“Мы шчыра ўдзячны за клопат улады і будзем шанаваць зробленае”

На адсутнасць увагі да нашага раёна карэліччане паскардзіцца не могуць. Сюды едуць не толькі турысты з бліжняга і далёкага замежжа, урадавыя дэлегацыі, парламентарыі краін СНД, прадстаўнікі дыпламатычных місій. Тут рашаюцца праблемы сацыяльна-эканамічнага развіцця дзяржавы на ўзроўні Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь, кіраўніка ўрада, галіновых рэспубліканскіх ведамстваў, абласных кіраўніцкіх структур.
Не выключэнне і бягучы год, які стаў адметным у тым плане, што Карэліччына ўпершыню прымала лепшых аграрыяў вобласці. Тут усенародна і ўрачыста ўшаноўвалі людзей самай мірнай прафесіі на зямлі — хлебаробаў Прынёманскага краю, якія заслужылі гэта па праву, бо хлеб ніколі не даваўся чалавеку лёгка.
Мала часу было адведзена на падрыхтоўку да свята. Але жыхары раёна, якія багаты на баявыя і працоўныя традыцыі і здабыткі, узяліся за справу дружна.

 

Былі мабілізаваны ўсе матэрыяльныя, тэхнічныя і людскія рэсурсы, вызначаны аб’екты і аб’ёмы добраўпарадкавання, пазначаны тэрміны выканання работ, ход якіх пастаянна кантраляваўся выканаўчай і распарадчай уладай. Аператыўны штаб імгненна рэагаваў на любыя няўвязкі, нестыкоўкі паміж арганізацыямі, забяспечваў пастаўку будаўнічых матэрыялаў, ажыццяўляў манеўр спецыяльнай тэхнікай і механізмамі.
Спакойныя, патрыярхальныя Карэлічы адначасова ператварыліся ў адну вялікую будаўнічую пляцоўку. Разам працавалі будаўнікі, дарожнікі, энергетыкі, камунальныя і іншыя службы. А для скептыкаў знайшлася чарговая прычына пазласловіць, маўляў, развалілі ўсё дашчэнту, а калі адновяць?
На шчасце, аптымістаў больш, чым скептыкаў, і веру ў добрае яны падмацоўваюць асабістым удзелам у добрых справах, стараннай, добрасумленнай працай на карысць роднага пасёлка, незалежна ад таго, дзе працуюць, чым займаюцца. Яны жывуць у Карэлічах і імкнуцца, каб пасёлак стаў сапраўдным еўрапейскім гарадком, а жылося ў ім камфортна, прыгожа, утульна і спакойна.

Важкі ўклад у справу добраўпарадкавання ўнеслі спецыялісты і рабочыя ДРБУ-158, ААТ “Карэліцкая сельгастэхніка”, РУП ЖКГ, прадпрыемствы “Літаўр”, “Баярыбуд”, а таксама дарожнікі і будаўнікі з Дзятлава, Навагрудка, Слоніма, Шчучына, Свіслачы, Ваўкавыска.
Намаганні кіраўніцтва раёна, адпаведных арганізацый, службаў і ўстаноў ацанілі госці з усіх раёнаў вобласці. Гэтак жа, як найлепшыя і незабыўныя ўражанні засталіся ў іх ад наведвання г. п. Мір і Мірскага замка.
А вось як ацэньваюць добраўпарадкаванне Карэліч жыхары райцэнтра.
Т. Р. АРДА, Герой Сацыялістычнай Працы:
— Параўноўваю наш пасёлак з былымі гадамі і з задавальненнем бачу тыя значныя перамены, якія адбываюцца ў Карэлічах. Жыву недалёка ад гімназіі. Памятаю, як будавалася гэта навучальная ўстанова, як спакваля прыбіралася яе тэрыторыя, прыгажэла. А ўсё кардынальна змянілася ў гэтым годзе з прыходам будаўнікоў, якія зрабілі капітальную рэканструкцыю, добраўпарадкавалі тэрыторыю, якая вабіць вока сёння і школьнікаў, і педагогаў, і нас, жыхароў раёна.
Мяне часта запрашаюць на ўрачыстыя мерапрыемствы, і я бачу, як змяніўся цэнтр пасёлка, а раённы Дом культуры з шэрага гмаху набыў абрысы сапраўднага палаца, куды прыемна людзям зайсці і не сорамна гасцей запрасіць.
Святое месца — мемарыяльны комплекс “Зорка” і брацкія могілкі загінулых воінаў і партызан, землякоў. Жыву насупраць і ведаю, колькі сродкаў і працы ўкладзена апошнім часам у іх рэканструкцыю, колькі ўвагі і клопату надаецца іх утрыманню ў чысціні і парадку. І вельмі радуе, што гэтым займаецца не толькі ўлада і камунальная служба, але і школьнікі, і навучэнцы ліцэя.
Побач — раённая бальніца і паліклініка. Звонку яны быццам не змяніліся, хаця падтрымліваюцца ў належным стане будынкі і тэрыторыя. Затое ўнутры змены велізарныя. Дзякуючы мэтанакіраванай дзейнасці выканаўчай улады ў аддзяленнях створаны ўсе ўмовы для камфортнага знаходжання хворых, а кабінеты пастаянна папаўняюцца сучасным медыцынскім абсталяваннем. Усё гэта дзеля здароўя і добрага настрою людзей.
Як і ўсе, карыстаюся паслугамі гандлю, бытавога абслугоўвання насельніцтва. Што і казаць. Пасля рамонту і матэрыяльна-тэхнічнага перааснашчэння ў іх прыемна зайсці, зручна карыстацца. Чаго яшчэ пакупнікам і кліентам трэба?!
Разумею, што ў наш няпросты час адразу ўсё зрабіць немагчыма. Але ж улада знайшла сродкі на добраўпарадкаванне, ні на ёту не скарачаючы важнейшых сацыяльных праграм. Веру, што праца ў гэтым накірунку будзе прадоўжана.
Добраўпарадкаванне райцэнтра было прымеркавана да абласнога свята. Але святы прыходзяць і адыходзяць, а зробленае застаецца і будзе доўга служыць людзям.
Дзякуй уладзе за гэта!
В. А. БРАНІЦКІ, дырэктар СШ № 2 г. п. Карэлічы:
— Бягучы навучальны год для дырэкцыі, педагагічнага і вучнёўскага калектываў нашай школы праходзіць, як ніколі, спакойна. Па-першае, адрамантаваны дах школы, на што раённы выканаўчы камітэт выдаткаваў 120 мільёнаў рублёў. І што важна, зроблена гэта своечасова, бо перазімаваць без рамонту было б праблематычна. Добры падарунак атрымала ад райвыканкама і школьная сталовая, для якой закуплена мэбля і абсталяванне на 25 мільёнаў рублёў. З дапамогай выканаўчай улады адрамантавана бегавая дарожка на школьным стадыёне.
На фоне такога маштабнага праекту па добраўпарадкаванні райцэнтра нашы радасці могуць паказацца дробязнымі. Але гэта не так. І вось чаму. Пасля рэканструкцыі вуліц Савецкая і Гастэлы значна палепшылася бяспека вулічнага руху, бо калі раней дарослыя і дзеці вымушаны былі ісці па праезнай частцы, зараз для гэтага служаць добраўпарадкаваныя тратуары, разметка пешаходнага перахода, агароджа на выхадзе са школы, выдатнае вулічнае асвятленне, добраўпарадкаваная стаянка для аўтамабіляў.

