Год вялікіх урокаў

Амаль 50 пытанняў і больш за 4 гадзіны адкрытай размовы ў прамым эфіры без купюр — такі фармат набыла выніковая прэс-канферэнцыя кіраўніка беларускай дзяржавы для прадстаўнікоў беларускіх і замежных СМІ. Магчымасць задаць Прэзідэнту свае глабальныя і не вельмі пытанні атрымалі не толькі замежныя госці, прадстаўнікі цэнтральных тэлеканалаў і выданняў, але і журналісты з усіх рэгіёнаў краіны. Запрасілі і прадстаўнікоў так званых “незалежных” СМІ. Аляксандр Лукашэнка максімальна карэктна адказаў нават на “нязручныя” пытанні. І ўжо зусім збянтэжыў тых, хто відавочна прыйшоў “па смажанае”, калі папрасіў расказаць анекдот пра самога сябе. І пасмяяўся разам з усімі.

 

2012 ГОД БУДЗЕ НАШМАТ ЛЯГЧЭЙШЫМ

“Наступны год чакаецца нават лепшым па ўсіх параметрах эканамічнага развіцця, чым самыя лепшыя гады, калі мы жылі нядрэнна, — падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка. — Думаю, вы ўжо пазнаёміліся з асноўнымі кірункамі развіцця нашай дзяржавы на будучы год. Па ВУП гэта 105-106 % і ўсе астатнія паказчыкі, якія вынікаюць адгэтуль. І гэтыя паказчыкі абсалютна забяспечаны ўсім неабходным”.
Падводзячы вынікі 2011 года, ён сказаў: “Я не хацеў бы, каб падобны год яшчэ паўтарыўся ў маім жыцці прэзідэнцкім… Але больш за ўсё я не хацеў бы, каб ён паўтарыўся ў гісторыі нашай краіны. Гэта быў вельмі складаны і няпросты год”.
Кажучы пра эканамічныя аспекты, Прэзідэнт Беларусі нагадаў: “Вы ведаеце: у нас эканоміка адкрытая, экспартаарыентаваная. Вы выдатна ведаеце, што мы велізарную колькасць рэсурсаў закупляем за межамі краіны і пастаўкі гэтых рэсурсаў манапалізаваны па пэўных прычынах”. Летась для беларускай эканомікі цэны на сыравіну, матэрыялы, камплектуючыя, вуглевадародную сыравіну былі самыя высокія ў гісторыі краіны.
Закрануў ён і тэму фінансаў: “Былі пэўныя перагібы, нахлёсты, памылкі з грашовай масай, былі пэўныя праблемы з увозам аўтамабіляў. Гэта каля $2 млрд. Нават больш… У сувязі з гэтым на рынку фінансаў склалася пэўная сітуацыя, з якой мы паціху выпаўзаем. Тое, што адбываецца цяпер у эканоміцы і фінансах, дае нам надзею на лепшае ў будучым годзе”.
Акрамя таго, ён падкрэсліў: “Ды і сёлета галаву попелам пасыпаць не трэба. Мы будзем мець прыкладна 107%, можа, крыху больш, росту ВУП. Нават пры гэтых цяжкасцях гэта вельмі добры паказчык, і нямногія краіны маюць такі ВУП. Разумееце, мы гэта атрымліваем не за кошт высокіх цэн на энерганосьбіты, а за кошт рэальнага сектара эканомікі”.
Падводзячы вынікі ў грамадска-палітычным жыцці Беларусі ў 2011 годзе, Аляксандр Лукашэнка адзначыў: “Пасля прэзідэнцкіх выбараў нам прад’яўляліся па ўсіх кірунках пэўныя прэтэнзіі. Не той Прэзідэнт, не так выглядае, не так абралі, не столькі прагаласавала… Наступствы 19 снежня мінулага года, калі асобныя спадары і грамадзяне спрабавалі неканстытуцыйным чынам у нас устанавіць нейкі, з пункту гледжання іх пажадання, рэжым… Вы ведаеце, як складваліся адносіны з Еўрапейскім саюзам, са Злучанымі Штатамі. Спачатку няпростыя ў нас былі адносіны і з Расійскай Федэрацыяй, але апошнія падзеі паказваюць, што мы ўсё ж такі з многімі і многімі праблемамі справіліся”. Пры гэтым Прэзідэнт Беларусі адзначыў, што ёсць пэўныя праблемы, якія будуць вырашацца ўжо ў 2012 годзе: “Прынамсі, мы рабілі і робім ўсё, каб іх вырашыць”.
Аляксандр Лукашэнка лічыць, што 2011-ы застанецца ў гісторыі як год вялікіх урокаў. “Наракаць трэба на сябе. Ён быў. Гэта ўжо гісторыя, і ад яе нікуды не дзенешся, — сказаў ён. — Мы атрымалі добры ўрок на будучыню. Жыць трэба па сродках. Калі хочам добра жыць, трэба больш працаваць. Аксіёма. Мы зразумелі, дзе нам трэба падкарэктаваць нашу палітыку, на што звярнуць увагу, каб такога больш не паўтарылася”.

