Творчыя і моцныя духам

Дзень інвалідаў. Ён прыпадае на першы месяц зімы. І не выпадкова: у гэтых людзях столькі чысціні, стойкасці, мужнасці! У іх можна павучыцца ўменню дастойна жыць і пераадольваць цяжкасці, радавацца новаму дню і дарыць людзям радасць.
Да ўрачыстасцей прывыкаеш, калі наведваеш часта. Да гэтых — немагчыма. Па кропельцы сабіраеш тое, чаго няма ў іншым месцы, каб потым з гэтым жыць.

“ПАДАРЫ МНЕ  ЦУД”
У Цэнтры творчасці дзяцей і моладзі праводзіўся агеньчык, які быў прысвечаны сустрэчы добрых сэрцаў “Падары мне цуд”. І яно прыйшло ў святочную залу.
Хто ж яны, гэтыя нераўнадушныя людзі, якія адчуваюць боль іншых? Па прафесійнаму абавязку і па закліку сэрца прыходзяць, каб быць побач і падарыць святло душы іншым.
У прывітальным слове айцец Андрэй царквы святых апосталаў Пятра і Паўла г. п. Карэ-лічы  адзначыў, што ёсць людзі, якія маюць патрэбу ў клопаце. І кожнаму чалавеку дадзена магчымасць духоўна расці, і горка за тых людзей, якія не хочуць дапамагаць нямоглым. “Мы павінны быць добрымі адзін да аднаго, павінны любіць”, — заўважыў прамоўца.
Начальнік упраўлення па працы, занятасці і сацыяльнай абароне райвыканкама І. А. Богуш і дырэктар Цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва Л. П. Трафімчык нагадалі не толькі пра клопат аб інвалідах з боку дзяржавы і работнікаў Цэнтра, але назвалі арганізацыі і тых, хто працягвае руку дапамогі, — райвыканкам, раённая арганізацыя ГА “Белая Русь”, раённае аддзяленне Беларускага фонду міру, раённае аддзяленне РГА “Беларускі дзіцячы фонд”, раённы вузел паштовай сувязі, царква, многія індывідуальныя прадпрымальнікі, якія неабыякава адносяцца да праблем інвалідаў.
На свята завітала адна са спонсараў — повар Жухавіцкага дома інтэрната К. М. Калбаска, якая падарыла ЦСАН электрапліту з духавой шафай, а дзецям прывязла  салодкія падарункі.

Дабрата. Што ў гэтым слове? Гасцям дарылі яе сімвал — рамонак з паперы са словамі мудрых людзей. Вось якія на маім: “Дабрата можа апраўдваць сама сябе. Мы становімся добрымі таму, што робім дабро”.
А яна адчувалася паўсюдна ў дзеяннях удзельнікаў свята. Яе выпраменьвалі самі гаспадары — вядучая, культарганізатар Г. П. Лагуцік, педагог дадатковай адукацыі, кіраўнік гуртка “Вышыўка” Л. В. Хвеська, выканаўца песень В. Ю. Русецкая. І цуд прыходзіў у залу — настрой у гасцей узнімаўся і твары іх свяціліся ўсмешкай.
Свята атрымалася. Не абышлося і без хвалюючых момантаў. Такое адчуванне ахоплівала, калі спяваў Руслан Ганчароў, танцавалі Алеся Дзяшкевіч і Сяргей Шахрай, чыталі вершы Аляксандра Бусько і Андрэй Валюкевіч…

Аказваецца, стварыць сапраўднае цуда можа кожны з нас. Трэба толькі жаданне, каб падарыць радасць іншаму, і тады, як спяваецца ў песні, “ад усмешкі стане ўсім святлей”. Дзеля гэтага можна і пастарацца.
“МЫ ЗАЎСЁДЫ ПОБАЧ”
Такія сустрэчы патрэбны. Цёплыя, сардэчныя, шчырыя. Каб жыць і верыць. Без веры ніяк нельга. Яна акрыляе і надае сілы. Там, дзе вера, чалавек жыве, а не існуе. І не важна, які ён мае ўзрост, занятак, дастатак, а галоўнае — верыць!
Да такой высновы прыйшла, калі наведала ўрачыстасць, якая ладзілася з нагоды Дня інвалідаў у раённым Доме культуры пад назвай “Мы заўсёды побач”.

Усе клопаты леглі на плечы старшыні грамадскай арганізацыі “Беларускае таварыства інвалідаў” В. М. Сашко. “У гэтыя дні мы сабіраемся, каб заявіць аб сваіх правах, і хочам жыць і тварыць. Для рэалізацыі сваіх мэт і задач падтрымліваем сувязі з мясцовай уладай, пассельвыканкамамі, СВК, якія аказваюць дапамогу ў вырашэнні самых злабадзённых пытанняў”, — заўважыла Вера Міхайлаўна.
Начальнік ідэалагічнага аддзела райвыканкама В. В. Куляка ў сваёй прамове адзначала, што дзяржава стараецца зрабіць усё, каб інваліды не былі абдзелены і адчувалі сябе дастойна. А тое, што сабраліся разам — гэта свята, і трэба, каб іх было больш.
Аб распрацоўцы дзяржавай новых праграм па падтрымцы асобных катэгорый грамадзян, аб неабходнасці зносін паміж людзьмі і імкненні быць аптымістамі, маладымі душой, верыць у лепшае гаварыла начальнік упраўлення па працы, занятасці і сацыяльнай абароне райвыканкама І. А. Богуш.

А колькі мудрасці ў выступленні ветэрана вайны Ф. П. Бядрыцкага! Фёдар Пятровіч успомніў словы     М. Астроўскага: “Жыццё чалавеку дадзена адзін раз, і пражыць яго трэба так, каб не было пакутліва балюча за бязмэтна пражытыя гады”. Ветэран раіў займацца спортам, а яшчэ ён перакананы ў тым, што дзеці абавязаны дагледзець старых бацькоў, а бацькі ў свой час павінны займацца іх выхаваннем.
Сапраўдным сюрпрызам стала ў яго выкананні песня “Франтавая сястра”.
Музычныя творы і іншых удзельнікаў свята слухалі з задавальненнем — Руслана Ганчарова, Наталлі Яўгенаўны Непагода, Надзеі Уладзіміраўны Фадзеевай, а таксама — вершы Фацініі Мікалаеўны Чычкан, Леанілы Уладзіміраўны Дзянькевіч, шчырыя прамовы Галіны Паўлаўны Калтуновай і Віталія Васільевіча Шэўкі, глядзелі танец у выкананні Алесі Дзяшкевіч і Сяргея Шахрая.

Пастараліся і работнікі культуры. Добрыя словы адрасоўвалі гасцям вядучая, намеснік дырэктара РДК В. А. Фурс, а музычныя творы падарылі Вікторыя Лустач і Аляксандр Каляда.
Старшыня таварыства В. М. Сашко ўдзячна за разуменне кіраўнікам сельскагаспадарчых вытворчых кааператываў раёна, якія на працягу года аказвалі дапамогу мясцовым пярвічным арганізацыям.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.