Лебядзіная песня мастака

Выстава пад назваю “Лебядзіная песня Валянціна Рамановіча” адкрылася ў Карэліцкім раённым краязнаўчым музеі. Яна прымеркавана да 100-годдзя таленавітага мастака, які пайшоў з жыцця ва ўзросце Хрыста, пакінуўшы пасля сябе высокамастацкія творы, але іх у Беларусі, на жаль, не ведаюць, бо захоўваюцца яны ў музеях іншых краін.
Мастака, які нарадзіўся на беларускай зямлі ў праваслаўнай сям’і беларуса Сцяпана Рамановіча і Аляксандры Зотавай, што паходзіла з роду расійскіх іканапісцаў, бацькі-настаўнікі змалку вучылі дома на рускай мове. Таму, нягледзячы на далейшае знаходжанне ў польскамоўным асяроддзі, ён лічыў сябе рускім, і дзённікі, якія вёў з юнацкіх гадоў, пісаў на рускай мове. Іронія лёсу, што сёння імя гэтага мастака ёсць у польскай энцыклапедыі і адсутнічае ў беларускіх, літоўскіх і тым больш расійскіх, хаця нарадзіўся ён на тэрыторыі былой Наваградчыны ў тагачаснай Расійскай імперыі, а вучыўся і працаваў у Вільні. Гэта якраз адзін з тых выпадкаў, пра якія прафесар Адам Мальдзіс казаў, што нацыя выступала ў ролі донара, вобразна кажучы, аддаючы сваю кроў іншым народам.

Сям’я

Мастак Валянцін Рамановіч нарадзіўся ў мястэчку Карэлічы Навагрудскага павета 7 кастрычніка 1911 года. Так сведчаць дакументы Віленскага ўніверсітэта, якія я атрымала з гістарычнага архіва Літвы, але з дзённіка мастака даведалася, што свой дзень нараджэння ён адзначаў 20 кастрычніка. Гэта дата яго нараджэння па новаму стылю.
Бацька Валянціна, сялянскі самародак Сцяпан Канстанцінавіч Рамановіч, асоба на асветніцкай ніве легендарная. Ён паходзіў з беларускай сялянскай сям’і, што спрадвеку жыла ў вёсцы Падкасоўе на Наваградчыне. Вёсачка гэта месціцца зусім недалёка ад Шчорсаў, дзе некалі шчыраваў у сваім маёнтку асветнік і мецэнат граф Храптовіч. Атрымаўшы адукацыю ў Нясвіжскай настаўніцкай семінарыі, Сцяпан Рамановіч у 1901 годзе падаўся вучыцца ў Вільню. Там і пазнаёміўся са сваёй будучай жонкай Аляксандрай Зотавай, якая працавала настаўніцай малодшых класаў.
Бацька Аляксандры, інспектар вучылішчаў Георгій Зотаў, паходзіў са старажытнага роду маскоўскіх іканапісцаў. Згодна з сямейным паданнем, продак Зотавых прыехаў некалі ў Вільню, каб распісаць сабор, праца зацягнулася, і ён застаўся тут жыць. Матуля Аляксандры памерла адразу пасля яе нараджэння, і дзяўчынку выхоўвала прыёмная маці.
Сям’я Рамановічаў прыехала на Наваградчыну, у Карэлічы ў 1910 годзе. Сцяпан Канстанцінавіч неўзабаве стаў інспектарам вышэйшага пачатковага вучылішча. Тут, у Карэлічах, у настаўніцкай сям’і Рамановічаў нарадзіўся сын Валянцін. У 1915 годзе Рамановіча перавялі на Палессе, але наваградзец не прыжыўся там, яго ўвесь час цягнула на радзіму, таму ў 1921 годзе сям’я вярнулася ў Падкасоўе, адтуль зноў перабралася ў Карэлічы, дзе Сцяпан Рамановіч выкладаў матэматыку ў польскай сямігодцы. Валянцін з васьмі гадоў вучыўся дома, у школу пайшоў у Падкасоўі, працягваў вучобу ў Карэлічах, а ў 1924 годзе паступіў вучыцца ў Наваградскую польскую гімназію імя А. Міцкевіча. Ужо там праявіўся яго мастацкі талент. На адной з выстаў у гімназіі былі змешчаны малюнкі будучага мастака. Тады ж юнак пачаў пісаць вершы і занатоўваць свае ўражанні ад перажытага ў дзённік.

