На вачах прыгажэюць Карэлічы

З кожным днём набліжаецца галоўнае свята хлебаробаў — абласны фестываль “Дажынкі—2011”. Гонар прымаць лепшых з лепшых працаўнікоў аграпрамысловага комплексу аказаны нашаму раёну.
Як толькі стала вядома дата іх правядзення, у райцэнтры разгарнулася маштабная падрыхтоўка да гэтага важнага, пачэснага мерапрыемства. Ход яе выканання знаходзіцца пад пастаянным кантролем выканаўчай і распарадчай улады.
Чарговае пасяджэнне па пытаннях навядзення парадку на зямлі, добраўпарадкавання і падрыхтоўкі да “Дажынак-2011” праходзіла пад старшынствам кіраўніка раённага Савета дэпутатаў А.В.Шкадава. У ім удзельнічалі кіраўнікі прадпрыемстваў, арганізацый і ўстаноў райцэнтра, старшыні пасялковага і сельскіх выканаўчых камітэтаў, іншыя зацікаўленыя асобы.

Па аператыўных дадзеных на добраўпарадкаванні Карэліч выканана работ па генпадраду на суму 5 мільярдаў 500 мільёнаў рублёў. Асфальтабетоннае пакрыццё ўкладзена на плошчы 31,2 тысячы квадратных метраў, устаноўлена 4 тысячы пагонных метраў дарожнага бардзюра, тратуарнага — 6 тысяч 600 пагонных метраў, тратуарная плітка ўкладзена на плошчы 10 тысяч квадратных метраў.
Пракладзена каналізацыйных і водапрапускных трубаў розных дыяметраў 416 пагонных метраў.
Непазнавальна змяніліся многія аб’екты добраўпарадкавання. Сярод іх тэрыторыя гімназіі № 1 г. п. Карэлічы, вуліцы Гастэлы і Савецкая, заасфальтавана прывакзальная плошча. Набліжаецца да завяршэння добраўпарадкаванне вуліц Фаменкі, Прытыцкага, тэрыторыі каля гандлёвага цэнтра і магазіна № 15, прыведзены ў парадак будынкі ГПУП “Медлайн”, кінатэатра, працягваецца гэта работа на будынку рэдакцыі газеты “Полымя” і жыллёвага фонду па вуліцы Савецкай.


Многія будынкі змянілі шэрае, панурае “ўбранне” на светлыя, рознакаляровыя фасады. Гэта гасцініца, адміністрацыйны і бытавы корпус раёна электрычных сетак, будынак Карэліцкага аддзялення Дэпартамента “Ахова” МУС Рэспублікі Беларусь, шматпавярховы жылы дом 4а па вуліцы Гагарына і іншыя.

На вуліцах Гастэлы і Савецкая дэманціраваны паветраныя лініі электразабеспячэння і пракладзены кабельныя, адрамантаваны мост цераз Рутку.
Важкі ўклад у справу добраўпарадкавання ўносяць спецыялісты і рабочыя ДРБУ-158, ААТ “Карэліцкая сельгастэхніка”, РУП ЖКГ, прадпрыемстваў “Літаўр”, “Баярыбуд”, а таксама дарожнікі і будаўнікі з Дзятлава, Навагрудка, Слоніма, Шчучына, Свіслачы, Ваўкавыска, ПГУП “Каміган” з Нясвіжскага раёна.
У суботніках па навядзенні парадку на зялёных зонах прымаюць удзел работнікі прадпрыемстваў, арганізацый і ўстаноў райцэнтра.

 

Добавить комментарий