Разам супраць катастроф і бедстваў

На працягу трох дзён у Гродзенскай вобласці працавала сумесная беларуска-латвійская Рабочая група па супрацоўніцтве ў галіне папярэджання катастроф, стыхійных бедстваў, іншых надзвычайных сітуацый.
Чарговае, пятае, пасяджэнне групы адкрыў міністр па надзвычайных сітуацыях Рэспублікі Беларусь У. А. Вашчанка.
Вітаючы калег, Уладзімір Аляксандравіч  падкрэсліў, што супрацоўніцтва выратавальнікаў краін-суседак служыць гуманнай ідэі абароны насельніцтва ад прыродных і тэхнагенных катаклізмаў, дазваляе скаардынаваць дзеянні выратавальнікаў па прадухіленні надзвычайных сітуацый, а ў выпадку іх узнікнення, накіраваць сумесныя сілы  і сродкі на ліквідацыю іх наступстваў.
Кіраўнік латвійскай дэлегацыі, начальнік Дзяржаўнай пажарна-выратавальнай службы Латвійскай Рэспублікі Оскарс Аболіньш зазначыў, што сам факт знаходжання дэлегацый абедзвюх краін за адным сталом сведчыць аб сур’ёзных намерах на плённы працяг супрацоўніцтва ў плане абмену вопытам работы ў гэтым накірунку, тэхнічнымі і тэхналагічнымі, арганізацыйнымі напрацоўкамі.
Ад імя раённага выканаўчага камітэта, дэпутацкага корпуса гасцей вітаў старшыня раённага Савета дэпутатаў А. В. Шкадаў, які пажадаў выратавальнікам плённай работы дзеля забеспячэння нармальнай жыццядзейнасці людзей.
— А паколькі гэта ўжо пятае пасяджэнне, — гаварыў Аляксандр Віктаравіч, — то ёсць нагода і магчымасць прааналізаваць сумесную работу на пройдзеным шляху, вызначыць задачы, напрамкі дзейнасці на перспектыву, абмяняцца вопытам работы ў гэтым накірунку.
Затым у канферэнц-зале Мірскага замка адбылося пленарнае пасяджэнне Рабочай групы, на парадак дня якога выносіліся пытанні: справаздача аб рэалізацыі Пратакола 4-га пасяджэння беларуска-латвійскай Рабочай групы і плана Рабочай групы; папярэджанне і ліквідацыя надзвычайных сітуацый у сельскай мясцовасці; абмен вопытам па прадухіленні пажараў і гібелі людзей ад іх; прафілактычная работа з насельніцтвам; абмен вопытам па выкарыстанні тэхнічных сродкаў і тэхналогій для ліквідацыі надзвычайных сітуацый у сельскай мясцовасці; праблемныя аспекты забеспячэння маланкааховай будынкаў і пабудоў у сельскай мясцовасці; асноўныя праблемы ў гэтай галіне; узаемадзеянне з іншымі дзяржорганамі; арганізацыя і забеспячэнне функцыянавання адзінай службы кіравання падраздзяленнямі экстранага рэагавання.
Лагічным завяршэннем пасяджэння стала падпісанне адпаведных дамоў аб далейшым супрацоўніцтве.
Госці таксама азнаёміліся з экспазіцыяй музея ў Мірскім замку.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.