За творчую думку, за працу нястомную

Напярэдадні свайго прафесійнага свята — Дня работнікаў сельскай гаспадаркі і перапрацоўчай прамысловасці — у Карэлічы з’ехаліся прадстаўнічыя дэлегацыі перадавікоў аграпрамысловага комплексу вобласці.
Ім была прадстаўлена магчымасць азнаёміцца з дасягненнямі ў сацыяльна-эканамічным развіцці Карэліччыны, аб’ектамі добраўпарадкавання, наведаць жамчужыну сярэднявечнага дойлідства — Мірскі замак.
Затым месца дзеяння пераносіцца ў раённы Дом культуры, дзе адбыўся ўрачысты сход, прысвечаны прафесійнаму святу аграрыяў, які адкрыў старшыня Гродзенскага аблвыканкама С. Б. ШАПІРА.

— Паважаныя калегі, дарагія гродзенцы, — гаварыў Сямён Барысавіч. — Па традыцыі, кожны год у трэцюю нядзелю лістапада работнікі сельскай гаспадаркі і перапрацоўчай прамысловасці аграпрамысловага комплексу  адзначаюць сваё прафесійнае свята. У гэты дзень падводзяцца вынікі зробленага, ушаноўваюцца лепшыя працаўнікі, ставяцца задачы на перспектыву.

Сёння ў зале сабраліся дэлегацыі ўсіх раёнаў вобласці, перадавікі і ветэраны сельскагаспадарчай вытворчасці.

Нялёгка прыходзілася сёлета аграрыям. Але завяршаючы сельскагаспадарчы год, мы з задавальненнем канстатуем, што галіна сельскай гаспадаркі  працавала лепш, чым у мінулым годзе. Зерневых і зернебабовых без кукурузы мы сабралі 1 мільён 400 тысяч тон, пры сярэдняй ураджайнасці 41,2 цэнтнера з гектара, што традыцыйна з’яўляецца лепшым паказчыкам у нашай краіне. З дзесяці сельскагаспадарчых арганізацый, якія атрымалі найвышэйшую ўраджайнасць у рэспубліцы, шэсць — нашы. Сярод  іх  — СВК “Свіслач” Гродзенскага раёна, дзе намалочана па 86,1 ц зерня з гектара, “Прагрэс-Верцялішкі”, які намалаціў 84,8 ц з гектара, імя Варанецкага Бераставіцкага раёна, дзе атрымана 84,2 ц, імя В. І. Крэмко Гродзенскага раёна — 79,4 цэнтнера, імя Адама Міцкевіча Мастоўскага раёна — 78,7 цэнтнера, “Абухава” Гродзенскага раёна — 73,5 ц з гектара. Гэтыя кааператывы з’яўляюцца эталонамі высокаінтэнсіўнага гаспадарання на зямлі і не ўступаюць аграрыям развітых краін Еўропы і свету.


Кожны год мы называем лепшых работнікаў вёсак, і кожны год іх становіцца ўсё больш, бо добрых людзей, адданых сваёй справе, у нас нямала. Самыя лепшыя з іх — старшы камбайнер СВК “Прагрэс-Верцялішкі” Леанід Трусь, які намалаціў 5178 тон, камбайнер СВК імя В. І. Крэмко Гродзенскага раёна, Іван Хомчанка, намалаціўшы 4997 т, Антон Іадкоўскі, старшы камбайнер СВК імя Варанецкага Бераставіцкага раёна, намалаціўшы 4706 т, Аляксандр Арцыман, вадзіцель СВК “Абухава” Гродзенскага раёна, Вацлаў Саўко, вадзіцель ПП “Новы Двор—Агра” Свіслацкага раёна, Эдуард Эстэровіч, вадзіцель СВК “Ніва-2003” Гродзенскага раёна.
Парадавалі сёлета буракаводы вобласці. Валавы збор караняплодаў склаў больш 1 мільёна 750 тысяч тон — гэта амаль 40 працэнтаў ад агульнарэспубліканскай вытворчасці. Мы атрымалі ўраджайнасць 510 цэнтнераў з гектара. Такім паказчыкам могуць ганарыцца многія краіны свету. Мы забяспечваем салодкім коранем не толькі свой цукровы завод, але і яшчэ тры аналагічныя прадпрыемствы рэспублікі.
Створаны добрыя перадумовы для далейшага  нарошчвання вытворчасці прадукцыі жывёлагадоўлі. Для поўнага забеспячэння жывёлы зернефуражом намалочана, як сказана раней, 1 млн 400 тысяч тон зерневых і 327 тысяч тон зерня кукурузы. На адну ўмоўную галаву жывёлы нарыхтавана па 32 ц карм. адзінак.
Сярод лепшых корманарыхтоўшчыкаў вобласці С. Б. Шапіра назваў і камбайнера СВК імя Царука Мікалая Мароза.

