Разам працуюць — разам святкуюць

Гасцінна сустракаў Палац культуры СВК “Маяк-Заполле” працаўнікоў палёў і ферм напярэдадні Дня работнікаў сельскай гаспадаркі і перапрацоўчай прамысловасці. У фае па традыцыі былі размешчаны выставы ўзораў вырашчанай прадукцыі, а яшчэ страў, прыгатаваных адмысловымі гаспадынямі з прадуктаў сельскай гаспадаркі. Першынство ў конкурсе падворкаў аспрэчвалі калектывы двух участкаў, да якіх далучыліся сёлета работнікі свінагадоўчага комплексу.
Эстэтычнае афармленне экспазіцыі і смак прыгатаваных страў ацэньвала прадстаўнічае журы, а таксама працаўнікі гаспадаркі, якія сабраліся на ўрачысты сход.
Пасля гэтай прыемнай прэлюдыі пачалося асноўнае мерапрыемства, якое адкрыў старшыня праўлення СВК І. М. Шыш.
Звяртаючыся да прысутных, Іван Мікалаевіч зазначыў, што да свайго свята працаўнікі кааператыва прыйшлі з добрымі паказчыкамі. Завершаны ўсе палявыя работы. Адпраўлены на перапрацоўку  апошнія тоны цукровых буракоў, якія парадавалі сёлета. Накапана 23 600 тон караняплодаў цукрыстасцю 16 %.
Сабраны багаты ўраджай зерневых. Кожны гектар даў па 60 цэнтнераў, а валавы намалот склаў 15 000 т. Нядрэнна ўрадзіла бульба, а са 130 га даўгунцу сабрана 155 т ільновалакна, ураджайнасць якога склала 11,9 ц з гектара.

У бягучым годзе плошчы пад кукурузаю былі павялічаны з 500 да 750 гектараў. З іх сабралі 24 000 тон сіласнай масы і 1 800 т зерня. У выніку на адну ўмоўную галаву жывёлы нарыхтавана па 34 ц кармавых адзінак фуражу.
Старанная праца не засталася незаўважанай, і нам была прадстаўлена ганаровая місія быць удзельнікамі рэспубліканскага фестывалю-кірмашу “Дажынкі-2011” у г. Маладзечна, дзе гаспадарцы ўручаны Дыплом за трэцяе месца ў рэспубліканскім спаборніцтве на нарыхтоўцы кармоў і грашовая прэмія ў суме 15 мільёнаў рублёў.

За гэтымі лічбамі стаіць напружаная праца механізатараў, спецыялістаў і іншых работнікаў.
Больш сціплыя паказчыкі ў жывёлагадоўлі. Але ў гэтай галіне ёсць значныя рэзервы, і наша задача задзейнічаць іх і вывесці малочную, і асабліва мясную жывёлагадоўлю, на дастойны ўзровень.

Нялёгкая праца земляроба. Тут не лічацца з часам, не звяртаюць увагі на выхадныя, а робяць сваю адвечную пачэсную сялянскую справу.
Дзякуй вам за гэта. Са святам вас! Жадаю здароўя, шчасця, ладу ў сем’ях і дабрабыту.
Старанныя работнікі заахвочаны грашовымі прэміямі. Затым адбыўся канцэрт мастацкай самадзейнасці.
А ў конкурсе падворкаў пераможцам прызнаны калектыў свінагадоўчага комплексу. Другое месца падзялілі 1-ы і 2-гі вытворчыя ўчасткі.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.