Пытанні розныя. На іх дадзены адказы

30 лістапада 2011 года адбылася “прамая лінія” з першым намеснікам старшыні райвыканкама, начальнікам упраўлення сельскай гаспадаркі і харчавання райвыканкама С. В. БАРЫЧЭЎСКІМ.
Паступілі наступныя пытанні.
А. А. Царук, в. Пагарэлка: Калі будзе адрамантавана лазня, якая знаходзіцца паміж вёскамі Пагарэлка і Быковічы?
— Пытанне аб рамонце лазні разгледжана на пасяджэнні праўлення СВК імя У. З. Царука, дзе прынята рашэнне ўключыць рамонт лазні ў план будаўнічых работ на другое паўгоддзе 2012 года (адказ дадзены в. а. старшыні СВК імя У. З. Царука С. А. Валынцом).
Заяўнік не прадставіўся: Чаму пенсіянерцы з Расійскай Федэрацыі, якая жыве ў дадзены момант у г. п. Карэлічы, плацяць пенсію ў беларускіх рублях, а не ў расійскіх?
— Парадак выплаты пенсій, назначаных у адпаведнасці з Дагаворам паміж Рэспублікай Беларусь і Расійскай Федэрацыяй аб супрацоўніцтве ў галіне сацыяльнага забеспячэння ад 24 студзеня 2006 года, рэгулюецца Пагадненнем паміж Міністэрствам працы і сацыяльнай абароны Рэспублікі Беларусь, Міністэрствам аховы здароўя Рэспублікі Беларусь, Міністэрствам фінансаў Рэспублікі Беларусь і Міністэрствам аховы здароўя і сацыяльнага развіцця Расійскай Федэрацыі аб прымяненні дагавора паміж Рэспублікай Беларусь і Расійскай Федэрацыяй аб супрацоўніцтве ў галіне сацыяльнага забеспячэння ад 24 студзеня 2006 года, уступіўшым у сілу 15 сакавіка 2011 года. У адпаведнасці з артыкулам 14 Пагаднення перавод сум пенсій, назначаных у адпаведнасці з Дагаворам, і іх выплата ажыццяўляецца ў нацыянальнай валюце той краіны, на тэрыторыі якой асоба жыве, па курсах валют, афіцыйна апублікаваных адпаведна з Нацыянальным банкам Рэспублікі Беларусь і Цэнтральным Банкам Расійскай Федэрацыі і дзейнічаючых на дзень выканання аперацыі (адказ дадзены начальнікам упраўлення па працы, занятасці і сацыяльнай абароне райвыканкама І. А. Богуш).
А. Б. Батоеў, г. п. Карэлічы, вул. Палявая, д. 4: Дрэнна працуе кабельнае тэлебачанне ў жыхароў вуліц Чэхава, Палявая, Кастрычніцкая.
Жыхары вуліц Гастэлы і Гагарына: дрэнна працуе кабельнае тэлебачанне па вул. Гастэлы, дамы 28 і 30, па вул. Гагарына, дом. 28.
— На зніжэнне якасці трансляцыі кабельнага тэлебачання можа уплываць шэраг фактараў: гэта частыя адключэнні электраэнергіі ў месцах устаноўкі кабельных узмацняльнікаў, непрадбачаныя  парывы тэхнікай кабеля, а таксама прыродныя з’явы (моцныя  вятры, вялікія дажджы, рэзкія змены тэмпературы паветра і г. д.).  Асабліва ўплываюць на якасць незаконныя падключэнні грамадзян пасёлка ў цэнтральны кабель.
Тэхнічны персанал тэлекампаніі забяспечаны транспартам і здольны ліквідаваць непаладкі ў сетцы на працягу некалькіх гадзін (па дагаворных умовах — на працягу трох сутак).
Дырэкцыя тэлекампаніі “Анкор-ТБ” прыме ўсе меры для змяншэння падобных зваротаў абанентаў (адказ дадзены дырэктарам ААТ “Анкор-ТБ” С. В. Лычкоўскім).
Паступіла просьба ад жыльцоў дома № 62 па вул. Танкістаў  у г. п. Мір і дамоў № 1, 3, 5 па вул. Міру  наладзіць работу каналізацыі.
— 2 снежня 2011 года работнікамі РУП ЖКГ зроблена ачыстка каналізацыйнай сістэмы па ўказаных адрасах (адказ дадзены начальнікам аддзела жыллёва-камунальнай гаспадаркі райвыканкама Р. А. Забродскай).
Жыхары вёсак Лядкі і Пагарэлка: просьба прагрэйдзіраваць дарогу паміж вёскамі.
— Работы па грэйдзіраванні дарогі выкананы ў пачатку снежня 2011 года (адказ дадзены начальнікам ДРБУ-158 Г. Я. Драздовым).
А. І. Мяцеліца, в. Забалацце, д. 18, Малюшыцкі сельсавет: не гарыць ліхтар каля дома.
—16 снежня 2011 года зроблена замена лямпачак у ліхтарах (адказ дадзены старшынёй Малюшыцкага сельвыканкама В. А. Дзірвуком).

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.