Калі верыць — казка збудзецца

Вы траплялі ў свет казак?  Сапраўдны, чароўны, непрадказальны?.. Мы накіраваліся ў СШ № 2 г. п. Карэлічы, дзе ў спартыўнай зале навагодняя прыгажуня-ёлка чакала гасцей. Сюды сабраліся вучні 2-х і 3-х класаў у маскарадных касцюмах, а таксама іх бацькі, настаўнікі.

…Прадстаўленне пачынаецца. У госці завітаў Новы год — Дракон. Ён прыйшоў не з пустымі рукамі — з навагоднім агеньчыкам, якім мяркуе запаліць навагоднюю прыгажуню. Запрашае дзяцей да ёлкі, каб каля яе вадзіць карагоды і спяваць вясёлыя песенькі.
А вось і Яшчарка! Яна хоча замяніць папярэдніка, быццам надыходзячы год — яе год. “Не будзем злаваць на Яшчарку, а станем у карагод і можа нас пачуе Дзед Мароз”, — гаворыць Дракон.
Яшчарка кружыцца вакол ёлкі. “Мароз старэнькі і глухаваты, не пачуе”, — кажа яна. І тэлефануе сваёй Снягурцы — Бабулі. І тая з’яўляецца і пачынае танцаваць. Бабуля ставіць ультыматум: я — Дзед Мароз, а Яшчарка — Снягурка. Дзеці не прымаюць іх, а клічуць сапраўднага Дзеда Мароза…
Гучыць музыка. І зноў Яшчарка і Бабуля кружацца ля ёлкі. Але што здарылася? Яны ўкралі навагодні агеньчык! Дзеці не могуць змірыцца са стратай — зала напаўняецца гоманам…

Дзяўчынкі і хлопчыкі становяцца ў круг каля ёлкі. Бабуля прапануе ім загадкі, калі яны іх  адгадаюць, то тады падумае, ці аддаць навагодні агеньчык. Затым — гульня “Крэслы”… Прыняць удзел у ёй запрашаюцца і дарослыя. Бабулі прыйшліся даспадобы старанні дзяцей і бацькоў, і яна вяртае навагодні агеньчык.
Дракон задаволены, што зараз пачнецца сапраўднае свята…
А вось з’яўляюцца Дзед Мароз і Снягурка! Колькі радасці ў дзяцей! Дачакаліся! Яны водзяць карагод ля навагодняй ёлкі, удзельнічаюць у гульнях, расказваюць вершы, спяваюць песні. У дзяўчынак  і хлопчыкаў гэта цудоўна атрымліваецца!  
Дзед Мароз і Снягурка дораць дзецям салодкія падарункі.
І сапраўды, калі верыць у казку, то яна збываецца.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.