З дабром і надзеяй — у Новы год

Адышла восень, якая парадавала добрым ураджаем не толькі вяскоўцаў. Сабрана і захавана вырашчанае. Хутка прыйдзе да нас сапраўдная зіма. На тварах людзей больш усмешак. Не напалохалі нас высокія цэны ў магазінах. Мы і не такое перажылі! Праблем хапае, мы іх вырашаем. А як без іх жыць? Таму і жыццё цікавае! А цяпер галоўнае — усе рыхтуюцца да Новага года і Калядных святаў.
Падводзяцца вынікі года. Весялейшай стала і рэдакцыйная пошта “Полымя”. Дарэчы, скажу, што кожны год наша рэдакцыя атрымлівае 700-800 пісем. Амаль усе яны былі надрукаваны на старонках газеты. Ёсць і скаргі, але яны паступаюць ад чытачоў у час “прамых ліній”, сустрэч ІПГ, сельскіх сходаў. А вось падзяк значна прыбавілася. Значыць жыццё паляпшаецца, і людзі дабрэйшымі сталі. Чытачы прыходзяць да нас, мы “разбіраем” праблемы сумесна, па сутнасці і вырашаем іх без шуму, абгрунтавана, па-дзелавому.
Праўда, пішуць людзі не толькі ў газету, але і ў іншыя інстанцыі і па розных пытаннях: у сельскія Саветы, раённы Савет дэпутатаў, раённы выканаўчы камітэт. Шмат пытанняў “здымае” служба “адно акно”. Ды і многія калектывы, якія працуюць па гэтым прынцыпе,  дапамагаюць грамадзянам больш аператыўна вырашаць жыццёвыя пытанні. А сустрэчы ў час сельскіх сходаў, прыёмаў грамадзян у сельскіх выканкамах, райвыканкаме, райсавеце дэпутатаў таксама садзейнічаюць вырашэнню праблем.
Аднак не ўсе звароты грамадзян з’яўляюцца абгрунтаванымі. Напрыклад, вясковец завёў асабістую гаспадарку (карову, свінню, птушку) і жадае выпісаць салому на падсціл. Калі ласка, звяртайцеся ў праўленне СВК. Старшыня дае дазвол, чалавек аплачвае пэўную суму ў калгасную касу — і салома ваша. Можна і збожжа, і бульбу выпісаць. Ёсць у кааператывах розныя шляхі, каб дапамагчы людзям. Пенсіянеры звяртаюцца, і ім не адмаўляюць. А некаторыя не звяртаюцца ў праўленне, адразу пішуць у вышэйстаячыя органы. Ці, напрыклад, жыхар жадае набыць брыкет ці дровы. Навошта звяртацца ў Гродна ці Мінск, прыходзьце да старшыні сельсавета (па месцы жыхарства), і ён вырашыць ваша пытанне. Бо гэта ў яго кампетэнцыі.
Людзей хвалююць пытанні законнасці, працы, сацыяльнага забеспячэння, адукацыі, культуры, аховы прыроды, сельскай гаспадаркі, а таксама, якія тычацца работы транспарту, сувязі, гандлю, землекарыстання.
Некаторыя грамадзяне жадаюць вырашыць пытанне, звязанае з зямлёй (напрыклад, падзяліць участак паміж братам і сястрой). Усе працэдуры дзяльбы зроблены адпаведнымі службамі згодна з заканадаўствам, але адзін з іх не згодзен з гэтым. І справа даходзіць нават да суда, які згодна з законам пацвярджае правільнасць падзелу. Аднак чалавек піша скаргі і далей, у вышэйстаячыя арганізацыі, дзе таксама пацвярджаюць, што ўсё зроблена па закону. А “пісарчук” піша год, два, тры… Скардзіцца, што падзелена няправільна, не “па яго хаценню”… Навошта такая перапіска? Чаму б не спыніць яе?! Суд жа даказаў правільнасць падзелу.
Ёсць пытанні па прыватызацыі жылля. Грамадзяніну дазволілі па закону прыватызаваць, налічылі пэўную суму, якую трэба заплаціць, а ён лічыць, што яна вялікая. І піша скаргі, што яго не разумеюць і зноў-такі ва ўсе магчымыя інстанцыі. І перапіска вядзецца гадамі. І зноў такога пісарчука ніхто не спыніць!
Ёсць і ананімныя звароты грамадзян, якія не падпісаны. Але хачу напомніць, што яны не разглядаюцца. Да іх даверу няма. У іх звычайна крытыкуюць без канкрэтных фактаў, а калі і называюць якое-небудзь парушэнне, то, як правіла, яно не пацвярджаецца.
Дарэчы, за 10 месяцаў г. г. толькі ў райвыканкам паступілі 174 пісьмовыя і вусныя звароты грамадзян. У асноўным у іх узнімаюцца пытанні, якія тычацца жыллёва-камунальнай і дарожнай гаспадаркі (водазабеспячэння, ацяплення, добраўпарадкавання, асвятлення, санітарнай ачысткі і ўборкі тэрыторый, аплаты за жыллёва-камунальныя паслугі, рамонту, грэйдзіравання вуліц і дарог). Гэта 50 % паступіўшых зваротаў.
Трэба адзначыць, што няма такога звароту, каб ён застаўся не разгледжаны. Праблемы людзей вырашаюцца: адны — без прамаруджвання, іншыя — патрабуюць вывучэння, знаходзяцца на кантролі. Ніводнае пісьмо ці вусны зварот не застаюцца без увагі мясцовай улады як раённай, так і на месцах — у сельскіх Саветах.
Сёлета ішло добраўпарадкаванне райцэнтра. Многае зроблена. І людзі ўдзячны ўладзе за такі клопат. Але некаторыя гараджане выказваюць незадаволенасць, маўляў, на адных вуліцах зрабілі парадак, паставілі прыгожую агароджу, а на “нашай” — не. Дарагія жыхары! Усё адразу зрабіць цяжка. Добраўпарадкаванне будзе працягвацца. Ды яно ніколі і не спынялася. Кожны год выдзяляюцца на гэта фінансавыя сродкі з раённага бюджэту. Вядома, іх недастаткова, але ўлада бачыць існуючыя праблемы і паступова вырашае іх.
Трэба з надзеяй глядзець у будучыню! І напярэдадні Новага года давайце будзем больш усміхацца, радавацца жыццю. А праблемы вырашым сумеснымі намаганнямі. Больш аптымізму! Як кажуць мудрыя людзі, мацнейшы той, хто ўсміхаецца. Дык давайце будзем мацнейшымі ва ўсіх справах, няхай усмешкі ўпрыгожаць твар кожнага чалавека. А нагода ёсць і даволі значная — сустрэнем Новы год і Каляды з радасцю, пажадаем адзін аднаму здароўя, дабра, цяпла і светлай надзеі. Няхай у кожнай сям’і пануюць згода, мір і аптымізм.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.