З УПЭЎНЕНАСЦЮ Ў ЗАЎТРАШНІМ ДНІ

СВК “Лукі-Агра” з кожным годам нарошчвае тэмпы вытворчасці сельгаспрадукцыі. Сёлета хлебаробы намалацілі 9 686 тон зерня пры сярэдняй ураджайнасці зерневых і зернебабовых 52,5 цэнтнера з гектара, 405 тон рапсу (27 ц/га), рэдзькі алейнай 59 тон (10 ц/га), 1606 тон зерня кукурузы.
Урадзілі прапашныя культуры. Так, ураджайнасць бульбы склала 294,7 ц з гектара, а збор клубняў павялічыўся ў параўнанні з леташнім на 245 тон і дасягнуў 884 тоны.
Парадавалі буракаводы. Ураджайнасць салодкага кораня склала 560 ц/га.
Добрыя  паказчыкі ў  малочнай жывёлагадоўлі, дзе  валавая вытворчасць малака  павялічылася ў параўнанні з адпаведным перыядам 2010 года на 105,3 працэнта. Надой ад каровы ўзрос на 233 кілаграмы і дасягнуў  5 767 кг.
Усё гэта вынік стараннай работы працоўнага  калектыву  і арганізатарскай дзейнасці яго старшыні М. А. Гавіны.

Сялянскае жыццё Мікалай Аляксандравіч Гавіна ведае не з чужых слоў. Яго бацькі — Аляксандр Уладзіміравіч і Ганна Уладзіміраўна, якія жывуць у в.Загор’е Турэцкага сельсавета, — патомныя хлебаробы. Уласным прыкладам вучылі сына працавітасці, паважлівым адносінам да людзей і зямлі-карміцелькі. А калі адслужыў у марскіх пагранвойсках, само жыццё вызначыла яго далейшы шлях.
Пасля заканчэння Беларускай сельскагаспадарчай акадэміі Мікалай вярнуўся ў родныя мясціны, дзе і быў прызначаны на пасаду загадчыка вытворчага ўчастка тагачаснага калгаса імя Чарняхоўскага, які ўзначальваў Уладзімір Максімавіч Сатыга. Там пачыналася яго гартаванне, развіваліся прафесійныя якасці. Менавіта там атрымаў вотум даверу на пасаду галоўнага агранома ў суседні калгас “Лукі”, а праз шэсць гадоў яго і ўзначаліў. Было гэта вясной 2001 года.
Вядома, ноша не з лёгкіх. Бо кіраўнік, як лічыць М. А. Гавіна, павінен быць кампетэнтным і камунікабельным, умець правільна ацэньваць абстаноўку, бачыць перспектыву і прымаць адпаведныя рашэнні. Тым больш, што калгас “Сцяг Леніна”, які да 2001 года ўзначальваў Мікалай Аляксандравіч Пахолак, у той няпросты час быў лепшым у раёне: актыўна вялося будаўніцтва, развівалася матэрыяльна-тэхнічная база. I ўсё гэта маладому кіраўніку трэба было не толькі замацаваць, а і надаць новы імпульс развіццю. Таму давялося многа працаваць над сабою, вучыцца на вопыце лепшых гаспадарак вобласці і за яе межамі. I гэта не магло не паспрыяць далейшаму развіццю калгаса.
3 пазіцыі сённяшняга дня можна сказаць, што кіраўніку СВК “Лукі-Агра” ўдалося не толькі стабілізаваць фінансава-эканамічнае становішча, але і павялічыць тэмпы і аб’ёмы вытворчасці, палепшыць дабрабыт працаўнікоў кааператыва.
Значныя зрухі адбыліся ў галіне раслінаводства і жывёлагадоўлі, павысілася ўраджайнасць сельгаскультур, узрасла прадуктыўнасць жавёлы, больш важкімі сталі надоі і прывагі. Калектывы ферм неаднаразова займалі прызавыя месцы ў рэспубліканскім спаборніцтве.
— Жывёлагадоўчая галіна, — адзначае Мікалай Аляксандравіч, — знаходзіцца ў пастаянным рэжыме развіцця і рэканструкцыі, пераўзбраення існуючых магутнасцей. Вялікі аб’ём работ выкананы ў гэтым плане на свінагадоўчым комплексе. Летась здадзена ў эксплуатацыю секцыя па дарошчванні маладняку свіней з аўтаматызаванай сістэмай кормараздачы і электронным рэгуляваннем мікраклімату. Цяпер ідзе планіроўка ўчастка пад будаўніцтва сучаснай жывёлагадоўчай фермы з бязпрывязным утрыманнем кароў. Усё гэта дасць у перспектыве значны эканамічны эфект.
Старшыня кааператыва і яго каманда стаўку робяць на новую, высокаэфектыўную тэхніку, для чаго папаўняецца машынна-трактарны парк сучаснымі энерганасычанымі трактарамі, камбайнамі і прычапным інвентаром замежнай і айчыннай вытворчасці. Гэта дазваляе праводзіць адначасова некалькі тэхналагічных аперацый і атрымліваць дадаткова з кожнага гектара па 10-15 цэнтнераў зерня. Таму новыя тэхналогіі, укараненне сучасных навуковых дасягненняў — не даніна модзе, а патрэба дня. I як вынік — у гаспадарцы высокая культура земляробства.
Зразумела, што сучаснай тэхнікай павінны кіраваць высокакваліфікаваныя спецыялісты. У старшыні на першым месцы — чалавек-працаўнік, яго адносіны да справы і клопат аб ім. I гэта не выпадкова. Бо іншы раз за прывагамі, намалотамі і лічбамі чалавек, як асоба, застаецца на другім плане. А ў СВК свой падыход: тут імкнуцца, каб ён заўсёды быў у цэнтры ўвагі.