БЕЗ ЗНЕШНІХ ПАЗЫК

“Мы не плануем больш ніякіх пазык. Мы гатовы весці з МВФ перагаворы па пазыцы, таму што ў іх прымальныя крэдыты пад 1-2 працэнты. Але пазычаць пад 10 працэнтаў, у тым ліку ў Ашчаднага банка, мы не будзем. У нас сёння такой неабходнасці няма”, — заявіў кіраўнік дзяржавы. “Калі ў суб’ектаў гаспадарання ёсць такая неабходнасць, то з дапамогай нашых банкаў або непасрэдна яны супрацоўнічаюць, бяруць грошы”, — дадаў ён.
Другім напрамкам у гэтым пытанні Аляксандр Лукашэнка назваў супрацоўніцтва Беларусі з Кітайскай Народнай Рэспублікай. “Асноўныя грошы сёння ў кітайцаў. Яны нам прадаставілі $15 млрд камерцыйных крэдытаў і некалькі мільярдаў ільготных крэдытаў”, — адзначыў кіраўнік дзяржавы. У якасці прыкладу прэзідэнт прывёў запланаванае будаўніцтва новай узлётна-пасадачнай паласы ў Нацыянальным аэрапорце Мінск. “Гэта амаль $600 млн, нам пад 1,5-2 працэнты Кітай выдзяляе крэдыт. Такія крэдыты мы будзем браць, найперш, пад камерцыйныя праекты. А на дзяржаўным узроўні ў нас пакуль няма неабходнасці пазычаць”.
“Золатавалютныя рэзервы ў нас сёння ў прымальным аб’ёме… Нам трэба паціху расплачвацца, а не набіраць дадатковых крэдытаў”, — рэзюмаваў Аляксандр Лукашэнка.

АРЫЕНЦІР ЭКАНОМІКІ — САЦЫЯЛЬНЫ

“У любой дзяржаве эканоміка павінна быць сацыяльна арыентаванай, або будзе тое, што сёння адбываецца ў Грэцыі, Амерыцы, ва ўсёй Еўропе, — сказаў Аляксандр Лукашэнка. — Я хачу, каб у нас была нармальная эканоміка, з чалавечым тварам”.
Што датычыцца ацэнкі работы эканамічнага блока ўрада, былога кіраўніцтва Нацыянальнага банка, то Прэзідэнт не схільны папракаць спецыялістаў у тым, што яны некампетэнтныя. “Мы на правільным шляху. Ламаць краіну, эканоміку і грамадства я сёння не маю намеру. Мы можам спакойна, мэтанакіравана пераадолець негатыў”, — сказаў Аляксандр Лукашэнка. Палітыка не церпіць шарахання, а ў эканоміцы гэта наогул недапушчальна, рэзюмаваў Прэзідэнт.