Вучоба ў Вільні

Пасля заканчэння гімназіі ў 1930 годзе Валянцін стаў студэнтам мастацкага факультэта Віленскага ўніверсітэта імя Стэфана Баторыя. Ён вучыўся ў таленавітых мастакоў — Ф. Рушчыца, А. Штурмана,                      Б. Яманта, Т. Несялоўскага, Б. Кубіцкага, але найбольшы ўплыў на яго творчасць аказалі выдатны графік Ежы Гопэн, які ўзначальваў аддзяленне графікі мастацкага факультэта, і адзін з галоўных прадстаўнікоў віленскай школы мастакоў — жывапісец Людамір Сляндзінскі.
Ва ўніверсітэце Валянцін пазнаёміўся са сваёй будучай жонкай Альдонай Нябельскай. Агульныя інтарэсы ўмацоўвалі гэты шлюб, але лёс адмерыў ім не так ужо шмат гадоў шчасця. Пасля раптоўнай смерці мужа Альдона Рамановіч пераехала ў Варшаву, дзе працавала ў музеі мастаком-рэстаўратарам. Яна зрабіла ўсё магчымае, каб захаваць творчую спадчыну Валянціна. У свой час мне ўдалося наладзіць з ёй кантакт. У час тэлефоннай размовы ўсхваляваная жанчына сказала: “Валянцін быў чалавекам усяго майго жыцця. Усё, што звязана з ім, для мяне вельмі дорага.” Пазней у сваім лісце яна заўважыла, што ў мастацтве свайго мужа яна бачыла працяг мастацтва яго продкаў-іканапісцаў і адзначыла рысы, характэрныя для творчай манеры мастака, — чыстату выканання, дакладнасць і пэўную скрупулёзнасць пры накладанні колеру ў карцінах.
У 1934 годзе Валянцін Рамановіч здаў экзамен, які даваў яму права выкладаць маляванне ў школах і настаўніцкіх семінарыях. Але ён працягваў вучобу далей, цяпер ужо на медыцынскім факультэце, як некалі хацеў яго бацька, быў асістэнтам на кафедры анатоміі, працаваў пад кіраўніцтвам прафесара Міхаіла Райхера і Вітальда Сыльвановіча, праводзіў практычныя заняткі са студэнтамі-медыкамі, але і тут праявілася творчая натура мастака — ён выкладаў курс “мастацкай анатоміі” для студэнтаў мастацкага факультэта, рыхтаваў анатамічны альбом і меў намер выканаць для яго ілюстрацыі ў тэхніцы гравюры па медзі. Сціплы, адораны, інтэлігентны, Валянцін прыцягваў увагу кожнага, хто меў магчымасць з ім сутыкнуцца, умеў прывабліваць людзей і выклікаць у іх сімпатыю, хаця, як прызнаваўся мастак пазней у сваім дзённіку, не ўсім калегам падабалася яго смеласць у перакананнях і яго погляды, не падобныя на агульныя.

Удзельнік “Групы Віленскай”

