“ЛЮДЗІ — ГАЛОЎНЫ КЛОПАТ УЛАДЫ”

У раёне адбыўся адзіны дзень інфармавання насельніцтва па тэме “Тэрытарыяльная абарона ў сістэме нацыянальнай бяспекі Рэспублікі Беларусь”.
У Ярэміцкім сельскім Савеце пабывала інфармацыйна-прапагандысцкая група № 1, якую ўзначальвае старшыня раённага выканаўчага камітэта В. Л. Шайбак. Першая сустрэча прайшла ў Ярэміцкім лясніцтве з жыхарамі вёскі Вялікая Вобрына і калектывам лясніцтва. У сваім выступленні Віктар Леанідавіч гаварыў не толькі па тэме дня, але і расказаў аб сацыяльна-эканамічным развіцці Карэліччыны ў мінулым годзе і задачах, якія стаяць на другі год пяцігодкі, вызначаныя IV Усебеларускім народным сходам і прагнознымі паказчыкамі развіцця нашага раёна на 2012 год.

Кіраўнік раённай “вертыкалі” заўважыў, што працоўныя калектывы гатовы выканаць задачы, пастаўленыя перад народнай гаспадаркай, у якой занята больш 10,5 тыс. чалавек.
В. Л. Шайбак гаварыў аб развіцці сацыяльнай сферы: адукацыі, медыцыны, культуры. Напомніў, што летась многае зроблена па якасным рамонце хірургічнага, дзіцячага, акушэрска-гінекалагічнага аддзяленняў раённай бальніцы, іншых медустаноў раёна. Гэта робіцца ўладай для таго, каб людзі маглі своечасова атрымліваць якасную медыцынскую дапамогу і папраўляць сваё здароўе. Дарэчы, і сёлета бюджэт раёна захавае сацыяльную накіраванасць, але для гэтага трэба паспяхова развіваць эканоміку, а значыць мы ўсе павінны працаваць лепш, эфектыўна і вынікова.
Папрасіла слова стараста вёскі Вялікая Вобрына Лілія Іванаўна Хмель, якая выказала шчырую падзяку кіраўніку раёна за клопат пра сялян: пакладзены асфальт на вуліцах вёсак Ярэмічы, Вялікая Вобрына, Малая Вобрына, Баўцічы на адлегласці чатырох кіламетраў. Цяпер вуліцы заўсёды падмеценыя, чыстыя, як у горадзе. Праўда не заўсёды аўтамабілісты захоўваюць абмежаваную хуткасць у гэтых населеных пунктах. На гэта парушэнне, вядома, звернуць увагу супрацоўнікі аддзялення Дзяржаўтаінспекцыі РАУС.
Віктар Леанідавіч заўважыў, што “для ўлады галоўны клопат — людзі, і мы робім усё магчымае, каб дапамагчы ім вырашыць узнікшыя праблемы, і разумеем, што нашы грамадзяне ў адказ на клопаты таксама падтрымаюць мясцовую ўладу”.
Кіраўнік раённай “вертыкалі” сказаў, што сёлета плануецца заасфальтаваць вуліцы ў вёсках Быковічы і Пагарэлка.
Жыхароў хвалявала праблема рамонту маста праз раку Нёман каля вёскі Сіняўская Слабада. Выказваліся розныя меркаванні, але ўсе прысутныя вырашылі звярнуцца з запытам да сваіх дэпутатаў — Гродзенскага абласнога Савета дэпутатаў А. М. Наумовіча і дэпутата Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь П. П. Богуша. Дарэчы, за ракой знаходзяцца вялікія плошчы невыкарыстоўваемых зямель. І тут плануецца сёлета, па словах Віктара Леанідавіча, пачаць шырокамаштабныя меліярацыйныя работы, каб праз пэўны час мець добрыя кармавыя ўгоддзі і нарыхтоўваць якасныя кармы для грамадскай жывёлагадоўлі СВК імя Царука.
Жыхары прасілі выдзеліць аўтавышку для спілоўвання аварыйных дрэў. Тут жа старшыня райвыканкама даў распараджэнне дырэктару РУП ЖКГ А. І. Рудаку выдзеліць спецтэхніку для спілоўвання аварыйных дрэў у вёсках сельсавета і на мясцовых могілках.
Жыхары Малой Вобрыны выказалі просьбу, каб ДРБУ-158 устанавіла павільён, дзе ў любое надвор’е будзе зручна чакаць аўтобус.
Другая сустрэча адбылася з жыхарамі вёскі Новае Сяло. Стараста вёскі М. А. Грышкевіч ад імя ўсіх жыхароў прасіў адрамантаваць мост праз раку Сэрвач. Дарэчы, яшчэ ў лістападзе 2011 г. Ярэміцкі сельвыканкам, ад імя жыхароў вёсак Новае Сяло, Пагарэлка, Быковічы і іншых, даслаў пісьмовую просьбу ў ДРБУ-158 адрамантаваць мост на рацэ Сэрвач, праз якую праходзіць самая кароткая дарога для сувязі з райцэнтрам.
Плануецца аднавіць работу лазні ў в. Ярэмічы.
У бягучым годзе нашаму раёну выдзелена дадаткова 1,5 тыс. тон брыкету.
Як бачна, усё гэта робіцца для людзей, паляпшэння іх жыцця.

 

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.