РОДНАЕ ПОЛЕ

У жыцці чалавек прывыкае да ўсяго, а да добрага — найхутчэй. У Івана Сцяпанавіча ўсё па-іншаму: яму не трэба прызвычайвацца да чагосьці ў жыцці.  Сам добра ведае, што трэба для шчасця: моцна любіць  родныя мясціны і зямлю, на якой працуеш.
Зямля — аснова з асноў. Чаго чалавек быў бы варты без яе? А пакланіся ёй ды прыкладзі рукі — будзеш многае мець. І для душы, і ў матэрыяльным плане. Толькі пастарайся, каб твая праца дала добры вынік.
Іван Сцяпанавіч усё жыццё працуе на зямлі. Ён вырошчваў “другі хлеб”: садзіў, даглядаў, убіраў бульбу. У былым калгасе “Ленінскі шлях” было створана звяно, у склад якога ўваходзілі Генадзій Мікалаевіч Буй, Сяргей Міхайлавіч Кажура, Аляксандр Аляксандравіч Троска. Адразу апрацоўвалі поле плошчай у 220 гектараў, а затым  — 160-180.  Добрую ўраджайнасць (складала 300-400 ц/га) давалі сарты бульбы “Явар”, “Скарб”, “Агрэта”.
Працаваў Іван Сцяпанавіч і на іншых сельскагаспадарчых работах — уносіў арганіку, вазіў сена…  Куды б ні накіроўвалі, да даручанага ўчастка работы  адносіўся так, як падказвала сумленне: сур’ёзна і з усёй адказнасцю.
“Хочацца рабіць на зямлі, пакуль ёсць сілы і жаданне. Працуеш — і па-іншаму сябе адчуваеш,  настрой маеш, карысць ад работы ёсць і людзям, і табе”, — зазначае суразмоўца.
Больш трыццаці гадоў жыве Іван Сцяпанавіч у Церавічах. Яго спадарожніца жыцця — Тамара Іванаўна — працавала бухгалтарам у мясцовым калгасе. У маляўнічым куточку пабудавалі свой дом. Асабістую гаспадарку трымаюць, бульбу і гародніну вырошчваюць — без гэтага ніяк нельга на вёсцы.
— А бацькі нашы, — успамінае гаспадар, — на фермах працавалі. Вучыцца было ў каго, а расслабляцца  — гэта не па-нашаму. Зямля — карміцелька. Не будзеш шчыраваць — не будзеш мець.
Праца Івана Сцяпанавіча Чэчата высока ацэнена: ён удастоены ордэнаў Працоўнай Славы ІІ і ІІІ ступеняў.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.