Кіраўнік з гонарам называе прозвішчы механізатараў: Аляксандра Ваўчка, Андрэя Штэйна, Ігара Мардзіловіча, Мікалая Галушку, Аляксандра Зусько, Васіля Кляноўскага, Аляксандра Грэмяку, Міхаіла Яцкевіча, Аляксандра Шавейку, Алега Леановіча, Аляксандра Дземяновіча, Мікалая Гузаўца, Ігара Крапіўніцкага. Словы падзякі за шчырую працу заслугоўваюць вадзіцелі Сяргей Валько, Віктар Крапіўніцкі, Сяргей Анікій, Васіль Сянюта, Аляксей Нямарскі, Вячаслаў Богуш, Віктар Шымка, Мікалай Тананка, ветэраны працы Анатоль Самец, Аляксей Крапіўніцкі і іншыя. Дзякуючы такім людзям кааператыў з году ў год памнажае свае працоўныя дасягненні.
— У сельскагаспадарчай вытворчасці ўсе віды работ важныя, а праца жывёлаводаў — асабліва, — заўважае Мікалай Аляксандравіч. — Бо менавіта жывёлагадоўчая прадукцыя дае асноўны грашовы прыбытак. І ў гэтай галіне ёсць майстры сваёй справы — Ірына і Марына Манько, Надзея Шарапежнікава, Алена Пасталоўская, Ірына Казлоўская, Таццяна Дземідовіч, Людміла Карвіга, Тамара Ваўчок, Галіна Малышка, Святлана Сакалова, Аляксандр Янкоўскі і іншыя.
Мікалай Аляксандравіч згодзен з простай ісцінай, што адзін у полі не воін, і лічыць, што калектыў — гэта своеасаблівы аркестр, у якім кожны абавязаны выконваць сваю партыю. I тут ён бачыць галоўную ролю спецыялістаў, на якіх робіць стаўку. Ініцыятывай, творчым падыходам да справы вызначаюцца намеснік старшыні па жывёлагадоўлі Аляксандр Капіца, вядучы інжынер-механік свінакомплексу Аляксандр Сак, галоўны інжынер-механік Генадзь Жыгала, галоўны аграном Анатоль Анікій, вядучы інжынер-механік Леанід Стульскі, начальнік свінагадоўчага комплексу Пётр Сазановіч, упраўляючыя ферм Ганна Кухарчык, Марына Забенька і іншыя.
Старшыня не любіць гаварыць пра сябе, як і не любіць шмат абяцаць. Яго правіла: сказаў — зрабіў. У размове аб справах калектыву заўсёды спасылаецца на чалавечы фактар. I гэта не пустыя словы. Кожнага ведае, хто на што здатны, таму праўду-матухну скажа ў вочы. Ён строгі да парушальнікаў дысцыпліны і выпівак. А яшчэ больш патрабавальны да тых, хто здольны на здзелку з сумленнем, стварае ўяўную бачнасць “дзелавітасці’’, хто свае недахопы ў рабоце імкнецца апраўдаць былымі заслугамі. Такая псіхалогія кіраўніка.
Мікалай Аляксандравіч не замыкаецца на рашэнні толькі вытворчых задач. Як народны выбраннік — дэпутат раённага Савета і Лукскага сельсавета — шмат увагі надае будаўніцтву жылля для маладых спецыялістаў, добраўпарадкаванню населеных пунктаў і аграгарадка Лукі. Хвалюе яго і праблема замацавання моладзі ў вёсцы. Ведае, што з горада сюды не паедуць, значыць, трэба спадзявацца на свой рэзерв і рыхтаваць яго. Таму і ўмацоўваюцца сувязі паміж СВК і мясцовай школай, выдаткоўваюцца сродкі для развіцця яе матэрыяльнай базы, вядзецца работа па прафарыентацыі школьнікаў. Навучэнцам, якія паспяхова закончылі чвэрць, выплочваецца стыпендыя ў памеры базавай велічыні, а для тых, хто вырашыць паступаць у сельскагаспадарчыя ВНУ, гаспадарка згодна ўзяць на сябе ўсе расходы па аплаце за вучобу.
Не другарадным для кіраўніка з’яўляецца і арганізацыя адпачынку працаўнікоў. Сваё майстэрства дарылі ім многія калектывы мастацкай самадзейнасці раёна, прафесійныя артысты з вобласці і сталіцы. Знаходзіцца час і для экскурсійных паездак па рэспубліцы, на правядзенне спартыўных мерапрыемстваў. Асабліва памятнымі засталіся хакейны паядынак з камандай Міністэрства спорту і турызму Рэспублікі Беларусь, турнір па футболе з удзелам каманд “Клецк-Матор” і “Арт-Старс” з  удзелам маладых беларускіх артыстаў эстрады. За сродкі гаспадаркі набыты спортінвентар, абсталявана трэнажорная зала.
— У жыцці не можа быць усё проста і гладка, — сцвярджае Мікалай Аляксандравіч. — Ёсць у нас і свае нявырашаныя пытанні. У вытворчай сферы — зніжэнне сабекошту прадукцыі, умацаванне працоўнай дысцыпліны. Мяне таксама хвалюе, як зрабіць, каб зарплата людзей вёскі адпавядала іх працы? Як забяспечыць чалавеку, які ўсё жыццё аддаў працы на зямлі, дастойную пенсію?
Словам, шмат праблем і клопатаў у старшыні. I яго гаспадарская жылка, хлебаробская разважлівасць з’яўляюцца надзейным гарантам стабільнасці і ўпэўненасці ў заўтрашнім дні.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.