Натхнёны выразнік запаветных дум і жаданняў народа

I застаўся ты ў нашых душах,
Хоць навекі знік у палях,
Вечна светлы і вечна дужы,
Вечна юны, як наша зямля.
(Уладзімір КАРАТКЕВІЧ).
Сёлета грамадскасць будзе адзначаць 120-годдзе з дня нараджэння Максіма Багдановіча. У гісторыі беларускай літаратуры яго імя адно з найпрыгажэйшых і, разам з тым, найбольш трагічных. Таленту яму было дадзена ад прыроды столькі, што ён мог бы выкрасаць ім чарадзейны агонь паэзіі яшчэ і сёння.
9 снежня 1891 года ў Мінску нарадзіўся чалавек незвычайнага таленту і лёсу. Калі хлопчыку было 7 месяцаў, сям’я пераехала ў Гродна. Тут і прайшло яго маленства. А калі Максіму было 5 гадоў, ад раптоўных сухотаў памерла маці, і ў сярэдзіне лістапада 1896 года бацька Адам Ягоравіч з дзецьмі пераехаў ў Ніжні Ноўгарад (куды атрымаў перавод па службе).
Вучыцца Максім пачаў з шасці гадоў. Да гэтага з ім займаўся бацька, які меў педагагічную адукацыю. У 1902 годзе Максім паступіў у Ніжагародскую мужчынскую гімназію. Калі юнаку было 16 гадоў, віленская газета “Наша ніва” надрукавала яго першы твор — апавяданне “Музыка”. Максімам-кніжнікам называлі яго бацька і сябры-гімназісты. Кнігі ляжалі ў яго на стале, ён прыносіў іх з гімназічнай і ліцэйскай бібліятэк, ад знаёмых — адусюль, дзе толькі можна было іх дастаць. Усе, хто ведаў паэта, не праміналі кожны раз заўважыць, што гэта быў прыгожы юнак, высокі, з каштанавымі валасамі, з карымі вачыма, адухоўленым тварам. У сямнаццаць гадоў ён ужо піша вершы. Таленавіты ад прыроды, надзелены паэтычнай душой, Максім піша на роднай беларускай мове.
Багдановіч — надзвычайны лірык. Яго паэзія багатая шчырымі і хвалюючымі пачуццямі. Пра што б ні пісаў: пра лёс Радзімы і народа, пра каханне, — творы яго гучаць свежа, хвалююча, надзвычай прыгожа. Вялікую ролю ў ранняй творчасці М. Багдановіча займаюць вершы аб велічы і харастве прыроды. Свет прыроды, бясконца разнастайны ў сваіх формах, гуках і колерах, любоў да рознай пары года і ў любую часіну дня хвалявалі паэта.
Плакала лета, зямлю пакідаючы;
Ціха ліліся слязінкі на поле.
Але прыгожаю восенню яснаю
Там, дзе ўпалі яны, вырасталі
Кветкі асеннія, кветкі, успаённыя
Тугою, горам, слязінкамі лета.
Кветкі асеннія, родныя, бледныя!
Выраслі вы, каб ураз жа і згінуць.
Можа таму — то душа не адарваная
Гэдак любоўна вянок з вас сплятае.

Вершы Максіма Багдановіча аб прыродзе здзіўляюць сваёй маляўнічасцю, тонкасцю ў перадачы абрысаў і ліній, фарбаў і гукаў. Таго, хто хоць раз любаваўся, як дагарае летні дзень і апускаюцца ціхія цёплыя прыцемкі, хто ў такія хвіліны аддаваўся ўвесь зроку і слыху, верш не можа не зачараваць. Багдановіч не любуецца хараством чароўных пейзажаў зводдаль, не стаіць недзе збоку: ён — сярод прыроды і ў самой прыродзе, нібы яе неад’емная часцінка. Прыгадаем яго дзівосны акварэльны малюнак “Вечар на захадзе ў попеле тушыць…”
Вечар на захадзе ў попеле тушыць,
Кучу чырвоных кавалкаў вугля;
Ціха ўсё; вецер лістка не зварушыць,
Не скалыхнуцца ні траўкай паля;
Цёмныя цені даўжэй у лагчыне,
Птушкі прыстаўшай марудней палёт;
Сумна плыве маладзік бледна-сіні
У небе вячэрнім, зялёным, як лёд…

Багдановіч лічыўся б выдатным паэтам нават тады, калі б ён нам пакінуў толькі вершы аб прыродзе. На шчасце, яго паэтычны талент шчодра раскрыўся не толькі ў пейзажнай лірыцы, але і ў творах сацыяльна-грамадскага зместу, і ў вершах пра каханне.
Калісьці Бялінскі пісаў, што паэт ніколі не стане вялікім ад самога сябе, а толькі выражаючы душу народа і свой час. Багдановіч якраз і стаў натхнёным выразнікам запаветных дум, жаданняў народа. Жыццё працоўнага народа, яго змаганне за лепшую долю, імкненне выбіцца на шлях свабоды і шчасця — усё гэта знаходзіла ў душы паэта гарачы водгук.
Яшчэ да таго, як прыехаць на дваццатым годзе свайго жыцця ў Беларусь, паэт ведаў: у краіне казачных бароў і пушчаў, азёр і рэк, гаруе і пакутуе шматмільённы працоўны народ. Паэт ведаў, што гора сціснула дыханне народа і пануе паўсюды: і пад саламянымі стрэхамі вясковых хат, і на “жорсткім дне” гарадскіх вуліц. Яно раскінулася шырока, як мора, і затапіла ўвесь “выкляты богам край”.
Брацця! Ці зможам грамадскае гора?
Брацця! Ці хваце нам сілы?!