ЦЭНЫ — НА КАНТРОЛІ

“Гэта галоўнае пытанне, якое ў мяне на кантролі, — падкрэсліў кіраўнік дзяржавы. — Вы бачыце, што пасля таго, як я месяц-паўтара таму жорстка прайшоўся па ўсіх, хто займаецца гэтым, у нас цэны ўтаймаваліся, а недзе на паўпрацэнта, на працэнт нават знізіліся. Я спадзяюся, што гэты працэс нам удасца ўтрымаць”.
Адказваючы на пытанне, як будуць кантралявацца цэны, Прэзідэнт адзначыў, што гэта будзе ажыццяўляцца эканамічнымі і адміністрацыйнымі метадамі. “Калі і былі ў нас “казыркі” і “нажніцы” ў цэнаўтварэнні, у гэтым годзе мы іх знялі поўнасцю, — сказаў ён. — Рост цэн быў бязмежна вялікі, і патрабаваць таваравытворцам ад дзяржавы “дайце нам магчымасць свабоднага цэнаўтварэння” з пункту гледжання росту цэн ужо няма ніякіх падстаў”.
Кіраўнік дзяржавы таксама нагадаў аб адмове ад эмісійнага фінансавання эканомікі. “Шалёных грошай ні ў кога не будзе, эмісійных грошай — у гэтым годзе абышліся, абыдземся і ў наступным годзе”, — заявіў ён.
Аляксандр Лукашэнка таксама лічыць, што зніжэнне інфляцыі ў наступным годзе да ўзроўню 19-20 працэнтаў цалкам рэальнае. Такую задачу вызначыў урад. “Я іх не прымушаў 19-20 працэнтаў планаваць для сябе. Яны ўзялі варыянт па максімуме, і я хацеў бы, каб гэта быў верхні паталок, — сказаў ён. — Менш — лепш для ўсіх нас, і для ўрада найперш. Я ўпэўнены, што мы вытрымаем і вырашым гэтыя праблемы”.
Прэзідэнт падкрэсліў, што галоўнае для дзяржавы — гэта дабрабыт людзей. “Не будзе дабрабыту, калі будзе высокі ўзровень цэн і інфляцыя, якая ў многім з’ядае даходы нашага насельніцтва”, — рэзюмаваў кіраўнік дзяржавы.

РОСТ ЗАРПЛАТЫ — АД ПРАДУКЦЫЙНАСЦІ ПРАЦЫ

“Асноўны эканамічны закон аб суадносінах росту заработнай платы і прадукцыйнасці працы будзе выконвацца няўхільна, — падкрэсліў кіраўнік дзяржавы. — Гэта адзін з асноўных законаў: працуеш больш — атрымлівай больш, не працуеш больш — значыць, больш не атрымаеш. Мы будзем арыентавацца на гэтыя асноўныя законы”.
Паводле слоў Прэзідэнта, заработная плата ў краіне павінна расці, але толькі тады, калі яна будзе зароблена. “Ёсць у бюджэце грошы — апошнюю капейку, рубель мы аддадзім людзям”, — падкрэсліў ён. Пры гэтым кіраўнік дзяржавы адзначыў, што сёлета зарплаты і пенсіі ў краіне павышаліся без выкарыстання эмісійнага механізму. “Калі мы гаворым аб павышэнні зарплат і пенсій, мы гэта рабілі некалькі разоў у гэтым годзе і не выкарыстоўвалі эмісійныя грошы, — сказаў ён. — Мы сёння павышаем заработную плату, хоць пакрыху, а таксама пенсіі, дапамогі, але толькі тады, калі ў нас ёсць грошы”.
Важна, каб рост заработнай платы ў Беларусі суправаджаўся ростам вытворчасці, падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка. “У нас павінна быць дастаткова тавараў, каб не было перакосу, — сказаў ён. — У бюджэт можна грошы атрымаць, “заціснуўшы” прадпрыемствы і павялічыўшы падаткі, забраўшы апошняе і аддаўшы людзям, але загубіўшы вытворчасць. А не будзе вытворчасці, праз год усё паўторыцца спачатку”.

ПЕНСІЙНЫ ЎЗРОСТ ПАКУЛЬ “НЕ ПАДРАСЦЕ”

