Успрымаецца з гонарам — па-гаспадарску шануецца

Чарговае пасяджэнне, на якім разглядаўся ход выканання пратакола даручэнняў старшыні  раённага выканаўчага камітэта па арганізацыі падрыхтоўкі і правядзенні Дня работнікаў сельскай гаспадаркі і перапрацоўчай прамысловасці АПК Гродзенскай вобласці, адкрыў і вёў кіраўнік раённай “вертыкалі” В. Л. Шайбак.
Віктар Леанідавіч нагадаў, што ўшаноўванне лепшых хлебаробаў вобласці адбудзецца, як і планавалася, 18 лістапада 2011 года. У гэты дзень мяркуецца паказаць гасцям усё лепшае, чым знакаміты Карэліцкі раён у вытворчай і сацыяльнай сферы, паказаць гісторыка-культурную спадчыну, якая засталася нам ад продкаў і мае сусветную славу.
У гэты дзень будуць наладжаны выставы-продажы прадукцыі перапрацоўчых прадпрыемстваў, спажывецкай кааперацыі, службы бытавога абслугоўвання насельніцтва і г. д.
Што датычыць добраўпарадкавання райцэнтра, то асноўны аб’ём работ, дзе асвоена восем мільярдаў рублёў з адзінаццаці, выкананы.
За гэты сціслы прамежак часу будаўнічымі арганізацыямі ўсіх форм уласнасці ўкладзена 35 000 м2 асфальтабетоннага пакрыцця, 9 000 м2 тратуарнай пліткі, больш 7 000 пагонных метраў тратуарнага і 4 000 метраў пагонных дарожнага бардзюраў.
Энергетыкамі РЭСа заменена на вуліцах Гастэлы і Савецкая больш як 5 000 метраў пагонных паветраных ліній электраперадачы на кабельныя, а спецыялістамі ААТ “Карэліцкая сельгастэхніка” на гэтых аб’ектах пракладзены больш 3000 метраў кабелю і ўстаноўлены больш 70 ліхтароў-таршэраў вулічнага асвятлення.
На вуліцах райцэнтра ўстаноўлена каля 2000 пагонных метраў бетоннай агароджы і драўлянага плоту.
Справіліся з выкананнем даручэнняў старшыні райвыканкама большасць суб’ектаў гаспадарання райцэнтра, а таксама кіраўнікоў сельвыканкамаў. Але, калі ў цэлым на аб’ектах добраўпарадкавання засталіся дробныя недапрацоўкі, на ўхіленне якіх спатрэбіцца і адведзена дзень-два, то шмат работы яшчэ ў г. п. Мір, на тэрыторыі МПМК-152, на аб’ектах райспажыўтаварыства і ў некаторых іншых арганізацыях і ўстановах.
У чарговы раз старшыня райвыканкама засяродзіў увагу кіраўнікоў пасялковага і сельскіх выканаўчых камітэтаў, сельскагаспадарчых прадпрыемстваў, камунальнай, санітарнай і дарожнай службаў на неабходнасці навядзення парадку на зямлі, у населеных пунктах, на прыдарожных палосах, на гаспадарчых дварах. І не толькі навядзенні, але і захаванні належнага санітарнага стану на ўсіх тэрыторыях, якія замацаваны за СВК, прамысловымі прадпрыемствамі, арганізацыямі і ўстановамі, месцах грамадскага карыстання, на асабістых падворках грамадзян.
Значнае месца было адведзена пытанням азелянення. У сувязі з гэтым камунальнай службе даручана высадзіць бярозкі ў скверы паміж кінатэатрам “Камсамолец” і гімназіяй №1 г. п. Карэлічы, на рэкультываваным зямельным участку мікрараёна па вуліцы Жалезняковіча разбіць алеі, а ўздоўж веладарожкі па вуліцы Гагарына аднавіць каштанавыя насаджэнні.
В. Л. Шайбак падкрэсліў, што спадзявацца толькі на раённы бюджэт  нельга. Многае могуць зрабіць без вялікіх выдаткаў жыхары райцэнтра, моладзь, школьнікі. Варта толькі арганізаваць іх, зацікавіць і накіраваць кіпучую энергію ў правільнае рэчышча.
Зробленае ўласнымі рукамі ўспрымаецца з гонарам і па-гаспадарску шануецца.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.