— Добрых слоў заслугоўваюць жывёлаводы, — гаварыў Сямён Барысавіч. — Вытворчасць прадукцыі гэтай галіны павялічана ў асноўным за кошт росту прадуктыўнасці. У нас самыя высокія сярэднясутачныя прывагі буйной  рагатай жывёлы — 673 грамы, свіней — 583 грамы, надой ад каровы складае больш як 4 тысячы кілаграмаў малака.
Некалі па надоях нас абганяла Міншчына. Сёлета  з гонарам можам сказаць, што і па гэтым паказчыку мы таксама першыя.
Гэтага ўдалося дасягнуць дзякуючы мэтанакіраванай рабоце па ўдасканаленню тэхналагічнай асновы вытворчасці, рэканструкцыі і будаўніцтву новых малочнатаварных фермаў. Да канца года плануецца завяршыць будаўніцтва яшчэ 23 жывёлагадоўчых фермаў і комплексаў, на якіх, з улікам наяўных жывёлагадоўчых аб’ектаў, будзе ўтрымлівацца 50 працэнтаў дойнага статку. Гэта дазволіць стварыць нармальныя ўмовы для работы жывёлаводаў. А ў 2012 годзе мяркуецца пабудаваць у кожным раёне яшчэ па два такія ж комплексы.


Агульны поспех справы ў развіцці жывёлагадоўлі  забяспечвае шматлікі калектыў працаўнікоў ферм і комплексаў. Сярод іх аператар машыннага даення кароў раённага ўнітарнага СВК “Масаляны” Бераставіцкага раёна Марына Садаўнічая, якая надаіла за 10 месяцаў ад адной каровы 7786 кг малака; аператар па вырошчванні і адкорме маладняку БРЖ СВК “Алекшыцы” гэтага ж раёна Алена Ігнатовіч, якая забяспечыла ад замацаванай групы ў 520 галоў сярэднясутачную прывагу 1211 грамаў; аператар па адкорме свіней свінагадоўчага комплексу “Шылавічы” Ваўкавыскага раёна Павел Данько, які забяспечыў па замацаванай групе з 3000 галоў свіней сярэднясутачную прывагу 774 грамы і іншыя.
Дзякуючы працаўнікам вёскі за дзесяць месяцаў бягучага года прадпрыемствы-перапрацоўшчыкі адправілі на экспарт прадукцыі на суму 300 мільёнаў долараў, тым самым забяспечылі прыток валюты, так неабходнай рэспубліцы.
Нашу прадукцыю ведаюць і любяць за мяжою, дзе яна не раз была ўдастоена ўзнагарод. Усяго экспартуем малочную, мясную і прадукцыю тэхнічнага прызначэння ў 20 краін свету.

Разам з працаўнікамі палёў і ферм вялікі ўклад у агульную справу ўносяць шматлікія калектывы абслугоўваючых арганізацый АПК. Гэта — аблсельгастэхніка, будаўнічыя арганізацыі, вучоныя, навучальныя ўстановы аграрнага профілю і многія іншыя.
Хацеў бы ў гэты знамянальны дзень звярнуцца да ветэранаў-аграрыяў нашай вобласці са словамі найглыбейшага прызнання. Дзякуй вам, паважаны Мікалай Васільевіч Галай, Мечыслаў Іванавіч Гіруць, Міхаіл Аляксандравіч Логвін, Уладзімір Андрэевіч Рудзячэнка, Лідзія Аркадзьеўна Белабокая, Вінцэнты Іванавіч Казяк, Мікалай Рыгоравіч Зданчук, Іван Баляслававіч Тарасевіч, Мечыслаў Іванавіч Санько, Вера Віктараўна Калач, Уладзіслаў Аляксандравіч Вашкевіч, Уладзімір Аляксандравіч Дзяшук і многім іншым за ўклад у станаўленне аграпрамысловага комплексу Гродзеншчыны.
Мы кормім людзей. А каб у кожнага ў Беларусі быў багаты стол — на гэта накіравана палітыка нашай суверэннай дзяржавы, і ў гэтым вялікая заслуга Прэзідэнта — чалавека ад зямлі,— зазначыў С. Б. Шапіра.
Сямён Барысавіч выказаў словы падзякі першаму намесніку старшыні аблвыканкама І. А. Жуку, старшыні камітэта па сельскай гаспадарцы  і харчаванню аблвыканкама У. Э. Руку, шматлікай арміі кіраўнікоў раёнаў, гаспадарак, спецыялістам, работнікам сацыяльнай сферы — усім, хто разам з аграрыямі дзеліць нялёгкую сялянскую долю.
Сямён Барысавіч выказаў прапанову арганізаваць у зімовы перыяд, калі ў вяскоўцаў хоць крыху ёсць вольны час, арганізаваць у санаторыях і дамах адпачынку аздараўленне сялян, спецыялістаў і кіраўнікоў гаспадарак.