Пенсійны ўзрост у Беларусі павышаць пакуль не будуць. Паводле слоў кіраўніка дзяржавы, цяпер гэтае пытанне неактуальнае для Беларусі ў сувязі з тым, што пенсіі ў краіне невысокія. “Мы пенсіянераў асабліва не распесцілі, — адзначыў ён. — Ці варта нам сёння гаварыць аб тым, што трэба павялічваць пенсійны ўзрост? Пакуль мяне ў гэтым ніхто не пераканаў, і я вам гавару, што мы гэта пытанне перад сабой не ставім. Але калі будзе крыху ніжэйшая пенсія, чым у суседзяў, не крыўдуйце”.
Прэзідэнт паабяцаў папярэдзіць, калі пытанне аб павышэнні пенсійнага ўзросту “стане рубам”.
Аляксандр Лукашэнка таксама дадаў, што пенсійны ўзрост 55-60 гадоў — гэта ўжо анахранізм у сусветнай палітыцы. Нават ва Украіне сёння пенсійны ўзрост вышэйшы. “У нас сёння пенсія, я лічу, невысокая, і гэта прымушае нашых людзей пасля выхаду на пенсію працаваць па 5-7 гадоў, — сказаў Прэзідэнт. — Шмат было прапаноў — давайце абмяжуем удзел пенсіянераў у грамадска карыснай працы. Я гаварыў катэгарычна — не. Давайце абмяжуем ім пенсіі, калі яны працуюць. Але яны ж зарабілі гэтую пенсію, і яна невысокая”.
У сваю чаргу, міністр працы і сацыяльнай абароны Беларусі Марыяна Шчоткіна паведаміла, што колькасць пенсіянераў у Беларусі дасягае амаль 2,5 млн. Кожны чацвёрты з пенсіянераў працуе. Плануецца, што ў наступным годзе на выплату пенсій будзе накіравана больш за Br37 трлн. Пры гэтым яна падкрэсліла, што сёння ўсе пенсіі выплачваюцца дзень у дзень — у гэтым пытанні строга вытрымліваецца дысцыпліна.

СТВАРАЦЬ УМОВЫ ДЛЯ РАБОТЫ Ў КРАІНЕ

“З новага года мы ўзмоцнім палітыку адносна кіраўніцтва будаўнічых арганізацый, — сказаў кіраўнік дзяржавы. — Я абяцаю: мы павернем тут справу так, што кожны кіраўнік і спецыяліст будуць шукаць падрадныя работы для свайго калектыву”.
Мінуў час, калі можна было “сядзець і чакаць, калі да цябе прыйдуць і папросяць штосьці пабудаваць”… А каб прадухіліць адток кадраў за мяжу (у тым ліку будаўнічых), трэба ствараць умовы для работы дома — тады людзі не будуць выязджаць за межы краіны. Прэзідэнт не схільны абсалютызаваць гэтую праблему і не лічыць выезд спецыялістаў у сумежныя краіны масавай з’явай. Ён раіць людзям узважваць “за” і “супраць”, прымаючы рашэнне аб працы за мяжой, у тым ліку аналізаваць, ці варта рызыкаваць.

ІНВЕСТЫЦЫІ КІТАЯ Ў БЕЛАРУСЬ — $15 МЛРД

У бліжэйшыя дні будзе ўнесены кіраўніку дзяржавы праект указа аб стварэнні беларуска-кітайскай прамысловай зоны ў раёне Смалявічаў з   аб’ёмам інвестыцый $1 млрд.
Прэзідэнт Беларусі падкрэсліў, што пасля стварэння тэхнапарка “мы забудзем пра праблемы з валютай, тут будуць створаны самыя сучасныя вытворчасці, прадпрыемствы карпарацый усяго свету будуць прыцягнуты”.
Як вядома, Кітай інвестуе ў Беларусь $15 млрд. Прыход Кітая ў Беларусь і вялікія ўкладанні — гэта адзін з фактараў бяспекі беларускай дзяржавы, лічыць Аляксандр Лукашэнка.
“Мы ганарымся нашымі адносінамі з гэтай магутнай дзяржавай, якая на працягу 15-20 гадоў, я ўпэўнены, будзе першай у свеце, — сказаў беларускі лідар. — У нас самыя добрыя адносіны, вельмі добрыя перспектывы”.