Дзеці бачаць зробленае бацькамі, карыстаюцца гэтым. Наша задача — навучыць іх цаніць клопат улады, шанаваць працу дарослых.
М. У. ПАРФЁНКА, намеснік старшыні СВК “Лукі-Агра” па ідэалагічнай рабоце:
— Вельмі патрэбную справу зрабілі ў нашым пасёлку. Ведаю, што добраўпарадкаванне дорага каштавала, але сродкі вартыя пастаўленай мэты. Да гэтага года на вуліцах Савецкай і Гастэлы не было сапраўдных тратуараў, праезная частка таксама жадала лепшага. Цяпер тут пакладзена тратуарная плітка, асфальтабетоннае пакрыццё, устаноўлены аднатыпныя жалезабетонныя агароджы, пафарбаваны драўляныя платы, сучаснае вулічнае асвятленне, разбіты газоны.
Гэта дазволіла вырашыць адразу шэраг праблем. Па-першае, забяспечана бяспека дарожнага руху для дарослых, вучняў, вадзіцеляў аўтамабіляў. Яны не перашкаджаюць другім на праезнай частцы, не рызыкуюць сваім жыццём. Па-другое, палепшыўся эстэтычны выгляд. Шырокія вуліцы, пазбавіўшыся хмызнякоў, выбоін і ямаў, паветраных ліній электраперадач, прэтэндуюць стаць ці не галоўнымі ў пасёлку. Прынамсі, так лічаць тыя, хто не быў у Карэлічах нават першыя паўгода. Так лічаць і мясцовыя жыхары.
П. Д. ЯХАНТ, ветэран Вялікай Айчыннай вайны:
— У Карэлічах жыву з 1961 года. Шмат пабачыў на сваім вяку. Ваеннае ліхалецце, папялішчы, руіны. Душа радавалася, калі пачалося аднаўленне гарадоў і вёсак.
Прыкладна такі настрой у людзей майго пакалення сёння, калі другое нараджэнне перажываюць Карэлічы. Нельга сказаць, што добраўпарадкаваннем райцэнтра не займаліся раней былыя кіраўнікі раёна. Але такі маштаб, як сёлета, пабачыў упершыню.
Прайшло нейкіх два месяцы і не пазнаць стала пасёлка. За такі кароткі прамежак часу “апрануліся” ў асфальт не толькі галоўныя вуліцы, рэканструявана плошча, але і завулкі, дзе панавала непралазная гразь.Не стала паўз вуліц хмызнякоў, аварыйных дрэў, знікла балота каля рынку, дзе закладзены новы сквер, рэканструяваны сквер Мікалая Арцюха, насупраць якога жыву. Не сорамна сёння перад прыезджымі за прывакзальную плошчу, вуліцу Прытыцкага.
У месцах грамадскага карыстання абуладкаваны газоны, кветнікі, пракладзены тратуары, працягваецца азеляненне, устаноўлены новыя, прыгожыя платы, у тым ліку і каля маёй сядзібы.
Фарбамі вясёлкі ззяюць сёння жылыя дамы пасёлка, магазіны, будынкі арганізацый і ўстаноў аховы здароўя, адукацыі, культуры.
І ўсё гэта дзякуючы неабыякавасці да пасёлка старшыні райвыканкама В. Л. Шайбака, умельству і прафесіяналізму будаўнікоў, дарожнікаў, камунальнікаў, энергетыкаў і іншых службаў.
Ад імя ветэранаў шчыра дзякую ўладзе за клопат, а спецыялістам — за добрую работу на карысць усіх людзей. Маю надзею, што добраўпарадкаванне прадоўжыцца, а мы будзем шанаваць зробленае.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.