І днём, і ноччу на варце здароўя вяскоўцаў

Палужскі ФАП у абласным аглядзе-конкурсе заняў другое месца.
Найбольшай павагай і аўтарытэтам у сялян здаўна карысталіся настаўнікі і медыцынскія работнікі. Першыя адкрывалі вяскоўцам дарогу да ведаў, другія — ратавалі жыццё ім і іх дзецям. І не так важна, што адзіным медыцынскім спецыялістам у сельскай мясцовасці быў фельчар. Ён быў сямейным доктарам, так бы мовіць, спецыялістам шырокага профілю. Дасканала ведаў сваю справу, а яшчэ ўклад жыцця кожнай сям’і, узаемаадносіны ў іх. З фельчарам дзяліліся пацыенты добрымі навінамі, чакалі дапамогі ў час хваробы.
Час хуткацечны. Кардынальна змянілася ўся сістэма аховы здароўя сельскага насельніцтва. Цяпер вяскоўцам адкрыта дарога ў самыя прэстыжныя медыцынскія ўстановы, да іх прыязджаюць з мэтай аказання кансультатыўнай і практычнай лячэбнай дапамогі лепшыя спецыялісты сталічных медустаноў.
А добрыя традыцыі застаюцца. Захоўваюць і прымнажаюць іх усё тыя ж фельчары, якія і днём, і ноччу знаходзяцца на варце аховы здароўя людзей.
Загадчыца Палужскага фельчарска-акушэрскага пункта Ніна Мікалаеўна Ашманкевіч з гэтай кагорты.
Ураджэнка вёскі Кайшоўка працуе ў Палужжы з красавіка 1979 года, куды прыехала па накіраванні пасля вучобы ў Слонімскім медвучылішчы. Зараз Ніна Мікалаеўна мае другую кваліфікацыйную катэгорыю. А пачынала амаль з нуля. Веды, атрыманыя ў вучылішчы, трэба было замацаваць практычнымі навыкамі, і гэта маладому спецыялісту ўдалося. А яшчэ яна дабілася галоўнага прызнання і аўтарытэту ў сваіх пацыентаў.

Як сваю прыняла яе і дырэкцыя племзавода “Карэлічы”, якая выдзеліла сям’і трохпакаёвую кватэру ў другім па ліку доме, пабудаваным у Палужжы па ініцыятыве дырэктара А. К. Віткоўскага. Зараз гэта паселішча атрымала статус аграгарадка. Знайшлося ў ім і новае памяшканне для фельчарска-акушэрскага пункта.
Наваселле справілі 3 верасня 2010 года. Тут створаны ўсе ўмовы для прыёму пацыентаў і працы загадчыцы ФАПа: утульна, цёпла ад сістэмы цэнтральнага ацяплення, ёсць гарачая і халодная вада, дзейнічае каналізацыя, у адпаведнасць з санітарнымі патрабаваннямі прыведзены рэжымныя кабінеты, добраўпарадкавана тэрыторыя.
Ніна Мікалаеўна абслугоўвае 695 чалавек з Палужжа, Савашоў, Навасёлак, Новых і Горных Руткавічаў, Зарэчча, Равінаў і Качычаў. Сярод яе пацыентаў — 312 працаздольных, 268 пенсіянераў, 115 дзяцей ва ўзросце да 14 гадоў і 6 дзетак ва ўзросце да аднаго года.
Днём на выклік вяскоўцаў ў кожны з васьмі населеных пунктаў Н. М. Ашманкевіч дабіраецца пешшу або на веласіпедзе, а вечарам і ноччу на выклікі выязджае машына хуткай медыцынскай дапамогі.
Пад пастаянным патранажам фельчара — дзеці да аднаго года, не выпадаюць з поля зроку сем’і, якія знаходзяцца ў сацыяльна-небяспечным становішчы, інваліды і ўдзельнікі Вялікай Айчыннай вайны, адзінокія і адзінока пражываючыя, воіны-інтэрнацыяналісты, вядзецца кантроль за санітарным станам у школе і дзіцячым садку.
Ніна Мікалаеўна не толькі лечыць, але і актыўна займаецца прафілактыкай захворванняў, асабліва сярод жаночага насельніцтва і цяжарных жанчын. Праводзіць адпаведныя агляды з мэтай выяўлення захворванняў ці іх прафілактыкі, лячэння хвароб.
Работа фельчарска-акушэрскага пункта і яго загадчыцы дастойна ацэнена не толькі пацыентамі і кіраўніцтвам сістэмы аховы здароўя насельніцтва. Так, у абласным аглядзе-конкурсе на званне “Лепшы фельчарска-акушэрскі пункт Гродзенскай вобласці” Палужскі ФАП заняў другое месца і ўзнагароджаны адпаведным дыпломам і грашовай прэміяй.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.