БЕЛАРУСКАЯ МОВА ЗАБЫТА НЕ БУДЗЕ

“Беларуская мова забыта не будзе, мы бачым у гэтым напрамку станоўчыя тэндэнцыі, — адзначыў, гаворачы аб магчымым пашырэнні сферы ўжывання беларускай мовы, Прэзідэнт. — Таму перажываць не трэба. Я нікога не арыентую не размаўляць на беларускай мове. Можаце гаварыць на беларускай, на рускай, на трасянцы — хто як хоча, я нікога не папракаю. Права кожнага чалавека — выбіраць. Мы на рэферэндуме вызначыліся, што ў нас дзве дзяржаўныя мовы — беларуская і руская. І калі ставіцца пытанне, што руская мова — гэта чужая, няродная нам, я не згодны. Гэта таксама наша родная мова, якую мы нікому не павінны аддаваць. Мы ўклалі ў яе сваю душу”.
“Гэта здабытак беларусаў, што ў нас ёсць дзве магутныя мовы. Ну хто стане спрачацца з тым, што з-за пэўных прычын руская мова для нас стала настолькі значнай, што мы жыць без яе не можам? Хочаце папракнуць мяне ў тым, што я мала раблю для беларускай мовы? Для адраджэння нацыянальнай культуры, захавання беларускасці ў нашай краіне зроблена шмат. Але ўсё гэта павінна праходзіць ціха, спакойна, таму што, калі Прэзідэнт пачне бурліць, крычаць, шумець, іграць на моўных праблемах, мы зноў растрывожым грамадскасць”, — лічыць кіраўнік дзяржавы.
Аляксандр Лукашэнка таксама дадаў, што плануе наведаць у 2012 годзе Глыбокае Віцебскай вобласці, дзе пройдзе Дзень беларускага пісьменства.

ПРА АРАБСКУЮ ВЯСНУ І БАЛОТНУЮ ПЛОШЧУ

Нельга аўтаматычна праводзіць паралелі паміж падзеямі 19 снежня 2010 года ў Мінску, мітынгам на Балотнай плошчы ў Маскве і арабскімі рэвалюцыямі.
“Параўноўваць людзей на Балотнай плошчы ў Маскве і тых, хто баставаў, паўставаў у Егіпце, было б няправільна… Нельга аўтаматычна праводзіць паралелі і параўноўваць вось гэтыя рэчы: Расія, Беларусь 19 снежня і вось гэтыя арабскія падзеі. Хоць яшчэ раз падкрэсліваю: у тым, што вы бачыце ў гэтым сувязь, гэта мела месца, але ёсць і значныя адрозненні. Пра іх не трэба забываць”, — адзначыў Прэзідэнт.
Гаворачы аб Балотнай плошчы, Аляксандр Лукашэнка растлумачыў, што Дзмітрый Мядзведзеў расказваў яму аб іншых фактарах, якія насцярожваюць: “На плошчу выйшлі не толькі бедныя, пакрыўджаныя… Напэўна, Масква — гэта не самы бедны горад. Насцярожвае тое, што на плошчу выйшлі людзі сярэдняга класа”. Прэзідэнт Беларусі адзначыў, што кіраўнік расійскай дзяржавы сказаў: “Чым багацейшае грамадства — тым вышэйшыя яго патрабаванні”.
Наконт 19 снежня 2010 года, Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што на плошчы каля Дома ўрада было прыкладна 3 тыс. чалавек. “З іх 800, якія свядома ішлі і ведалі, куды ішлі, а астатнія разявакі. Як толькі першы супрацоўнік АМАПа ступіў на плошчу, разявакі разбегліся. З 800 засталося ці то 400, ці то 450 чалавек, якіх мы затрымалі і ўдакладнялі, адкуль яны. Ну а далейшы працэс вам вядомы і зразумелы”. Таксама ён заўважыў, што ў Маскве на мітынгу не ўсе людзі былі “праплачаныя”, як і ў Мінску: “Але ў нас, у асноўным, вось гэта ядро… Яны загадзя да гэтага рыхтаваліся. Яны атрымалі на гэта грошы. Праўда, не ўсе раздалі… Няхай яны самі разбяруцца, куды іх начальнікі дзелі грошы”.
Акрамя таго, беларускі лідар адзначыў, што стала модным выкарыстоўваць тэхналогіі арабскай дугі: “Выкарыстанне сацыяльных сетак, інтэрнэту, СМІ, падкормліванне незадаволеных, пятых калон і гэтак далей”.

