Зямля, што нам дадзена лёсам

Урачыста адзначылі сваё прафесійнае свята — Дзень работнікаў сельскай гаспадаркі і перапрацоўчай прамысловасці аграпрамысловага комплексу — працаўнікі сельскагаспадарчых вытворчых кааператываў, прамысловых прадпрыемстваў, абслугоўваючых арганізацый. А напярэдадні свята перадавікі сельскагаспадарчай вытворчасці, ветэраны, кіраўнікі выканаўчай і распарадчай улады, раённых службаў сабраліся ў раённым Доме культуры, каб разам падвесці вынікі сельскагаспадарчага года, ушанаваць лепшых працаўнікоў, намеціць планы на перспектыву.
Гучыць Дзяржаўны гімн Рэспублікі Беларусь, і ўрачысты сход    аб’яўляецца адкрытым. На экране — кадры відэафільма “Зямля, што нам дадзена лёсам”, якія расказваюць пра дасягненні ў сацыяльна-эканамічным развіцці Карэліцкага раёна, нашых знакамітых землякоў, славутыя мясціны Прынёманскага краю.

Да мікрафона запрашаецца старшыня раённага выканаўчага камітэта В. Л. Шайбак, якому ўручаецца святочны каравай.

Віктар Леанідавіч павіншаваў удзельнікаў сходу, ветэранаў сельскагаспадарчай вытворчасці і ўсіх прысутных са святам і зазначыў, што на гэтай сустрэчы належыць падвесці вынікі зробленага за год, параіцца, што будзем рабіць заўтра, як будзем жыць.
— Сельская гаспадарка, — гаварыў ён, — самая галоўная галіна вытворчасці ў нашай дзяржаве. І сёння больш як 7 мільярдаў долараў, якія атрымала краіна ад рэалізацыі прадукцыі сельскагаспадарчай вытворчасці, з’яўляюцца здабыткам нашых сялян і папоўнілі скарбонку дзяржавы.
У нашым раёне вытворчасць малочнай прадукцыі складае ў суме больш 80 мільярдаў рублёў, больш 70 мільярдаў рублёў мяса, больш чым 25 мільярдаў рублёў цукровых буракоў і іншай прадукцыі.

Мы сёння забяспечваем сыравінаю ААТ “Навагрудскі масларобчы камбінат”, ААТ “Слонімскі мясакамбінат”, Гарадзейскі цукровы завод. Мы дапамагаем тром раёнам выконваць прагнозныя паказчыкі па вытворчасці прамысловай прадукцыі.
Хацелася б мець гэта ўсё ў сябе. У такім выпадку мы мелі б дзве дабаўленыя вартасці ад выпуску і рэалізацыі прамысловай прадукцыі. Але так склалася, што мы вырошчваем, а іншыя перапрацоўваюць.
Сёння мы выказваем удзячнасць ветэранам сельскагаспадарчай вытворчасці, якія заклалі аснову аграпрамысловага комплексу раёна, дзякуючы творчай, нястомнай працы якіх закладзены трывалы падмурак нашым сённяшнім здабыткам.
Кожны год мы ўкладваем значныя інвестыцыі ў будаўніцтва, рэканструкцыю і мадэрнізацыю аб’ектаў жывёлагадоўлі. Набываем сучасную тэхніку і абсталяванне, неабходныя для вытворчасці мяса і малака.

Мы будуем новыя малочнатаварныя комплексы і фермы. Такі аб’ект паспяхова дзейнічае ў СВК “Жухавічы”, сучасная ферма ўзводзіцца ў СВК “Свіцязянка-2003”, комплекс у СВК імя Чарняхоўскага, шмат зроблена ў ДП “Птушкафабрыка “Чырвонаармейская”. І сёння птушкафабрыка знаходзіцца ў “залатой” сярэдзіне сярод аналагічных прадпрыемстваў рэспублікі.
Важна, што сродкі, укладзеныя ў эканоміку, акупляюцца стараннай працай нашых жывёлаводаў, механізатараў, спецыялістаў, кіраўнікоў гаспадарак.
На гэтай зямлі, у гэтым краі я нарадзіўся і вырас, тут пачалася і працягваецца мая працоўная біяграфія. Таму ўдвая прыемна сёння  гутарыць з вамі, радавацца вынікам нашай сумеснай працы  на зямлі.

