Дзяржава “адказвае” за 8 лічбавых тэлеканалаў

Беларусь плануе да 2015 года цалкам перайсці на лічбавае вяшчанне. А Міністэрства сувязі і інфарматызацыі прапануе пачаць адключэнне аналагавага тэлебачання ўжо з 2012-га. Ці гатовы да гэтага людзі? Колькі тэлеканалаў дазволіць прымаць “лічба”? Як будзе забяспечвацца магчымасць прыняцця лічбавага сігналу ў кожнай сям’і? На гэтыя пытанні карэспандэнту “Звязды” адказаў Максім Цофін, начальнік упраўлення электронных СМІ Міністэрства інфармацыі Беларусі.
— Сёння шмат кажуць аб пераходзе на лічбавае тэлебачанне. Што гэта такое і ў чым яго перавага перад аналагавым вяшчаннем?
— Існуе шэраг розных тэхналогій давядзення да гледачоў тэлевізійных праграм у лічбавым фармаце. Гэта добра вядомае многім кабельнае тэлебачанне, ІPTV, мабільнае і іншыя. Сёння ж мы спынімся на эфірным лічбавым вяшчанні стандарту DVB-T. У нашай краіне рэалізуецца Дзяржаўная праграма ўкаранення лічбавага тэлевізійнага і радыёвяшчання да 2015 года. Адна з асноўных яе задач — забеспячэнне насельніцтва высакаякасным шматпраграмным тэлебачаннем. Шматпраграмнасць жа будзе забяспечвацца праз тое, што ўвядзенне ў дзеянне аднаго лічбавага перадатчыка дазваляе вызваліць палосы радыёчастот адразу некалькіх тэлевізійных каналаў. У адным радыёчастотным канале лічбавага вяшчання можна перадаць 8-12 тэлевізійных праграм з высокай якасцю. Памножыўшы лічбу радыёчастотных каналаў, якія вызваляюцца пры адключэнні аналагавага тэлебачання (напрыклад, на 8), можна ўбачыць, у колькі разоў павялічыцца колькасць тэлепраграм, якія транслююцца.
— Якім шляхам будзе забяспечана магчымасць прымаць лічбавы сігнал у кожным куточку Беларусі: будзе правярацца кожны дом, сям’я, ці ёсць у іх адпаведны тэлевізар ці спецыяльная прыстаўка?
— На тэрыторыі, дзе жыве больш за 94 працэнты насельніцтва краіны, ужо сёння арганізавана вяшчанне ў фармаце DVB-T 8 тэлевізійных праграм: Беларусь-1, Беларусь-2, АНТ, СТБ, “НТБ-Беларусь”, “РТР-Беларусь”, “8 канал” і “Мір”. Цяперашні перыяд — пераходны, і таму сёння тэлепраграмы ў “лічбе” транслююцца паралельна з праграмамі ў аналагавым фармаце. Для арганізацыі такой трансляцыі (у двух фарматах адначасова) дзяржава марнуе немалыя сродкі.
Да 2015 года краіна павінна цалкам перайсці на “лічбу”. Адключэнне аналагавага вяшчання не будзе імгненным. Плануецца праводзіць гэтую працу паэтапна, каб пераход для насельніцтва не быў балючым і кожны змог набыць неабходнае прыёмнае абсталяванне. Перш за ўсё размова ідзе аб спецыяльнай прыстаўцы для прыёму лічбавага сігналу на звычайным тэлевізары. Сучасныя тэлевізійныя прыёмнікі, як правіла, ужо маюць убудаваны модуль для прыёму лічбавага сігналу. Купляючы сабе тэлевізар, неабходна звяртаць на гэта асаблівую ўвагу. Абвострана пытанне прыёму насельніцтвам тэлевізійнага сігналу ў лічбавым фармаце на тэрыторыі малых населеных пунктаў з нізкай шчыльнасцю забудовы. Таму пры распрацоўцы графіка паэтапнага адключэння аналагавага вяшчання будзе ўлічвацца меркаванне аблвыканкамаў, якія, у сваю чаргу, павінны прааналізаваць сітуацыю ў сваім рэгіёне.
— Ці дастаткова ў крамах такіх прыставак? І колькі ў сярэднім яна каштуе? Што будуць рабіць, калі ў кагосьці проста не будзе грошай для таго, каб яе набыць?
— На жаль, айчынныя вытворцы тэлевізійнай тэхнікі своечасова не зарыентаваліся і спазніліся, на наш погляд, з засваеннем і выпускам прыёмнай апаратуры. Сёння сітуацыя выпраўляецца. Вытворцы і гандаль прапануюць насельніцтву шырокі выбар мадэляў тэлевізараў і прыставак. Кошт прыставак складае прыкладна ад 250 тысяч беларускіх рублёў. Аказанне ж дапамогі малазабяспечаным грамадзянам у набыцці прыёмнага абсталявання для прагляду тэлевізійных праграм у лічбавым фармаце можа быць арганізавана на месцах, па меркаванні кіраўнікоў мясцовых выканаўчых і распарадчых органаў. Ёсць і іншыя механізмы забеспячэння насельніцтва тэлевізійнымі прыстаўкамі. Напрыклад, на тэрыторыі Мінскага раёна арганізавана камерцыйнае вяшчанне ў лічбавым фармаце, і аператар прадастаўляе сваім абанентам неабходнае абсталяванне.
— Дык колькі ж каналаў змогуць прымаць тэлевізары пасля ўвядзення “лічбы”? І ці будзе іх у вёсках столькі ж, колькі і ў буйных гарадах і сталіцы?
— Як я ўжо казаў, сёння на тэрыторыі краіны арганізавана трансляцыя ў лічбавым фармаце 8 тэлепраграм. Гэта так званы “сацыяльны пакет”, і дзяржава адказвае за яго трансляцыю. Далейшае павелічэнне колькасці праграм залежыць ад суб’ектаў гаспадарання, якія прадастаўляюць вышэйназваны від паслуг. Напрыклад, у Мінскім раёне, калі ты становішся абанентам камерцыйнага тэлебачання, можна прымаць у “лічбе” дадаткова 21 тэлепраграму. Па такім шляху могуць пайсці і ў іншых рэгіёнах Беларусі.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.