Наша ўсеагульнае свята

Сяргей БАРЫЧЭЎСКІ,
першы намеснік старшыні райвыканкама,
начальнік упраўлення сельскай гаспадаркі і харчавання райвыканкама

Спрадвеку святы, прымеркаваныя да завяршэння збору ўраджаю, былі самымі яркімі і шчодрымі. Гэта добрая старадаўняя традыцыя ўшаноўваць і дзякаваць хлебаробам за іх  нялёгкую працу, бо хлеб ніколі не  даваўся лёгка.
Таму прафесійнае свята работнікаў сельскай гаспадаркі і перапрацоўчай прамысловасці было і застаецца асаблівай падзеяй у жыцці любой цывілізаванай дзяржавы. Гэта  свята тых, хто днём і ноччу, прафесіянальна і на  бытавым узроўні, на  бяскрайніх палетках, на магутных комплексах і  сучасных заводах, на сялянскіх  падворках і падсобных участках  вырошчвае і вырабляе прадукцыю, без якой жыццё чалавека немагчыма  ўвогуле. Гэта свята тых, хто  працуе і жыве на нашай зямлі, хто  аддадзены высакароднай справе і беззапаветна  служыць свайму народу.

Бягучы сельскагаспадарчы год для нашага раёна быў спрыяльны. Сёлета намалочана 101 387 тон  зерневых і зернебабовых культур, што на  109 % , або 8,3 тыс. тон больш, чым у 2010 годзе. Сярэдняя ўраджайнасць па раёне склала 50,4 цэнтнера з гектара і ўзрасла на 4  цэнтнеры.
А хлебаробы СВК “Жухавічы”, “Маяк-Заполле” і КСУП “Племзавод “Карэлічы” сабралі з кожнага гектара па 66,6, 66,3 і 62,4 цэнтнера зерня з гектара, адпаведна.
Урадзіла кукуруза, пасеяная на  зерне, ураджайнасць якой склала больш 100 цэнтнераў з гектара, а  валавы збор дасягнуў                  11 337 тон. А рэкордныя ўраджаі “каралевы” палёў  атрыманы ў СВК “Лукі-Агра”, КСУП “Племзавод “Карэлічы”, СВК імя Чарняхоўскага, дзе з кожнага гектара  намалочана па 146, 130 і 132 цэнтнеры зерня.
Выдатна папрацавалі буракаводы, якія з кожнага гектара сабралі па 515 цэнтнераў “салодкіх карэнняў”, а ў СВК  імя Царука — па 644 ц,  “Маяк-Заполле” — 629 ц. Па папярэдніх  разліках валавы збор караняплодаў складзе 175 тысяч тон.
Па-ранейшаму высока трымаюць  марку льнаводы СВК “Маяк-Заполле”, якія  з плошчы 130 гектараў сабралі 155 т ільновалакна пры ўраджайнасці 11,9  цэнтнера з гектара.
Парадавалі сёлета бульбаводы раёна, якія пры ўраджайнасці 247 цэнтнераў  з гектара накапалі             10438 тон клубняў,  а ў СВК імя Царука са 142 гектараў сабрана 3141 тона, “Цырын-Агра” — з плошчы 140 гектараў накапалі 3747 тон.
Старанна папрацавалі ў бягучым годзе корманарыхтоўшчыкі, якія назапасілі на  адну ўмоўную галаву жывёлы па 30,6 ц кармавых адзінак травяністых кармоў, або на 5,2 ц больш, чым у папярэднім  годзе, што з’яўляецца лепшым паказчыкам у вобласці.
Хлебаробы забяспечылі сытную зімоўку грамадскаму пагалоўю жывёлы.  Павышаецца яе прадуктыўнасць. Так, за 10  месяцаў прыбаўка надою малака ад  кожнай каровы склала 148 кг і дасягнула  4363 кг, а ў СВК “Свіцязянка-2003” і “Лукі-Агра” ад кожнай каровы надаілі за гэты перыяд па 5208 і 5323 кг малака.
Павышаюцца якасныя паказчыкі малака, а ў авангардзе малочнай вытворчасці па гэтым паказчыку ідуць СВК “Жухавічы”, “Маяк-Заполле”, “Свіцязянка-2003”, імя  Царука.
Па стану на 1 кастрычніка 2011 года выручка ад рэалізацыі сельскагаспадарчай  прадукцыі склала 167 мільярдаў 211 мільёнаў рублёў супраць 99 мільярдаў 989 мільёнаў рублёў у 2010 годзе.
У аграрным сектары эканомікі аб’ём вытворчасці  валавай прадукцыі  склаў  за 10 месяцаў 2011 года 188 млрд 781 млн руб., рост да адпаведнага перыяду мінулага года складае 104,7 %.
За ўсім гэтым дзейнасць кіраўнікоў гаспадарак, спецыялістаў, загадчыкаў вытворчых участкаў, механізатараў, камбайнераў, вадзіцеляў, жывёлаводаў і паляводаў. Штодзённая напружаная праца ўсіх, хто  забяспечвае суайчыннікаў хлебам, мясам, малаком, гароднінай, садавінай і ў вялікім горадзе, і ў  самым маленькім паселішчы.
Выказваю ўсім працаўнікам аграпрамысловага комплексу раёна асаблівую  ўдзячнасць за самаадданую працу, віншую з прафесійным святам і жадаю здароўя, поспехаў ва ўсім і дабрабыту.

 

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.