Напярэдадні ў нашым раёне адбыліся абласныя “Дажынкі”. Мы ўдзячны абласному выканаўчаму камітэту за фінансавую падтрымку, іх падрыхтоўку і правядзенне. Многае зроблена па добраўпарадкаванні г. п. Карэлічы. За кароткі прамежак часу выканана і аплочана работ на аб’ектах на сумму 7,4 мільярда рублёў. У цэлым на аднаўленне вуліц райцэнтра выдаткавана 11,5 мільярда рублёў. Сумма значная, таму хацелася б, каб зробленае шанавалася і доўга служыла людзям і радавала іх.
Сёння хачу выказаць вялікую ўдзячнасць кіраўнікам і спецыялістам, якія шчыруюць на нашай карэліцкай зямлі. Больш 80 ц зерня з гектара атрымлівае загадчык вытворчага ўчастка СВК “Жухавічы” В. М. Грамыка. Каля 700 ц з гектара салодкіх карэнняў атрымліваюць не на самых урадлівых землях СВК імя Царука, дзе загадчыкам участка з’яўляецца І. Я. Крывіцкі,  стабільна, па 600-700 цэнтнераў караняплодаў з гектара збіраюць у першым вытворчым участку СВК “Маяк-Заполле”, які ўзначальвае І. П. Гавака.

Усе валаўтвараючыя гаспадаркі раёна, а  гэта СВК “Маяк-Заполле”, “Жухавічы”, ДП “Птушкафабрыка “Чырвонаармейская”, СВК “Свіцязянка-2003”, з’яўляюцца лідарамі па вытворчасці малака. Дзякуй вам, паважаныя кіраўнікі, дзякуй вам, галоўныя спецыялісты.
Не магу не выказаць словы ўдзячнасці галоўнаму заатэхніку СВК “Свіцязянка-2003” В. К. Саўко, галоўнаму аграному гэтай жа гаспадаркі А. А. Мяцеліцы, галоўнаму заатэхніку СВК “Жухавічы” А. А. Кокала і галоўнаму ветурачу І. М. Саўко, з душою працуе на  МТК “Жухавічы” М. В. Баранаева. Гэта яе заслуга, што як здалі ў эксплуатацыю комплекс ва ўзорным парадку, так ён сёння і ўтрымліваецца. Радуюць і надоі малака, іншыя вытворчыя паказчыкі.
Шмат увагі і сродкаў накіравана на развіццё жывёлагадоўлі і раслінаводства. Але не застаецца ў баку і сацыяльная сфера. Яскравым сведчаннем гэтаму з’яўляюцца 278 дамоў, у якіх справілі наваселлі лепшыя працаўнікі аграпрамысловага комплексу. Будаўніцтва жылля ў вёсцы прадоўжыцца і ў наступным годзе. Мяркуецца ўвесці больш дваццаці дамоў. Адзінаццаць з іх будзе будаваць у Райцы кіраўнік СВК “Свіцязянка-2003” У. А. Галавач. Гэта вельмі важна, бо, як сцвярджае прымаўка: “Пад ляжачы камень вада не цячэ”, а калі чалавек займаецца стваральнай працай, то і гаспадарка развіваецца дынамічна і дабрабыт сялян павышаецца.
Хачу выказаць словы ўдзячнасці механізатарам СВК “Маяк-Заполле” М. І. Багушэвічу, М. Я. Капуры, В. А. Фалько, механізатару СВК імя Чарняхоўскага М. М. Скібе, М. А. Марозу з СВК імя Царука.

Шчырыя словы ўдзячнасці выказваю галоўнаму інжынеру СВК “Лукі-Агра” Г. А. Жыгалу, кіраўнікам гаспадарак, а таксама педагогам і школьнікам, якія вучаць нашых дзетак, а вучні дапамагаюць дарослым убіраць ураджай.
Дзякую сёння калектывам перапрацоўчых і абслугоўваючых арганізацый, медыцынскім работнікам і работнікам культуры. Яны падтрымліваюць хлебаробаў, а ўлада клапоціцца аб сферы аховы здароўя, аб чым сведчыць кардынальнае абнаўленне і перааснашчэнне цэнтральнай раённай бальніцы, культасветустаноў.
Сёлета нашы паказчыкі вядомыя. Валавы намалот зерневых і зернебабовых склаў 101 387 тон пры ўраджайнасці 50,4 ц зерня з гектара, 172 тысячы тон цукровых буракоў пры сярэдняй цукрыстасці 16,53 працэнта, сярэдняя ўраджайнасць 515 ц з гектара. Гэта адзін з лепшых паказчыкаў у вобласці. Наш раён з’яўляецца лідарам па вытворчасці льновалакна.
Мы займаем  чацвёртае месца ў вобласці па вытворчасці малака, такое ж месца па ўраджайнасці сельгаскультур. Раён жыве і развіваецца дзякуючы добрасумленнай працы ветэранаў,  энтузіязму  і творчасці  маладых. Але моладзь трэба падтрымліваць ва ўсім. І прыкладам  клапатлівай работы з ма- ладымі спецыялістамі з’яўляецца кіраўнік СВК “Свіцязянка-2003” У. А. Галавач. Адсюль  і высокія  паказчыкі  як  у малочнай жывёлагадоўлі, так і ў раслінаводстве.
У гэтым  кааператыве ўзводзіцца  сучасная  малочнатаварная ферма, а яшчэ адна ў перспектыве. Чаму? Ды таму, што ў гэтай гаспадарцы ёсць генетыка, ёсць патэнцыял і ёсць прадуктыўнасць, а самае галоўнае — ёсць кадры,  здольныя  вырашаць  самыя складаныя праблемы.
Кадры  — залаты  фонд  нашага  раёна, значную частку іх складае працоўнае сялянства. Гэта дзякуючы іх укладу ствараецца харчовая бяспека краіны, а на стале белару- саў ёсць хлеб і да хлеба.

