Кіраўнік, ідэолаг і стараста сумесна вырашаюць праблемы

На базе Варанчанскага сельскага Савета адбыўся семінар ідэалагічнага актыву з удзелам раённага савета старастаў.
Тэма: аб сумеснай рабоце пасялковага, сельскіх выканаўчых камітэтаў, ідэалагічнага актыву, органаў тэрытарыяльнага грамадскага самакіравання, арганізацый раёна ў рашэнні пытанняў інфармавання насельніцтва.


СУСТРЭЧА Ў СЕЛЬВЫКАНКАМЕ

Старшыня С. П. Баранаў даў кароткую характарыстыку сельсавета. Шчыра вітала прысутных дырэктар сельскага Дома культуры — цэнтра зносін і адпачынку А. С. Скіпар. Увазе прысутных прадставілі выставу работ народнай творчасці жыхароў вёскі Варонча і невялікі канцэрт самадзейных артыстаў.

КНІГА — ЧЫТАЧУ

У добрым настроі ўдзельнікі семінара завіталі ў Варанчанскую сельскую бібліятэку. Бібліятэкар, прафесіянал сваёй справы  (у поўным сэнсе гэтага слова),  Л. В. Буячынская цікава і змястоўна вяла свой аповед аб тым, чым жыве ўстанова культуры, назваўшы бібліятэку “правадніком дзяржаўных праграм”. А на пытанне “Ці паўплываў Інтэрнэт на чытача?” Ліна Валянцінаўна адказала: “Мы вырасцілі нечытаючае пакаленне, і наша задача: павярнуць яго тварам да кнігі”.

САКРЭТ ПОСПЕХУ

Добрыя ўрокі былі атрыманы і пры наведванні малочна-таварнай фермы “Літараўшчына”. Намеснік старшыні СВК “Свіцязянка-2003” па ідэалагічнай рабоце З. І. Маковік расказала аб формах работы інфармавання людзей. А гэта — адзіныя дні інфармавання насельніцтва, выезды інфармацыйна-прапагандысцкіх груп, інфармацыйныя стэнды, перыядычныя выданні (раённая, абласная і рэспубліканскія газеты) і г. д. Зінаіда Іванаўна таксама засяродзіла ўвагу на сумеснай рабоце кааператыва і школы і на замацаванні маладых спецыялістаў на вёсцы.
На ферме зроблены рамонт, ёсць пакой адпачынку, гардэроб, душавая. Работнікі падабраліся адказныя. Вынікі працы радуюць: ад кожнай каровы тут надойваюць 18 кг малака (+2,7 кг да мінулага года). Вось ён, сакрэт поспеху: “Стварыць умовы працы і патрабаваць вынікаў ад работы!”. У гэтым ёсць немалая заслуга галоўнага заатэхніка СВК В. К. Саўко і ўпраўляючай фермы Г. А. Міселя.

ЧАКАЮЦЬ У КОЖНЫМ ДОМЕ

Паштальён — адзін з тых, хто дапамагае ў інфармаванні насельніцтва. Таму пры наведванні аддзялення паштовай сувязі в. Варонча ўдзельнікі семінара пацікавіліся: ці не цяжка дайсці да кожнага чалавека, паколькі тут шмат хутароў, дзе жывуць людзі.
На гэта паступіла тлумачэнне начальніка І. К. Рэўкоўскай, што людзі на варанчанскай зямлі вельмі добрыя. Тут існуе хутарная сістэма — прыходзіцца насіць газеты і часопісы, тавары паўсядзённага попыту, выконваць просьбы вяскоўцаў. І, нягледзячы на пэўныя цяжкасці, паштавікі спраўляюцца са сваімі абавязкамі і з’яўляюцца жаданымі гасцямі ў дамах вяскоўцаў.

ГІМН РОДНАЙ ШКОЛЕ

Дырэктар ДУА “Варанчанская сярэдняя агульнаадукацыйная школа” Т. Д. Грыбок паведала як складваецца сістэма інфарміравання ў навучальнай установе. Вучні выканалі гімн роднай школе. Вучаніца 10 класа Кацярына Барысевіч правяла віртуальную экскурсію пра гісторыю вёскі Варонча пад назвай “Край светлых мрояў”. Крануў прадэманстраваны фільм-справаздача аб ідэалагічнай рабоце ў школе.

І СТЭНДЫ, І ПЕРЫЁДЫКА

Са справамі на Варанчанскім філіяле РУП “Гродзенскі лікёра-гарэлачны завод “Неманофф” азнаёмілі галоўны інжынер В. К. Аколаў і інспектар па кадрах, адказная за ідэалагічную работу на прадпрыемстве Т. М. Абрамовіч. Інфармаванне працоўнага калектыву тут на належным узроўні. Эстэтычна, з творчым падыходам аформлены стэнды, увагу прыцягнулі  перыядычныя выданні: “Советская Белоруссия”,”Рэспубліка”, “Гродзенская праўда”, “Беларускі час”, “Полымя”.

АБ АСНОЎНЫХ ВЫНІКАХ СЕМІНАРА

Удзельнікі семінара прадоўжылі сваю работу ў актавай зале прадпрыемства. Начальнік аддзела ідэалагічнай работы райвыканкама В. В. Куляка адзначыла, што “чым больш мы будзем працаваць непасрэдна з людзьмі на месцах, вырашаць пытанні ў сельвыканкамах, тым менш людзі будуць звяртацца ў вышэйстаячыя органы”.
Па словах галоўнага спецыяліста аддзела ідэалагічнай работы райвыканкама  А. К. Абрамчык,”інфармаванне насельніцтва — гэта пастаянны пошук новых формаў і метадаў работы”.
“Кіраўнік, ідэолаг і стараста павінны працаваць разам і сумесна вырашаць праблемы на месцы”, — зазначыў старшыня раённага савета старастаў П. П. Мацук.
Вынікі семінара падвяла В. В. Куляка.
Падзячнымі пісьмамі аддзела ідэалагічнай работы райвыканкама ўзнагароджаны І. В. Наумчык (ДУП АТП № 8) і А. К. Шушкевіч (РУП ЖКГ).

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.