ПЕРАД ЗАКОНАМ УСЕ РОЎНЫЯ

Адказваючы на пытанне аб тым, ці збіраецца ён памілаваць асуджаных за падзеі                19 снежня 2010 года Андрэя Саннікава, Мікалая Статкевіча і Дзмітрыя Бандарэнку, Прэзідэнт сказаў: “Тыя, аб кім вы сказалі, яны перад законам роўныя. Вы, яны — усе роўныя. Гэта я хацеў нагадаць перш за ўсё”.
“Па-другое, памілую чалавека і магу памілаваць таго, які да мяне звярнуўся па памілаванне. Не звернуцца — будуць сядзець у турме”, — падкрэсліў кіраўнік дзяржавы.

АБ ВЫБАРАХ ПРЭЗІДЭНТА

Прэзідэнт Беларусі заявіў, што не фальсіфікаваў выбары.
“Я вам клянуся самым дарагім і каштоўным, што ў мяне ёсць, я не фальсіфікаваў гэтыя выбары”, — сказаў Аляксандр Лукашэнка. “І я ўпэўнены, як бы вы ні вялі супраць мяне прапаганду (вось гэты год — вельмі цяжкі год, і мая віна ў гэтым ёсць), але я веру, што народ мяне падтрымае, таму што я раблю ўсё шчыра і стараюся рабіць справядліва”.
Прэзідэнт прызнаў, што ўмешваецца ў некаторыя працэсы і ўплывае на прыняцце рашэнняў. “А вам што, патрэбны прэзідэнт, які будзе сядзець і пастаянна расказваць, як у нас дрэнна і як будзе добра, але сам не прымае ніякіх мер? Вось я паглядзеў бы, як вы пажылі б з такім прэзідэнтам”, — сказаў Аляксандр Лукашэнка.
“Вы прывыклі ад мяне патрабаваць, што Лукашэнка павінен рассекчы гэтую праблему, і я сяку. Дрэнна сяку — не прагаласуеце за мяне, нядрэнна сяку — яшчэ пацерпіце, а добра — дык будзеце галасаваць. У вас жа права гэта”, — адзначыў кіраўнік дзяржавы.

УРАДУ ДАРУЧАНА ВЫПРАЦАВАЦЬ АДЗІНУЮ КАНЦЭПЦЫЮ ПАДТРЫМКІ ДЗЯЦЕЙ

Прэзідэнт назваў самай страшнай праблемай дэмаграфічную: “Яна вельмі важная для нас, таму плацім, дапамагаючы сем’ям гадаваць дзяцей, колькі можам, колькі ў дзяржавы ёсць”.
Адказваючы на пытанне аб прывязцы дапамогі па доглядзе дзіцяці ва ўзросце да трох гадоў да сярэдняй зарплаты маці, Аляксандр Лукашэнка адзначыў: “Магчыма. Мы пачулі вашу прапанову”.
Разам з тым, падкрэсліў кіраўнік дзяржавы, чалавек павінен найперш клапаціцца аб сабе і сваёй сям’і, бацькі павінны клапаціцца аб сваіх дзецях. “Калі цяперашнія бацькі будуць клапаціцца аб сваіх дзецях так, як нашы бацькі аб нас клапаціліся, то частку, якой не хапае, дзяржава заўсёды знойдзе, — сказаў Аляксандр Лукашэнка. — У нас жа часта атрымліваецца наадварот”. Прэзідэнт прывёў у якасці прыкладу той факт, што некаторыя бацькі трацяць грошы на выпіўку і курыва, а потым скардзяцца на адсутнасць сродкаў, каб пракарміць дзяцей. “У нас гэта стала праблемай, хоць мы яе не падкрэсліваем”, — дадаў Прэзідэнт.
“Дзяржава павінна дапамагаць, а варушыцца павінны бацькі, — лічыць беларускі лідар. — Вось гэта прынцыпова, як камусьці гэта не падабалася б”.
Што датычыцца падтрымкі дзяцей, у пачатку наступнага года гэтая праграма будзе абнародавана. У ліку прыярытэтных адрасатаў дзяржаўнай дапамогі Аляксандр Лукашэнка назваў шматдзетныя сем’і. Ім будзе аказана дапамога і ў вырашэнні праблемы “даху над галавой”, і ў атрыманні дапамогі на дзяцей.

