Са сталіцы ў глыбінку

Не думаў-не гадаў карэнны мінчанін Ігар Ягораў, што калі-небудзь лёс закіне яго ў вёску. Абраўшы запатрабаваную на рынку працы прафесію інжынера-механіка, планаваў працаваць пад Мінскам у райаграсэрвісе. Але па размеркаванні трапіў у СВК “Цырын-Агра” і працуе інжынерам-механікам у мехмайстэрні в. Альшаны.
Напачатку перспектыва працаваць у глыбінцы, як прызнаецца малады спецыяліст, не вельмі ўзрадавала, але прыбыўшы на месца, аматар тэхнікі прыемна здзівіўся: гаспадарка мела добрую тэхнічную аснашчанасць, ёсць куды прыкласці рукі. Малады інжынер адразу атрымаў баявое хрышчэнне, трапіўшы ў гаспадарку ў перыяд уборачнай кампаніі, і калектыў дапамог яму асвоіцца на новым месцы.Усё ж такі веды, атрыманыя ва ўніверсітэце, — гэта тэорыя, а практыка — іншая справа. Менавіта ў гэтыя гарачыя жнівеньскія дзянькі ўчарашні студэнт і спазнаў цану хлеба — прыходзілася працаваць ад зары да цямна. Прыйшло і разуменне важнасці сваёй справы: ад аператыўнасці дзейнасці мехмайстэрні залежыць тое, як хутка пасля рамонту тэхніка зноў выйдзе ў поле, каб убіраць хлеб.
Пад кіраўніцтвам маладога спецыяліста ўсе рамонтнікі: слесары, механікі, токары і зваршчыкі  — каля 40 чалавек, людзі дарослыя, шмат сталага ўзросту. Для 23-гадовага юнака гэта адказнасць, і не малая. Але да кожнага Ігар шукае асабісты падыход: камусьці трэба проста сказаць і ён выканае, а на кагосьці і “націснуць” трэба.
Немалаважнае значэнне для маладых спецыялістаў, якія толькі пачынаюць станавіцца на ногі, маюць і бытавыя ўмовы пражывання. Ігар задаволены і асобным пакоем у інтэрнаце аграгарадка Цырын, і трохразовым харчаваннем у мясцовай сталоўцы, тым больш, што плата за гэта сімвалічная. Атрымліваецца нядрэнная эканомія, і ў бацькоў прасіць не трэба. На новым месцы з’явіліся ў юнака і сябры, з якімі ён бавіць вольны час у мясцовым клубе, разам іграюць у настольны тэніс. На выхадныя — да бацькоў. І вось што дзіўна: напачатку мернасць вясковага жыцця была не даспадобы, а цяпер гарадская мітусня стамляе.
—    Вось каб працаваць у горадзе, а жыць у вёсцы, — марыць Ігар. — Тут адпачываеш душой.
Пакуль што далёка ідучых планаў юнак не робіць, невядома, куды і якія паклічуць яго дарогі, але зразумела адно: навука сялянскай працы, спазнаная хоць аднойчы, ужо не забудзецца ніколі.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.