Міністр інфармацыі Рэспублікі Беларусь Алег Праляскоўскі наведаў Гродна

Міністр інфармацыі Рэспублікі Беларусь Алег Праляскоўскі наведаў Гродна.
Пачаўся візіт з наведвання Гродзенскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Янкі Купалы.
У старэйшым ВНУ Гродзеншчыны кіраўнік мініс-тэрства наведаў адну з самых маладых кафедраў — кафедру журналістыкі. У  2012 годзе дыпломы аб атрыманні спецыяльнасці тут уручаць толькі  трэцяму  выпуску журналістаў. Але  задачы перад калектывам — сур’ёзныя.
— Будучы год стане годам развіцця рэгіянальнага тэлебачання. Трэба больш рыхтаваць спецыялістаў для электронных сродкаў масавай інфармацыі, — паставіў задачу Алег Праляскоўскі.
Загадчыца кафедры Тамара Піваварчык гаварыла пра кадравы патэнцыял. З 15 педагогаў — 2 доктары навук, 4 — кандыдаты навук. У перспектыве — адкрыццё магістратуры.

— Лічу, што на кафедры журналістыкі важна не раздзяляць тэорыю і практыку, — падкрэсліў міністр інфармацыі. — Педагогі самы павінны пастаянна друкавацца, выступаць па тэлебачанні і ў радыёэфіры.
На сустрэчы з калектывам і студэнтамі ўніверсітэта Алег Праляскоўскі расказаў аб дзейнасці Міністэрства.
— Насаджаецца думка аб адсутнасці свабоды слова ў нас у краіне. Яна памылковая, — адзначыў міністр. — З 1394 друкаваных выданняў, зарэгістраваных у Беларусі, толькі 406 — дзяржаўнай формы ўласнасці. Аналагічныя суадносіны і сярод электронных СМІ, інфармацыйных агенцтваў.
Акцэнтавалася ўвага на апошніх даручэннях кіраўніка дзяржавы і ўрада Рэспублікі Беларусь.
— Амаль 15 гадоў працую ў камандзе з Прэзідэнтам і ўсе гэтыя гады чую ад яго ключавыя словы “энергазберажэнне” і “імпартазамяшчэнне”, — абазначыў Алег Праляскоўскі. — Ёсць маштабныя дзяржаўныя праграмы па абазначаных напрамках, але пакуль не дапрацоўваем па іх.
Для збалансавання эканомікі ў будучым Беларусі трэба будзе адмовіцца ад пасрэднікаў у набыцці тавараў і паслуг, шырэй выкарыстоўваць уласныя рэсурсы. Вялікая стаўка робіцца на навуковы патэнцыял краіны.
Буйныя змяненні адбываюцца ў сферы адукацыі. Узрастаюць патрабаванні да выпускнікоў ВНУ, а адпаведна да спецыялістаў, якія прыходзяць на рабочыя месцы.
— Прэтэндэнты на службу ў дзяржапараце абавязкова павінны валодаць замежнай мовай, — лічыць Алег Праляскоўскі.
*  *  *
У гэты ж дзень міністр інфармацыі сустрэўся з калектывам “Гроднааблсаюздруку” і  пабываў у рэдакцыі газеты “Гродзенская праўда”.
У размове з журналістамі міністр падкрэсліў, што важным дасягненнем апошніх гадоў лічыць той факт, што беларускі друкаваны і тэлевізійны прадукт выцясняе замежны з інфармацыйнай прасторы. Узрастае прывабнасць раённых газет. Некаторыя з іх у рэйтынгу папулярнасці дзеляць пазіцыі з “Советской Белоруссией”. Разам з тым шырокае развіццё інтэрнэт-тэхналогій накладвае свой адбітак.
— СМІ павінны ісці ў нагу з часам, — адзначыў Алег Праляскоўскі. — Месца аператыўнай інфармацыі — на сайтах друкаваных сродкаў, аналітыкі і публіцыстыкі — на звыклых папяровых носьбітах.
Дарэчы, апошнія навіны Гродзеншчыны Алег Праляскоўскі даведаўся па шляху ў абласны цэнтр на сайтах газет.
— Выданні вашай вобласці і асабліва “Гродзенская праўда” займаюць дастойнае месца на інфармацыйным рынку Беларусі, — абазначыў міністр.
Дарэчы, першую нараду па стварэнні рэгіянальных тэлекампаній ужо ў пачатку будучага года вырашана правесці на базе Лідскага раёна.
Сур’ёзная перспектыва — стварэнне медыяхолдынгаў. З часам, як адзначыў міністр, усе буйныя рэспубліканскія і абласныя СМІ будуць мець уласныя тэле- і радыёпраграмы.
Алег Праляскоўскі наведаў музей газеты “Гродзенская праўда”. Убачанае натхніла міністра на стварэнне ў будучым аналагічнага музея рэспубліканскага маштабу.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.