
У ліку першых была выдадзена Дзяржаўным выдавецтвам БССР кніга “Выбраныя творы” Максіма Багдановіча ў 1946 годзе, а падпісаны да друку ў лістападзе 1945 г., калі сціхлі залпы гармат на палях Вялікай Айчыннай вайны. Мне, вучню дзевятага класа сярэдняй школы, было вельмі прыемна, што стаў уладальнікам кніжкі паэта, якога палюбіў яшчэ ў даваенныя гады. На мой столік у нямецкім бункеры, дзе жыла наша сям’я пасля вайны некалькі гадоў, легла першая кніга. І яна не пакідала мяне потым усе гады маёй вучобы, працы і жыцця.
Самай першай крыніцай майго знаёмства з творамі вялікага беларускага паэта ў даваенныя часы былі школьныя падручнікі розных класаў. Ужо ў той час мяне вельмі прыцягнулі незвычайныя вершы, якія ўрэзаліся ў памяць на ўсё жыццё, бо так напісаць мог толькі таленавіты паэт, які глыбока адчувае прыроду і выдатна ведае родную мову.
Вось такія радкі:
Ціха па мяккай траве
Сінявокая ноч прахадзіла…

або
Здароў, марозны, звонкі вечар!
Здароў, скрыпучы, мяккі снег!

ці
У бубны дахаў вецер б’е,
Грыміць па ім, звініць, пяе…

А верш “Слуцкія ткачыхі” я ведаў на памяць да таго, як нам у школе задалі на дом яго вывучыць.
На працягу многіх гадоў не прамінаў ніводнай кнігі, аўтарам якой быў Максім Багдановіч.
Зразумела, што ў маёй асабістай бібліятэцы ёсць і адзіны прыжыццёвы зборнік вершаў Максіма Багдановіча “Вянок”, што выйшаў у Вільні ў 1913 г. (факсімільнае перавыданне, кніжка выбраных вершаў). Вельмі прыемна ўзяць у рукі такое выданне, якое рыхтаваў сам аўтар, кнігу, у якой М. Багдановіч напісаў у цяжкі для яго з-за хваробы час (1917 год) наступныя радкі:
У краіне светлай, дзе я ўміраю,
У белым доме ля сіняй бухты,
Я не самотны, я кнігу маю
З друкарні пана Марціна Кухты.

Лісток паперы з гэтымі радкамі  быў знойдзены каля ложка паэта пасля яго смерці.
Ёсць у мяне і факсімільнае выданне газеты “Наша ніва”, у адным з нумароў якой (№ 24) у 1907 г. быў надрукаваны першы твор Максіма Багдановіча “Музыка”. Яго аўтару тады было 16 гадоў.
Для мяне стала правілам абавязкова пабываць у тых мясцінах, у якіх жыў і працаваў той ці іншы цікавячы мяне чалавек. Тое ж было і з Максімам Багдановічам. А такіх мясцін нямала, і не толькі ў Беларусі, бо акалічнасці  складваліся так, што яго бацьку прыходзілася неаднаразова мяняць месца працы, працаваць не толькі ў Беларусі, але і ў розных месцах Расіі. Цікава, што нават родную мову, сваю беларускую, Максім Багдановіч вывучаў далёка ад дома, але вывучыў яе так дасканала, што стаў выдатным беларускім паэтам, крытыкам, перакладчыкам на родную мову і г. д. Наведаў я Яраслаўль і Ніжні Ноўгарад, дзе жыў і вучыўся Максім Багдановіч.
Асабліва многа падзей яго жыцця звязана з Яраслаўлем. Нямала часу аддаў Максім знаёмству з Яраслаўскім крамлём, што раскінуўся ўздоўж волжскага берага. Дарэчы, у сутарэнні аднаго з манастыроў крамля быў знойдзены рукапісны  спіс “Слова аб палку Ігаравым”.
Наведаў я і магілу Максіма Багдановіча ў Ялце. Там, у цяньку высокіх кіпарысаў, знайшоў ён вечны спакой. На помніку напісаны радкі з яго “Санета” пра жыццёвыя сілы зярнят, што многа вякоў чакалі свайго часу, а потым прынеслі свой плён роднаму народу.
Пра Максіма Багдановіча можна многа пісаць і гаварыць, бо гэта быў незвычайна таленавіты юнак, які так мала пражыў і так многа стварыў.
Ён перакладаў з самых розных моў, у тым ліку з французскай, нямецкай, іспанскай, перакладаў з Гарацыя, Авідзія, многа пісаў на роднай мове, развіваў беларускую літаратуру і культуру. Такой велічы беларусам мы можам толькі ганарыцца.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.