У гэты час творы Валянціна Рамановіча пачалі з’яўляцца на выставах у Вільні і Варшаве. Сярод ранніх работ мастака ёсць творы жывапісу — “Сярэбраная рака”, “Жоўтая рака”, “Сосны”. Але больш за ўсё яго цікавіла графіка. Ён шмат працаваў над тэхнікай стварэння графічных работ і эксперыментаваў з рознымі матэрыяламі. Творы “Касцёл св. Міхала ў Вільні” і “Саркафаг Льва Сапегі” (1934) далі магчымасць заўважыць дасягненні мастака ў пошуку выразных сродкаў для адлюстравання задуманага. Валянцін Рамановіч удзельнічаў у 2-й Міжнароднай выставе дрэварыту (гравюры па дрэве) у Варшаве ў 1936 годзе, дзе былі выстаўлены яго работы “Св. Ян Хрысціцель” і “Касцёл св. Пятра і Паўла на Антокалі”.
3 1937 года Рамановіч уваходзіў у склад “Групы Віленскай”, удзельнікамі якой былі ў асноўным выхаванцы мастацкага факультэта Віленскага ўніверсітэта (А. Нябельская-Рамановіч, Л. Касмульскі, Э. Кучынскі, М. Сяўрук, К. Урублеўская, К. Чурыла і інш.), і разам з імі браў удзел у выставе, якая адбылася вясной 1939 года, і дзе былі выстаўлены яго творы жывапісу: “Вежа замка ў Троках”, “Рыцарская зала” і іншыя, якія з’явіліся ў выніку шматлікіх вандровак па мясцінах з цікавым гістарычным мінулым.
У пачатку 1939 года мастак зрабіў пробныя адбіткі экслібрысаў — свайго і жонкі Альдоны, а таксама гравюры “Над Свіцяззю”, відавочна, што гэта цудоўнае возера зачаравала мастака не менш, чым азёры каля Тракайскага замка. Тады ж пачаў працу над гравюраю “Замак у Троках, купальшчыцы”.
9 снежня 1939 года Валянцін Рамановіч атрымаў дыплом прафесійнага мастака. Выкладчыкі мастацкага факультэта высока ацэньвалі талент свайго выхаванца, а графік Ежы Гопэн наогул лічыў, што ва ўсім тагачасным еўрапейскім графічным мастацтве немагчыма знайсці нічога падобнага.

“Я в прошлое влюблен…”

Шмат месяцаў (1930—1940-я гады) мастак прысвяціў рабоце па вывучэнню і кансервацыі замка ў г. Тракай, які некалі быў рэзідэнцыяй вялікіх князёў літоўскіх. Улюбёны ў муры старажытнага замка, уражаны прыгажосцю навакольнай прыроды, мастак працаваў натхнёна і апантана. У гэты час ён напісаў шэраг работ алейнымі фарбамі, зрабіў шмат замалёвак, якія потым леглі ў аснову гравюр цыкла “Трокі”. Напэўна, тады і нарадзіўся ў яго верш “Мінулае” (радкі з яго — назва гэтай главы). 3апісы ў дзённіку В. Рамановіча дазваляюць пераканацца ў тым, што мастак сапраўды вельмі любіў гэты маляўнічы куточак, а працу, якую яму даводзілася выконваць у час работ па кансервацыі Тракайскага замка, умела спалучаў з цудоўным адпачынкам: ён быў аматарам плавання на паруснай лодцы.
У 1940 годзе Валянцін Рамановіч займаўся работамі па кансервацыі замка ў Коўна, у выніку чаго з’явілася работа “Ковенскі замак”. У пачатку 1941 года ён стварыў аўтапартрэт і партрэт Стэфана Баторыя. Убачыўшы працы, Ежы Гопэн назваў свайго вучня адным з мацнейшых сучасных мастакоў, якія працуюць у тэхніцы гравюры па медзі. У канцы студзеня 1941 года мастак зноў атрымаў накіраванне на працу ў Трокі, адкуль бярэ пачатак яго “лебядзіная песня” — цыкл медзярытаў, прысвечаны Тракайскаму замку.
Замак, які мастак прывык бачыць летам у атачэнні квітнеючай прыроды, непрывычна вылучаўся на фоне засыпаных снегам дрэў і празрыстага хмызняку, але і зімовы пейзаж хваляваў і натхняў Валянціна. Менавіта ў гэты час з’явілася першая работа тракайскага цыклу “Зіма”. Мастак рабіў замалёўкі для гэтага твора ў лютым, часам рызыкуючы жыццём. Калі малюнак быў закончаны, ён пачаў другі этап працы — амаль цэлы дзень шліфаваў наждаком медную пласціну і напільнікам абрабляў яе край. Затым іголкай перавёў малюнак на медзь. І, нарэшце, пачаўся найбольш адказны этап працы, які патрабаваў ад творцы не толькі віртуознага майстэрства, але і карпатлівасці — па 3-4 гадзіны ў дзень ён гравіраваў малюнак, па-майстэрску наносячы штрыхі на медзь, і паступова на пласціне з’явіліся выявы спачатку брамы, казематаў і вежы, затым неба, астравоў і снежнага сумёту. Праз тыдзень, калі гравіроўка была закончана, на медную пласціну лягла фарба і быў зроблены пробны адбітак, медзярыт ажыў — зімовы пейзаж вабіў вока сваёй прыгажосцю. Але ад пільнага вока мастака не схаваліся асобныя агрэхі, і яшчэ 6 гадзін ён гравіраваў папраўкі, пакуль пейзаж на новым адбітку не задаволіў яго канчаткова. Зімовы выгляд замка на гравюры спадабаўся Ежы Гопэну, які звярнуў асаблівую ўвагу на фактуру цэглы, выкананую кропкамі. Тэхніка мастака паступова ўдасканальвалася, а свой вопыт ён паспрабаваў абагульніць у артыкуле “Аб тэхніцы графікі”, які быў надрукаваны ў газеце “Віленская праўда”.
Праз некаторы час новыя медзярыты: “Арка”, “Жабы” і “Качкі”, папоўнілі асабістую папку з гравюрамі мастака, у якой налічвалася ўжо 33 працы. Вясной Валянцін перадаў на чарговую віленскую выставу некалькі сваіх прац — толькі што створаныя тракайскага цыклу і некалькі папярэдніх, а напярэдадні вайны даведаўся, што яны будуць набыты музеем мастацтва.