Са святам вас, дарагія працаўнікі  палёў і фермаў, перапрацоўчых  і абслугоўваючых прадпрыемстваў, арганізацый і ўстаноў! Са святам вас, ветэраны! Віншую вас, маладыя спецыялісты і работнікі масавых прафесій. Добрага  вам  настрою,  моцнага  здароўя, шчасця і радасці, дабрабыту і спакою ў кожным доме.
Затым старшыня  райвыканкама В. Л. Шайбак  уручыў пераможцам раённага спаборніцтва  на ўборцы ўраджаю і нарыхтоўцы кармоў у 2011 годзе сярод гаспадарак, вытворчых участкаў, механізатараў, вадзіцеляў, звенняў па дапрацоўцы зерня, сціртаванні саломы, камбайнавых экіпажаў, прызы імя Герояў Сацыялістычнай Працы, Дыпломы райвыканкама і грашовыя прэміі.

Узнагароды райсавета дэпутатаў пераможцам уручыў старшыня  раённага Савета дэпутатаў А. В. Шкадаў.
Пераможцаў спаборніцтва сярод маладых віншавала і ўручала ўзнагароды першы сакратар РК ГА “БРСМ” Н. У. Швец.
У час уручэння заслужаных узнагарод пераможцам спаборніцтва Віктар Леанідавіч знайшоў для кожнага шмат цёплых, шчырых слоў удзячнасці за творчую, самаадданую працу. Разам з тым кіраўнік раённай “вертыкалі” акрэсліў задачы, якія належыць вырашыць  у перспектыве работнікам  аграпрамысловага комплексу  ў галіне раслінаводства і жывёлагадоўлі, назваў рэзервы і магчымасці гаспадарак, той патэнцыял, за кошт якога можна значна павысіць эфектыўнасць гаспадарання, дабіцца высокіх канчатковых вынікаў.

Апошнім часам гаспадаркі раёна значна папоўніліся  маладымі, энергічнымі спецыялістамі. І ў гэты святочны  дзень са словам на дарогу да іх звярнуўся старшыня  райвыканкама  В. Л. Шайбак, які пажадаў ім хуткага прафесійнага станаўлення, узыходжання па службовай лесвіцы і важкіх вытворчых здабыткаў.
Разам з тым Віктар Леанідавіч заклікаў кіраўнікоў  кааператываў  і начальніка  райсельгасхарчу  С. В. Барычэўскага па-бацькоўску адносіцца  да маладога папаўнення, быць мудрымі дарадцамі і настаўнікамі, шчырымі, добразычлівымі калегамі, не ўтойваць свайго вопыту і ведаў ад маладой змены,  а дапамагчы цвёрда стаць на зямлі, адчуць сябе яе гаспадарамі. “Ад гэтага мы будзем  яшчэ  мацнейшыя, — падкрэсліў старшыня  райвыканкама”.
В. Л. Шайбак  пажадаў  удзельнікам  ме- рапрыемства поспехаў ва ўсіх справах, моцнага здароўя,  шчасця  і радасці ад кожнага працоўнага дня.
На свяце працавалі выставы вырабаў майстроў і аматараў народнай  творчасці,  прадукцыі перапрацоўчых прадпрыемстваў, гандлёвыя рады.
Завяршылася свята канцэртнай праграмай, якую падрыхтавалі калектывы мастацкай самадзейнасці раёна.

 

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.