Дзяцінства павінна быць шчаслівым

Дабрачынная навагодняя ёлка для дзяцей-сірот, дзяцей, якія засталіся без апякунства бацькоў, і дзяцей-інвалідаў з удзелам кіраўніцтва раёна праведзена ў гімназіі № 1 г. п. Карэлічы і стала сапраўдным святам. Тут яны сустрэліся з Дзедам Марозам і Снягуркай, з казачнымі героямі, пачаставаліся ласункамі і атрымалі падарункі.
Свята наведаў старшыня раённага выканаўчага камітэта В. Л. Шайбак. Віктар Леанідавіч у сваёй прамове адзначыў, што дзяржава ўдзяляе шмат увагі дзецям, і мясцовая ўлада імкнецца зрабіць усё магчымае для іх шчаслівага дзяцінства.
“Хачу, каб не было ў нас крызісу душы, — заўважыў прамоўца. —  А больш думалі аб светлым, разумным, вечным. Каб у бацькоў была цёплая душа, і клапаціліся аб будучым дзяцей, каб яны радаваліся кожнаму дню і ўсё ў іх атрымлівалася.”

Звяртаючыся да дзяўчынак і хлопчыкаў, Віктар Леанідавіч пажадаў ім любіць і тварыць, а таксама здароўя, шчасця і весялосці. “Дзеці — самае вялікае шчасце, якое сёння ў нас ёсць”, —  сказаў старшыня райвыканкама і сфатаграфаваўся з імі на памяць.
І сапраўды, хіба што можа быць даражэй за шчаслівыя ўсмешкі дзяцей? За тую радасць, якую яны атрымліваюць дзякуючы старанням дарослых? Трэба было бачыць, якім шчасцем свяціліся іх вочы пры сустрэчы з казачнымі героямі: Феяй, Кузяй, Бабай Ягой, Каралевай Грэлай!
А навагодняя ёлка! І гэтае доўгачаканае і добрае свята, дзе дзеці сустракаюцца з  Дзедам Марозам і водзяць карагоды. І прыгажуня Снягурка, што вачэй не адвесці! А колькі розных звяркоў сабралася на навагодні баль!
А яшчэ дзеці — выканаўцы музычных твораў. Як цудоўна спявалі Алена Русецкая, Адэліна Санцэвіч, Ігар Арціменя, Аляксандра Швец!
Дзяўчынкі і хлопчыкі вадзілі карагоды ля ёлкі, расказвалі вершы… Успамінаюцца радкі: “Цяпер трэба пастарацца, каб не сварыцца і не біцца — тады і Новы год добра пройдзе”.

Дзед Мароз уручыў дзецям падарункі.
Свята ўдалося. Яно прынесла ўдзельнікам шмат радасці. І ўсё гэта дзякуючы старанням дарослых — райвыканкаму, раённаму аддзяленню РГА “Беларускі дзіцячы фонд”, раённаму Цэнтру творчасці дзяцей і моладзі.
…На свяце сустрэлася з               І. П. Наумовіч з вёскі Цырын. У сям’і — трое прыёмных дзяцей: дванаццацігадовая Маша, васьмігадовы Уладзіслаў і шасцігадовы Даніла. “Хочацца падарыць дзецям часцінку душы. Ужо чацвёрты год як у сям’і, і сталі як свае. Пасябравалі і з маімі дарослымі дзецьмі”, — прызнаецца Ірына Пятроўна. І мне падалося, што любоў і ўзаемаразуменне пануюць у мно-гіх прыёмных сем’ях —  вочы дзяцей свяціліся радасцю.
І няхай так будзе заўжды. З дня ў дзень праяўляюць пра іх клопат дарослыя і ладзяць для іх святы. Дзяцінства ў дзяўчынак і хлопчыкаў павінна быць шчаслівым.

 

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.