З кагорты працавітых

На жывёлагадоўчай ферме “Равіны”, што ў СВК “Свіцязянка-2003”, працуе невялікі, але дружны калектыў, які ўзначальвае Г. І. Лімант. Маючы багаты вопыт арганізатарскай работы, Галіна Іванаўна змагла згуртаваць жывёлаводаў дзеля дасягнення высокіх канчатковых вынікаў. У гэтай кагорце і аператар машыннага даення кароў Людміла Мікалаеўна Пашкевіч.


Дачка даяркі і калгаснага шафёра не вагалася з выбарам прафесіі, а адразу пасля заканчэння адзінаццаці класаў падала дакументы ў Ляхавіцкі саўгас-тэхнікум, дзе атрымала дыплом ветэрынарнага фельчара. Па накіраванні прыехала ў тагачасны калгас імя Гастэлы. Працавала па спецыяльнасці на фермах “Рамейкі”, “Шчонава”, “Русацін”, “Плужыны”.
Праз пэўны час выйшла замуж і разам з Вячаславам пераехалі ў Баранавіцкі раён. Працавалі ў калгасе “Пачапаўскі”.
Неўзабаве зноў вярнуліся ў Свіцязянскі край. Людміла працавала на малочнатаварнай ферме “Літараўшчына”, Вячаслаў уладкаваўся трактарыстам.
Зараз Людміла Мікалаеўна працуе на МТФ “Равіны”. І па водгуках галоўнага заатэхніка гаспадаркі, эканамічнай службы, працуе плённа. Яна ў ліку лідараў працоўнага спаборніцтва жывёлаводаў. За 2010 год надаіла ад кожнай з 60 кароў па 6500 кілаграмаў малака, а за 10 месяцаў 2011 — па 5177 кг.
Няма прэтэнзій і да Вячаслава Адамавіча, які працуе на трактары МТЗ-1221.
Стараннай працай яны заслужылі добраўпарадкаваны дом сядзібнага тыпу ў Варончы, дзе і жывуць са сваімі трыма дачушкамі.
Старэйшая Галіна — сапраўдная памочніца маме і  бацьку. Маме — у кухарскіх і кулінарных справах, бацьку — як абліцоўшчык-плітачнік.
У школе таксама добра вучыцца, аматар і завадатар спартыўных мерапрыемстваў. Займаецца лёгкай атлетыкай, футболам і баскетболам. І ў тым, што Варанчанская школа па апошніх двух відах спорту з’яўляецца чэмпіёнам раёна, ёсць і яе заслуга.
Галіна заканчвае адзінаццаць класаў і ўжо зараз узважвае сілы і веды для паступлення ў ВНУ, мяркуе стаць студэнткай БДТУ.
Дзесяцікласніца Таццяна закончыла мясцовую музычную школу па класу баяна, іграе на гітары. Паспяхова займаецца яна і ў агульнаадукацыйнай школе, заўзятая спартсменка.
Не адстае ад старэйшых сястрычак і сямікласніца Марыя. Праўда, яна больш займаецца мастацкай творчасцю: бісерапляценнем, вязаннем. Хоць мама з гонарам паказвае гасцям і вырабы Галіны і Таццяны.
Гэта сям’я была неаднаразовым удзельнікам раённых конкурсаў “Мнагадзетная  сям’я”. Прызавых месцаў не займала, але ўражанні засталіся на ўсё жыццё.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.