ПРА АДНОСІНЫ З ЕС І РОЛЯ ПОЛЬШЧЫ

Адказваючы на пытанне аб стане адносін паміж Беларуссю і ЕС і ўплыве на іх Польшчы, беларускі лідар адказаў: “У дрэнным напрамку развіваюцца нашы ўзаемаадносіны з Еўрапейскім саюзам, і Польшча прыклала моцную руку, каб сапсаваць гэтыя адносіны. Мы нічога не чакалі ад старшынства Польшчы ў ЕС, так яно і здарылася”.
Адказваючы на пытанне іншага журналіста пра перспектывы адносін з ЕС, Прэзідэнт нагадаў, што ЕС прапанаваў Беларусі зрабіць шэраг крокаў і саступак: “Мы зрабілі 21 крок. Насустрач — ніводнага. Што яны ад нас хочуць яшчэ?”. Ён адзначыў: “Яны хочуць зламаць канстытуцыйны лад краіны. Я да гэтага не гатовы… Скажу шчыра: гэтага не будзе. Народ Беларусі атрымаў сваё права быць народам упершыню за ўсю гісторыю. І мы яшчэ і таму не пацерпім ніякага дыктату з боку ўсходу, захаду, поўдня ці поўначы… Мы самі вызначымся”.
Гаворачы пра тое, што трэба зрабіць для нармалізацыі адносін з ЕС, Аляксандр Лукашэнка заявіў: “Не ведаю, акрамя аднаго кроку: збірай шмоткі і сыходзь, тады Еўрапейскі саюз прыйдзе са сваімі інтарэсамі ў Беларусь. Я думаю: “Не, дарагія мае, гэтага не будзе. “Сыдзе” мяне толькі беларускі народ”.
Адказваючы на пытанне з нагоды таго, а што ж дасць наладжванне адносін з Еўрасаюзам, беларускі лідар адзначыў: “Многае. Я буду раз’язджаць па еўрапейскіх дзяржавах”. Развіваючы тэму спісаў “неўязных”, Прэзідэнт Беларусі дадаў: “Маіх сыноў зрабілі неўязнымі, і нават малое дзіця… Ён у чым вінаваты? 19 снежня дубінкай размахваў на плошчы?.. Завошта маіх дзяцей пакаралі? І наогул, што гэта за палітыка такая?”.
Закрануў Прэзідэнт і тэму эканамічных санкцый: “Яны ўводзяць санкцыі супраць нашых прадпрыемстваў і ўвесь час запалохваюць”…
Адказваючы на пытанне з нагоды свайго выказвання наконт адсутнасці некаторых органаў у еўрапейскіх палітыкаў, Прэзідэнт сказаў: “Я пра гэта казаў Дарэнку за кадрам… Усё адно гэта апублікаваў… Фраза гэтая не таму, што ў іх сапраўды штосьці адсутнічае. Нядаўна ж нарадзілася дачка, па-мойму, у аднаго з іх, таму будзем спадзявацца, што прысутнічае… Я не гэта меў на ўвазе, я меў на ўвазе іх выраз. Гэта, дарэчы, я ад еўрапейцаў пачуў. Калі яны прыязджалі, мы вялі перамовы. Яны кажуць: “Ну вось такія ў нас палітыкі”, і вось гэтую фразу прамовілі. Я яе паўтарыў Дарэнку…”.
Аляксандр Лукашэнка растлумачыў, што гэтая фраза значыла: “Цяпер, асабліва ў Еўрапейскім саюзе, над палітыкамі настолькі пераважаюць не толькі СМІ… Яны гэта завуць грамадскай думкай.. Яны нават ад ядзернай энергіі адмовіліся… Я гэтага на іх месцы не зрабіў бы, таму што ў Германіі ядзерная энергія займае велізарную ўдзельную вагу. Пры цяперашніх цэнах на прыродны газ адмовіцца ад ядзернай энергіі…”.
Каментуючы меркаванне еўрапейскіх палітыкаў з нагоды таго, што ў Беларусі сілавыя структуры выкарыстоўваюць неканстытуцыйныя метады, Прэзідэнт сказаў: “Вы бачылі, што рабілася ў Польшчы?.. Але мы слязісты газ, гумовыя кулі, вадамёты супраць сваіх, нават пятай калоны, не тое што апазіцыянераў, ніколі не выкарыстоўвалі. І крый Божа, да гэтага звярнуцца. Нават калі яны штурмавалі Дом урада. А яны што рабілі?.. У Амерыцы, Вялікабрытаніі, Германіі што рабілася? Таму не трэба нас у гэтым папракаць, у недахопе нейкай дэмакратыі. Мы проста не дапускаем беспарадкаў у краіне”.
Закрануў Аляксандр Лукашэнка і тэму патрабаванняў пра вызваленне шэрагу зняволеных: “36 зняволеных ці колькі было… Яны не хацелі сядзець у турме, калі ўжо адкрыта так казаць. А гэтыя, пра якіх тут рупяцца… Ведаеце, што яны кажуць: “Вось калі мы будзем у турме, мы будзем героямі”. Я кажу: “Бог з вамі, будзьце героямі. Сядзіце”… Калі быць у турме ў выніку беспарадкаў антыканстытуцыйнага парадку для іх — геройства, няхай будуць героямі. Я не супраць”.

