Добрая навагодняя казка

Хто з нас верыць у чараўніка? У сапраўднага, які выканае жаданні? Безумоўна, дзеці. Менавіта ў навагоднія дні яны чакаюць сюрпрызаў.
І як цудоўна, што ёсць нераўнадушныя людзі. І хаця яны маюць розныя прафесіі, але іх аб’ядноўвае адно жаданне — падарыць дзецям радасць.

Вёска Палужжа. ДУА “Сацыяльна-педагагічны цэнтр Карэліцкага раёна”. На навагодняе свята тут сабраліся дзеці, супрацоўнікі і госці.
Слова прадастаўляецца намесніку старшыні райвыканкама Р. Ю. Абрамчыку. Руслан Юр’евіч адзначыў, што цэнтр паступова мяняецца — стаў прыгажэйшым і цяплейшым. Яго насельнікам прамоўца пажадаў здзяйснення жаданняў, і каб у навагоднюю ноч з’явілася пуцяводная зорка, якая павядзе па жыцці, а ў ім будуць  сям’я, дзеці, здароўе. Малышам зычыў добрых падарункаў , а супрацоўнікам цэнтра — цярпення, ласкі і любові, і каб мары ва ўсіх збываліся.

Шчодрая аказалася на падарунак і віншаванні старшыня райкама прафсаюза работнікаў аграпрамысловага комплексу І. Л. Пянькоўская. Для сацыяльна-педагагічнага цэнтра выдзелена 1, 5 мільёна рублёў на набыццё канцтавараў і цацак, а дзецям Ірына Леанідаўна пажадала ўзяць усё добрае з адыходзячага ў новы год, а таксама здароўя і шчасця.
Завіталі на навагодняе свята Дзед Мароз і Снягурка. Не абышлося тут і без казачных персанажаў — Чырвонага Капялюшыка і Рамонка. Сустрэча з імі дазволіла дзецям добра павесяліцца, паказаць свае творчыя здольнасці. Яны вадзілі карагоды, спявалі песні, чыталі вершы, адгадвалі загадкі…  І добрая навагодняя казка, якая завітала на пэўны час ва ўтульныя пакоі сацыяльна-педагагічнай установы, атрымалася. Яна прынесла шмат шчаслівых імгненняў, якіх павінна хапіць дзяўчынкам і хлопчыкам на паўнюткі год. А ладзілі свята супрацоўнікі і гурткоўцы раённага Цэнтра творчасці дзяцей і моладзі.

Дырэктар ДУА “Сацыяльна-педагагічны цэнтр Карэліцкага раёна” А. І. Наумовіч выказаў словы ўдзячнасці арганізатарам, гасцям, спонсарам і пажадаў моцнага здароўя, узаемаразумення ў сем’ях, добрага настрою ў навагоднія дні.
У час нашай гутаркі Аляксандр Іванавіч назваў спонсараў:  райкам прафсаюза работнікаў адукацыі, РАУС, ДРБУ-158, РУП ЖКГ, дырэктара ПГУП “ДалексПрод”   А. І. Шлыка і дырэктара ПГУП “БАВИА” І. А. Брэган. А таксама на працягу года аказвалі дапамогу дырэктар ТАА “Седьмой уровень”                І. А. Гоцка, ААТ “Вивако” (М. Я. Вырко), ПГПУП”Милацвет” (Л. Д. Манкевіч),  магазін “Мастер” (М. Г. Ліхарад), прадстаўніцтва Белдзяржстраху па Карэліцкім раёне, а таксама індывідуальны прадпрымальнік з г. Мінск В. С. Падасовік.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.