На ўрачыстым сходзе больш як трыста лепшых працаўнікоў аграпрамысловага комплексу Гродзеншчыны атрымалі заслужаныя ўзнагароды, грашовыя прэміі і каштоўныя падарункі аблвыканкама, абласнога Савета дэпутатаў, абкама ГА “БРСМ”, галіновага прафсаюза і дырэкцый перапрацоўчых прадпрыемстваў.
Сярод узнагароджаных васямнаццаць прадстаўнікоў нашага раёна. Гэта намеснік старшыні СВК імя Чарняхоўскага, галоўны бухгалтар А. П. Варэнік, галоўны інжынер СВК “Лукі-Агра” Г. А. Жыгала, трактарыст-машыніст СВК імя Царука М. А. Мароз, старшыня прафкама, старшы майстар ААТ “Карэлічы-Лён” А. Л. Ляліна, вадзіцель СВК Свіцязянка-2003″ М. І. Найба, трактарыст-машыніст СВК “Лукі-Агра” А. М. Штэйн, трактарыст-машыніст СВК “Жухавічы” У. М. Драткоўскі, трактарыст-машыніст СВК “Сві-цязянка-2003” Ю. М. Пліско, аператар СЗК-10 СВК “Маяк-Заполле” К. П. Чубрык, аператар па адкорме маладняку БРЖ СВК “Свіцязянка-2003”  А. І. Жылін, тэхнік па штучным асемяненні жывёлы СВК “Маяк-Заполле” М. А. Трусевіч, аператар машыннага даення кароў СВК “Лукі-Агра” А. М. Пасталоўская, старшыня СВК “Свіцязянка-2003” У. А. Галавач, старшы камбайнер СВК “Маяк-Заполле” Ю. А. Напорка, камбайнер СВК “Маяк-Заполле” Л. А. Напорка, слесар-наладчык ААТ “Карэлічы-Лён” У. А.   Галушка, аператар ДП “Птушкафабрыка “Чырвонаармейская” Л. М. Грамыка, былы намеснік начальніка райсельгасхарчу В. Д. Мітлашкоў.
Іх уручалі і віншавалі ўзнагароджаных старшыня аблвыканкама С. Б. Шапіра, яго першы намеснік І. А. Жук, старшыня камітэта па сельскай гаспадарцы і харчаванню аблвыканкама У. Э. Рук, старшыня абласнога Савета дэпутатаў А. М. Наумовіч, першы сакратар абкама ГА “БРСМ”   Ю. М. Аляксей, старшыня рэспубліканскага камітэта прафсаюза работнікаў АПК У. Ф. Наумчык і іншыя.
Дасягненні ў АПК вобласці сведчаць, што словы пахвалы і ўдзячнасці хлебаробы заслужылі нястомнай працай. А значыць маюць права і на адпачынак.
Завяршыўся ўрачысты сход святочнай канцэртнай праграмай, якую падрыхтавалі лепшыя калектывы мастацкай самадзейнасці вобласці.
А ў фае РДК працавалі выставы-дэгустацыі прадукцыі перапрацоўчых прадпрыемстваў, выставы-продажы вырабаў майстроў народнай творчасці, а на плошчы працавалі гандлёвыя рады спажывецкай кааперацыі, суб’ектаў іншых форм уласнасці.

 

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.