Дзеці ў хаце і хлеб на стале

Часта мы дарэмна скардзімся на лёс і не заўважаем простых, але вечных ісцін, што шчасце побач, толькі разгледзець яго трэба, зразумець. Яно — у нашых родных і блізкіх, якія любяць і паважаюць нас, у працы, якая нясе стваральную моц, нарэшце, у блакітным небе ды шчабятанні птушак. Проста спыніцца трэба і адчуць, убачыць гэта.
Маладая настаўніца з вёскі Цырын Святлана Міхайлаўна Качкарык даўно ведае простую і мудрую ісціну: шчасце — гэта дзеці ў хаце і хлеб на стале. За дзесяць гадоў шчаслівага замужжа ўпэўнівалася ў гэтым не раз. Муж Святланы Сяргей працуе ў мясцовай гаспадарцы вадзіцелем, і доказам таму, што яго справа па душы, стала прызавое месца ў спаборніцтве сярод маладых вадзіцеляў на адвозцы зерня падчас уборачнай, а пазней і атрыманая ва ўрачыстай абстаноўцы ўзнагарода.
Сяргей і Святлана, абодва карэнныя вяскоўцы, ведалі адзін аднаго з маленства, разам у школу бегалі, сябравалі. Як гэта часта бывае, сяброўства перарасло ў каханне. Пасля вяселля маладыя пяць гадоў жылі і працавалі ў г. Баранавічы: Святлана ў дзіцячым садку выхавальнікам, Сяргей сталяром у лакаматыўным дэпо. Маладой сям’і жылося няпроста: свайго кутка яшчэ не было, здымалі кватэру. Ды і пасля вясковага прастору цеснавата было ў гарадской “шпакоўні”. Таму на сямейным савеце вырашылі вяртацца ў вёску, бліжэй да бацькоў. Сяргей, якога ўвесь час цягнула за руль, нарэшце заняўся любімай справай, а Святлана, якая вучылася завочна ў Баранавіцкім дзяржуніверсітэце, пасля дэкрэтнага водпуску ўжо некалькі гадоў працуе настаўнікам пачатковых класаў Цырынскай сярэдняй школы. Праўленне гаспадаркі дапамагло маладой сям’і з жыллём: спачатку выдзелілі двухпакаёвую кватэру, цяпер жывуць у новенькім катэджы.
Найдаражэйшае багацце сям’і — сыны Аляксей і Мікіта. Старэйшы — надзейны памочнік, малодшы — уцеха. Святлана лічыць, што галоўнае ў адносінах —  разумець дзіця, стаць яму сябрам. Гэтае правіла распаўсюджваецца не толькі на сыноў, але і на вучняў, для якіх яна стала другой  мамай.
—    Выхоўваць дзяцей трэба на асабістым прыкладзе, — упэўнена малады педагог. — І вельмі важна, каб гэты прыклад быў станоўчым.
На пытанне, ці шчаслівы яна чалавек, Святлана адказала проста: ”Так. Я лічу сябе шчаслівай, бо ёсць у сям’і ўзаемаразуменне, дзеці ў хаце і хлеб на стале”.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.