“Ветразь”

Прыкметы ваеннага часу — гул самалётаў, печка “буржуйка”, харчовыя карткі, гарбата з сахарынам, сухары замест хлеба, які давалі нерэгулярна і мала, — суправаджалі працу Валянціна над чарговай часткай тракайскага цыклу, за якую ён узяўся, каб зняць напружанне ад перажытага. Незадоўга да гэтага мастак пабываў каля яўрэйскага гета, і яму падалося, што ён трапіў у змрочны мурашнік. Пазней быў моцна ўражаны, калі ўбачыў чалавека, павешанага фашыстамі на дрэве на рагу плошчы, побач натоўп людзей і жанчыну, якая страціла прытомнасць.
Гэтых сюжэтаў няма на гравюрах, але ў некаторых работах з’яўляюцца матывы страху і смерці. Трывога адчуваецца і ў рабоце “Ветразь”, у якой ён паспрабаваў адлюстраваць намаганне людзей выстаяць у экстрэмальнай сітуацыі. Некалькі чалавек на паруснай лодцы на колькі хапае сілы імкнуцца супрацьстаяць стыхіі, з цяжкасцю ўтрымліваючы раўнавагу на моцных хвалях, якія, здаецца, вось-вось перакуляць лёгкі паруснік. Уражвае майстэрства, з якім аўтару ўдалося сціплымі мастацкімі сродкамі перадаць дынаміку руху, робячы штрыхі на меднай пласціне.
На наступным медзярыце мастака зноў з’яўляецца ветразь, які бачны праз праход у сцяне данжона з выглядам на возера і маячыць удалечыні як сімвал надзеі. А надзея ў цяжкі час выпрабаванняў была патрэбна шмат каму, у першую чаргу, блізкім Валянціна, заробкі якога кармілі амаль усю сям’ю: бабулю, маці, жонку, а пазней яшчэ і сястру Алену з малым дзіцём. Ён адчуваў адказнасць за ўсіх блізкіх і таму браўся за любую мастацкую працу, што магла прынесці грошы — рэстаўратара карцін і абразоў, рэкламіста, прадаваў праз антыкварню свае гравюры, даваў урокі вучням. Асаблівым клопатам мастак акружыў маленькага пляменніка Аляксея, які нарадзіўся ў самым пачатку вайны і выратаваўся ад голаду, дзякуючы свайму хроснаму. Калі не было іншага выйсця, Валянцін выменьваў на прадукты сваю вопратку.
У час працы над чарговым медзярытам аднойчы ноччу мастак зноў пачуў гул самалётаў, рэха далёкіх выбухаў і запознены гук сірэны. Ён ужо ведаў, што наступнай працай стане гравюра, якая па-мастацку вобразна, не адлюстроўваючы ўсяго таго, што выклікала адпаведныя эмоцыі, увасобіць у сабе трывогу ад перажытага ў горадзе, дзе людзей арыштоўвалі, забівалі, вывозілі на прымусовыя работы, дзе было створана жудаснае гета і дзе, каб выжыць і пракарміць сям’ю, трэба было пастаянна шукаць заробак. Так з’явіліся на свет гравюры “Страхі”, а пазней “Смерць”. Праца над апошняю неаднаразова перапаўнялася паветранай трывогай. Так пад ныючыя гукі сірэны з’явілася на меднай пласціне выява старога ў лодцы. Па задуме мастака гэта быў Харон — перавозчык душ нябожчыкаў у падземнае царства Аіда.
На далейшую працу Валянціна натхнялі сустрэчы з былымі настаўнікамі, якія высока ацэньвалі яго творы. Разглядаючы апошнія работы свайго вучня, Л. Сляндзінскі, адзначыўшы іх танальнае багацце, сказаў, што тут нельга што-небудзь адняць ці дадаць. У час працы над цыклам “Трокі” мастак адчуў, што цяпер ён перайшоў да сапраўднага мастацтва і пачаў усведамляць, што графіка — гэта яго сапраўднае прызванне.

