Не мяльчэе малочная крыніца

Асноўнай крыніцай фінансавых сродкаў для калектыву КСУП “Племзавод “Карэлічы” з’яўляецца малочная жывёлагадоўля. У гэтым напрамку прымаюцца захады па павелічэнні колькасці дойнага статку, павышэнні яго прадуктыўнасці, забеспячэнні жывёлы высокаспажыўнымі кармамі, стварэнні належных умоў для ўтрымання кароў і працы жывёлаводаў.

Летась, напрыклад, валавы надой склаў 4907 тон, што на 84,7 тоны больш, чым у 2010 годзе. Ад кожнай з 720 кароў надоена па 6817 кг малака, што на 43 кг больш, чым у папярэднім годзе.
На перапрацоўку адпраўлена 79 працэнтаў малака вышэйшым гатункам, таварнасць яго дасягнула 90 %. Рэнтабельнасць малочнай галіны склала летась 47 працэнтаў.
Ад рэалізацыі малака гаспадарка мае штодзённа 38 мільёнаў рублёў выручкі, а за снежань 2011 года яна склала 1 млрд руб.

Племзавод плюсуе па надоях і ў зімова-стойлавым перыядзе. Зараз ад кожнай каровы атрымліваюць за дзень па 19 кг малака, што на 1,5 кг больш, чым у папярэднім годзе.
Яшчэ больш уражваюць вытворчыя паказчыкі даярак на раздоі цялушак Галіны Мікалаеўны Лагута і Алены Генадзьеўны Ханько. За дзень ад кожнай цялушкі яны надойваюць па 26,8 кг малака. А па выніках года пераўзышлі дзесяцітысячны рубеж. Больш як па 7000 кілаграмаў малака ад каровы надаілі ў мінулым годзе даяркі Людміла Васільеўна Працук і Надзея Аляксандраўна Карп.

Павысіліся і сярэднясутачныя прыбаўленні ў вазе цялушак для аднаўлення статку, якія склалі летась 758 грамаў.
Выкананы план продажу племянных бычкоў. Дзяржплемпрадпрыемствам іх адпраўлена 70 галоў.
Ёсць дасягненні і ў галіне раслінаводства. Упершыню ў гаспадарцы валавы збор зерневых і зернебабовых павялічаны на 1303 тоны і дасягнуў 5100 тон пры ўраджайнасці 62,4 цэнтнера з гектара. Найбольш ураджайнымі аказаліся пшаніца (64,5 ц/га), ячмень (61,7 ц/га), трыцікале (59,6 ц/га).

У гэтай галіне лепшымі працаўнікамі з’яўляюцца механізатары Уладзімір Баляслававіч Карэцкі, Сяргей Уладзіміравіч Лагута, вадзіцелі МАЗаў Аляксандр Мікалаевіч Манкевіч і Мікалай Канстанцінавіч Громаў.
На дасягнутым не спыняемся. Закладзены трывалы падмурак пад будучы ўраджай, працягваецца мадэрнізацыя і рэканструкцыя аб’ектаў жывёлагадоўлі. У мінулым годзе завяршылі рамонт кароўніка на 120 галоў, рэканструкцыю памяшкання для ўтрымання сухастойных кароў і аддзялення для ацёлаў. Сёлета прадоўжыцца будаўніцтва даільнай залы на малочнатаварнай ферме “Людвікі” і рамонт кароўніка на 150 галоў.

Павялічваем жыллёвы фонд. Так, у 2011 годзе ўвялі ў эксплуатацыю шэсць дамоў сядзібнага тыпу. Чатыры аналагічныя збудуем сёлета, прадоўжым рэканструкцыю Дома механізатара.

Добавить комментарий