Зямля бацькоў

“Дзе нарадзіўся, там і прыгадзіўся”, — гавораць у народзе.
Яскравы прыклад — жыццё Таццяны Пятроўны і Уладзіміра
Аляксандравіча Гомзаў з вёскі Аканавічы Цырынскага сельсавета.
Чацвёра іх дзяцей прыжыліся на бацькоўскай зямлі.

БАЦЬКІ
Радзіма Таццяны — вёска Юравічы Жухавіцкага сельсавета, а яе абранніка Уладзіміра — Аканавічы. Пазнаёміліся ў Цырыне: сюды дзяўчына прыязджала са справаздачай, працавала прадаўцом у магазіне вёскі Вышкава. Спадабаліся адзін аднаму і вырашылі ажаніцца.
Калі нараджаліся дзеці, то маладая маці ўсю сябе аддавала іх выхаванню, завіхалася па доме, падтрымлівала парадак у хаце,  дочкі і сыны раслі на радасць бацькам.
Пазней Таццяна Пятроўна і Уладзімір Аляксандравіч уладкаваліся жывёлаводамі на ферму “Аканавічы”, затым — “Цырын”.  Работа была не з лёгкіх, але стараліся працаваць сумленна, каб зарабіць лішні рубель і паставіць дзяцей на ногі. Дома трымалі вялікую гаспадарку.
Добрыя ўрокі працавітасці дзеці атрымалі яшчэ ў дзяцінстве. Яны дапамагалі бацькам на ферме карміць жывёлу: разносілі ваду ў вёдрах, раздавалі ўручную кармы. А дома — па гаспадарцы, працавалі дружна, не дзялілі работу на сваю і чужую. І ад гэтага выйгравалі ўсе: старэйшыя не так стамляліся за дзень, а малодшыя прывучаліся да працы.
Урокі дабрыні ўжо дарослыя дзеці прадаўжаюць атрымліваць і зараз ад бацькі. Надзвычай спагадлівы чалавек! Не адмовіць нікому, хто б ні звярнуўся да яго за дапамогай. У гаспадарцы трымаюць каня, і бацька дапамагае састарэлым у апрацоўцы ўчасткаў ці ўборцы ўраджаю.
І цяпер успамінаюць, як у дзяцінстве рыхтавалі дамашнія заданні з маці. У роднага чалавека — матэматычныя здольнасці, разам маглі рашыць самыя складаныя заданні. Працалюбства,  упартасць,  кемлівасць — усё спатрэбілася ў жыцці.

ДЗЕЦІ
Старэйшая дачка Наталля — кіраўнік спраў Цырынскага сельвыканкама. Мае дзве адукацыі: педагагічную і юрыдычную. У Пружанскім раёне працавала настаўніцай пачатковых класаў, выйшла замуж, нарадзіла дваіх дзяцей. Затым вырашылі пераехаць на Карэліччыну. Зараз дачка Аляксандра вучыцца ў Гродзенскім дзяржуніверсітэце імя Янкі Купалы, а сын Аляксей — у 10 класе мясцовай школы.
Таццяна працуе настаўніцай беларускай мовы і літаратуры Цырынскай СШ. Закончыла Беларускі дзяржаўны педагагічны ўніверсітэт імя Максіма Танка. У сям’і падрастаюць двое дзяцей —дзевяцікласнік Мікіта і васьмікласніца Сняжана.
Аляксандр — галоўны інжынер СВК “Цырын-Агра”. Пасля атрымання вышэйшай адукацыі працаваў у г. Стоўбцы начальнікам бюро філіяла Мінскага маторнага завода. Гадоў пяць таму як вярнуўся ў родныя мясціны, сельгаскааператыў прадаставіў жыллё. Мае сына Дзяніса і дачку Ніку.
Віталій закончыў Навагрудскі сельгастэхнікум, а працаваць пайшоў па другім  накірунку — аператарам кацельні жыллёва-камунальнай гаспадаркі вёскі Цырын. Абараняе гонар прадпрыемства на абласных спаборніцтвах па тэнісе. Сыну Уладзіку — чацвёрты год.
— Сям’я — гэта ўсе мы, — гаворыць дачка Наталля. — У нас яна вялікая. Мы жывём на бацькоўскай зямлі, імкнёмся добрасумленна працаваць і ладзіць з людзьмі. Жыць блізка каля бацькоў —  тут ёсць свае плюсы і мінусы. З аднаго боку, вельмі добра, калі побач блізкія людзі, усе праблемы вырашаем разам. З другога, наша жыццё праходзіць на вачах бацькоў, а гэта для іх дадатковыя трывогі. Разам з тым, можам своечасова дапамагчы родным людзям і адзін аднаму.

ШЧАСЦЕ
У доме сям’і Гомзаў цёпла і ўтульна. Гаспадыня нагадала, як яго абуладкоўвалі, затым калодзеж, склеп, хлеў — усё сваімі рукамі.
— Усе дзеці каля мяне, — гаворыць маці. — Людзі зайздросцяць — называюць “шчаслівая”. А яно так і ёсць, жыццё пражыта не дарэмна.
Таццяна Пятроўна дакладна ўказала адрасы пражывання дзяцей: дачка Таня жыве праз дарогу ў Аканавічах, Віталій праз два дамы, Саша — за гарой, а праз рэчку, у вёсцы Бабонеўка, Наташа. Усе ў вёску прыехалі…
— Любім працаваць — да гэтага бацькі нас прывучылі, — удакладняе старэйшая дачка. Наташа заўважыла, што таксама любяць у сям’і Гомзаў адзначаць і святы.
8 Сакавіка — двайное: Дзень жанчын і дзень нараджэння матулі. Памятаюць і пра бацьку. Родным людзям дзеці абавязаны жыццём,  паважаюць іх  і  імкнуцца аддзячыць за ўсё. Жывуць сумленна на зямлі бацькоў, каб не было сорамна перад імі і землякамі. А ў вёсцы ўсё  навідавоку, таму хлусіць не прыходзіцца.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.