“Прамень”

Адной з самых рамантычных работ цыкла з’яўляецца медзярыт “Рабінзон”. Некалі маці падарыла адзінаццацігадоваму Валянціну на імяніны кнігу пра Рабінзона, якую хлопчык не раз з задавальненнем перачытваў. Потым ён даў пачытаць кнігу сябрам, і з таго часу яна хадзіла па руках, а вярнулася да гаспадара праз шмат гадоў. Валянцін шчыра ўзрадаваўся нечаканаму вяртанню і доўга не мог заснуць: яму мроілася гравюра з Рабінзонам.
Праз некалькі месяцаў пасля цудоўнага вяртання кнігі мастак пачаў маляваць “Рабінзона”. Яму ўдалося стварыць гравюру дзіўнай прыгажосці, у якой увасобіліся і дзіцячыя фантазіі, і ўспаміны пра тыя незабыўныя дні, калі ён вандраваў па астравах каля Тракайскага замка і адзін з астравоў нават лічыў сваім. Адзінокая фігура Рабінзона сярод маляўнічай прыроды побач са зламаным дуплаватым дрэвам, увітым хмелем, руіны замка, якія нагадваюць казачныя сюжэты, ствараюць неймаверна паэтычны і рамантычны настрой.
Напоўнены рамантыкай і паэзіяй і іншыя працы Валянціна: “Сарокі”, “Песня кахання”, “Белыя лілеі”, “Сава”. Мастака прыцягвала таямнічае мінулае старога замка, легенды яго руін. Ён дасягнуў вялікага майстэрства ў адлюстраванні пейзажа. Гэтыя творы пераносяць нас у далёкае мінулае роднай зямлі, якое было для мастака галоўнай крыніцай натхнення. Творы Валянціна Рамановіча сведчаць пра яго цікавасць да гісторыі, прыхільнасць да сівой даўніны. Самыя тонкія перажыванні душы мастак уклаў у гэтыя працы. Не выпадкова сваёй пяшчотнасцю, загадкавасцю, прыгажосцю яны зачароўвалі і людзей, далёкіх ад мастацтва, і прафесійных мастакоў. Усё тут абдумана і перажыта, і, відавочна, што сам працэс стварэння гравюр прыносіў мастаку станоўчыя эмоцыі.
Тракайскі замак і навакольная прырода заўсёды былі крыніцай натхнення для ўражлівай натуры мастака. Сэрца яго сціснулася, калі зноў наведаў любімыя мясціны і ўбачыў возера і шчарбатую верхавіну замкавай вежы. 10 гадоў прайшло з той пары, калі ён пачаў бываць у Троках. Вада на возеры здавалася перламутравай, сонца нібы пранізвала ізумрудную лістоту бяроз, калі Валянцін на лодцы накіроўваўся да знаёмага вострава. Пазней, вярнуўшыся ў замак, наведаў музей у падзямеллях і, нарэшце, забраўся ў круглую вежу і зрабіў шэраг замалёвак, натхніўшыся праектам новай гравюры пад назваю “Прамень”. Прамень надзеі ў змрочным царстве цемры стаў галоўным матывам гэтай працы. Гравюры дзіўнай прыгажосці, створаныя ў жудасны час смерці, хаосу і разбурэння, самі нагадваюць прамень, здольны азарыць цемру і змягчыць чалавечыя сэрцы, дзякуючы творцы, які прагнуў аддаваць іншым багацце сваёй душы.
Прыемнай навіной для мастака стала тое, што цыкл тракайскіх гравюр набылі караімскі музей і музей у Цельшах.
Ежы Гопэн, разглядаючы ў чарговы раз чароўную, як лёгкая мелодыя, графіку Валянціна, не хаваў свайго захаплення віртуозным майстэрствам вучня, у творах якога знаходзіў рэдкае і выключна шчаслівае спалучэнне выразнай формы і шчырага пачуцця, дзе ўсё прасякнута матывам добрага прыроджанага густу, у выніку чаго і нарадзілася сапраўднае мастацтва.