— трывожна і гнеўна ўсклікае паэт, якому балюча бачыць столькі няпраўды і крыўды. I замест ціхай песні пра свае “загубленыя дні” ў яго сэрцы выспявае песня гневу, “якая грозна разліваецца, грыміць, долю горкую, мужыцкую кляне”. За песняй-праклёнам прыходзіць поўная рашучасці і веры ў перамогу песня-заклік.
Беларусь, твой народ дачакаецца
Залацістага, яснага дня.
Паглядзі, як усход разгараецца,
Сколькі ў хмарках залётных агня…

З жыццём Багдановіча цесна звязаны лёс Ганны Кукуевай. Яна — сястра таварыша Максіма, гімназістка, удзельніца студэнцкіх вечарынак, на ўсё жыццё паланіла сэрца паэта. Гэта была прыгожая дзяўчынка з тонкімі рысамі твару і цёмнымі вачыма. Добра ведала некалькі замежных моў, цудоўна іграла на піяніна. Светлае пачуццё кахання стала асновай да паэмы “Вераніка”, дзе паэт стварыў вобраз каханай, поўнай красы і чароўнасці, прысвяціў ёй некалькі вершаў.
Але марам паэта не суджана было здзейсніцца, яны мелі зусім нядоўгі век. Цётка Ганны, якая апекавала дзяўчыну, зведаўшы пра хваробу Максіма на сухоты, робіць усё, каб перашкодзіць каханню і амаль сілаю выдае яе замуж за другога. Розумам паэт адчуваў заканамернасць такога выхаду. Розумам, але не душой.
Мне доўгае растанне з Вамі
Чарней ад вашых чорных кос.
Чаму ж нядобры час прынёс
Мне доўгае растанне з Вамі?
Я пабляднеў ад горкіх слёз
I трыялет пачаў славамі:
Мне доўгае растанне з Вамі
Чарней ад вашых чорных кос.

Восенню1916 года, пасля заканчэння юрыдычнага ліцэя, Багдановіч пераязджае ў Мінск і ўладкоўваецца на службу ў губернскую харчовую камісію. Але пагібельная хвароба, якая ўвагнала ў магілу яго маці і старэйшых братоў, адолела і Максіма. Хворы і без таго, ён з’явіўся на кватэру Змітрака Бядулі зусім знясілены, задыхаўся, пляваўся згусткамі крыві. Сёстры Бядулі даглядалі яго, але хворы быў прыдзірлівы, злосны.
Быў гатовы рукапіс другой кнігі, але ён вырашыў — “не, не цяпер, калі гіне Беларусь”. Ён адмаўляўся нават ад цукру — “хіба можа ён есці цяпер, калі тысячы дзяцей гінуць на дарогах без кавалка хлеба!”.
Нарэшце сябрам удалося сабраць грошы, і Максім паехаў на поўдзень на лячэнне. Блізілася трагічная развязка. Паэт гэта ведаў і яшчэ больш настойліва працаваў: думкі і пачуцці, якімі ён жыў, так і прасіліся на паперу.
Ужо пара дадому збірацца.
Вечар позні, а час не стаіць.
Ах, калі б ты магла здагадацца,
Як не хочацца мне ўхадзіць.
Думкі нудныя зноў закружацца,
Сэрца чулае, зноў забаліць…
Ах, калі б ты магла здагадацца,
Як не хочацца мне ўхадзіць.

Горка было яму ведаць, што яго чакае. Шмат яшчэ было не зроблена паэтам, засталося шмат задумак. Вясна 1917 года стала яго апошняй вясной. Памёр ён на досвітку 25 мая.
Вялікім ударам для беларускай літаратуры стала заўчасная смерць Максіма Багдановіча. Ён памёр, пражыўшы ўсяго 25 гадоў, у буйным росквіце сваіх творчых сіл. Многія літаратары ў такім узросце толькі пачынаюць тварыць. Але, нягледзячы на пакутлівае і такое бязлітасна кароткае жыццё, Багдановіч — гэта зорка для Беларусі, бо ў яго вершах — душа народа, вершы яго — заклік да адраджэння. I колькі часу не пройдзе, ён будзе лепшай памяццю Беларусі. У нашай краіне яго імем названы школы, музеі, бібліятэкі, вуліцы. У нашых Карэлічах ёсць таксама вуліца Максіма Багдановіча. Рана пайшоў з жыцця малады, таленавіты пісьменнік. Але ў сэрцах людзей, у нашай памяці ён застанецца назаўсёды. Прывяду верш Міколы Аўрамчыка:
Узняло касачы
Над табою жыццё,
Над тваім незгараючым сэрцам,
Узняло, як мячы,
Каб працяць небыццё
I ахоўваць паэта бяссмерце.

Добавить комментарий