ПРА МАРАТОРЫЙ НА СМЯРОТНАЕ ПАКАРАННЕ

У рознай інтэрпрэтацыі (у асноўным у сувязі з тэрактамі ў мінскім метро) некалькі разоў узнімалася і пытанне, звязанае са смяротным пакараннем.
Мараторый на смяротную кару для Беларусі можа выйсці бокам, заявіў Прэзідэнт.
Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што абмяркоўваў гэтую тэму з кіраўнікамі многіх іншых краін: “Яны мне гавораць так: “Вось прынялі рашэнне — мараторый, адмянілі і гэтак далей… А вось цяпер вярнуцца да гэтага — шмат праблем”. Прэзідэнт падкрэсліў, што рашэнне трэба прымаць, выкарыстоўваючы вялікую колькасць інфармацыі: “Нельга спрошчана да гэтага падыходзіць. Так, мы можам мараторый сёння ўвесці… Каб толькі бокам нам гэта не вылезла”.
Прэзідэнт нагадаў, што наконт смяротнай кары ў Беларусі ёсць рашэнне рэферэндуму: “Для мяне гэта закон. І калі мяне пачынаюць трапаць: “Смяротная кара, дыктатура”, — я ім гавару, еўрапейцам: “Крыху павярніцеся праз Атлантыку, там вельмі вялікі сябар у вас. Вось як толькі яны адмяняюць, мы будзем наступнымі”. Я гэта для чаго гавару. Не таму, што мы будзем наступнымі пасля Амерыкі… Я ім проста паказваю, што не можа быць двайных стандартаў”. Аляксандр Лукашэнка таксама адзначыў, што смяротная кара існуе і ў Кітаі, і ў арабскіх краінах. “Чаго ж вы там ад іх не патрабуеце?.. Дык адтуль нафта ідзе”, — растлумачыў Прэзідэнт пазіцыю некаторых краін наконт смяротнай кары.

ПРА ЛЕПШЫ ПАДАРУНАК ДЛЯ ПРЭЗІДЭНТА

Аляксандр Лукашэнка задаволіў просьбу работнікаў МАЗа аб выдзяленні двух зямельных участкаў пад будаўніцтва інтэрнатаў для маладых сем’яў, падзякаваў завадчанам за работу і павіншаваў з надыходзячымі святамі. Таксама Прэзідэнт расказаў журналістам, што лічыць лепшым падарункам для сябе.
“Для мяне самы лепшы падарунак на Новы год, я вам шчыра кажу, без пафасу, — калі ў вас у Новы год, а яшчэ лепш пасля Новага года, будзе добры настрой. Калі будзеце ўсе так усміхацца, як вы цяпер, — для мяне гэта шчасце. Гэта значыць, што я штосьці зрабіў правільна, можа, не ўсё, але зрабіў шматлікае. Таму я хачу, каб вы ўсміхаліся, каб у вас быў добры настрой”, — сказаў Прэзідэнт.
Па матэрыялах БЕЛТА.
Поўную версію прэс-канферэнцыі чытайце на сайце кіраўніка дзяржавы і БЕЛТА.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.