“Чорныя лілеі”

Пасля вызвалення Вільні Валянцін Рамановіч быў запрошаны ўпаўнаважаным у адну з устаноў, якая раней займалася справамі кансервацыі помнікаў, а на той час — рэгістрацыяй ваенных страт. Ён складаў спісы віленскіх помнікаў культуры, адначасова стварыў экслібрыс кіраўніка гэтай установы Пятра Ёдзяліса і чарговую гравюру тракайскага цыклу “Работа”.
Тэхніка гравюр Валянціна Рамановіча настолькі ўразіла спецыялістаў, што яму прапанавалі месца загадчыка хімічнай лабараторыі пры кафедры глыбокай гравюры ў Акадэміі мастацтваў, запрасілі таксама працаваць кансерватарам у музей.
Апошняя работа тракайскага цыклу “Сава” ўвасобіла ў сабе ўсё лепшае, чаго мастак дасягнуў у творчасці. Ад гэтай казачна прыгожай, загадкавай, неверагодна паэтычнай і рамантычнай гравюры, напоўненай самымі тонкімі перажываннямі майстра-віртуоза, немагчыма адвесці вачэй.І толькі кветкі траурнага колеру — чорныя лілеі, нібы прадказваюць хуткую трагедыю творцы.
Як толькі праца над цыклам “Трокі”, у які ўвайшлі 32 гравюры па медзі, была завершана, яго адразу набыў віленскі музей. Але ўбачыць альбом сваіх твораў, аб якім так марыў мастак, яму не давялося. Выпадкова арыштаваны і кінуты ў турму, ён загінуў у Лукішках. Дакладная дата яго смерці і месца пахавання невядомыя. Такім вось трагічным, на жаль, аказаўся лёс Валянціна Рамановіча. Ён пражыў усяго 33 гады. Яго талент не паспеў разгарнуцца на ўсю моц, але ў тых творах, якія ён пакінуў нам, адчуваецца рука сапраўднага Майстра.
Пасля трагічнай гібелі Валянціна Рамановіча яго творы экспанаваліся на выставах у Торуні (Польшча) у 1945, 1946, 1958 і 1987 гадах. У Беларусі работы мастака ўпершыню былі паказаны ў Карэліцкім раённым краязнаўчым музеі на выставе “Мастацкі свет Валянціна Рамановіча” ў 2001 годзе, дзякуючы пляменнікам мастака, Паўлу і Аляксею Багдановічам, якія прыехалі на ўрачысты вернісаж з Вільнюса.
На адкрыцці выставы прысутнічалі таксама беларускія мастакі —Уладзімір Басалыга, Кастусь Качан, Рыгор Сітніца, а таксама пісьменнік Яўген Лецка, якія адзначылі высокі мастацкі ўзровень работ Валянціна Рамановіча і заўважылі, што вяртанне яго імені на радзіму — значная падзея ў культурным жыцці Беларусі.
На выставе, адкрытай у Карэліцкім раённым музеі да 100-годдзя з дня нараджэння мастака, прадстаўлены цыкл гравюр “Трокі” і ўнікальныя фотаздымкі 1930-х гадоў. Даведацца больш падрабязна пра лёс мастака, убачыць рэпрадукцыі яго работ і фотаздымкі можна будзе ў кнізе “Лебядзіная песня Валянціна Рамановіча”, якая нядаўна выйшла ў выдавецтве “Кнігазбор”.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.