ПРЫЗНАННЕ

“Жыццё пражыць — не поле перайсці”, — гавораць у народзе. У ім сустракаюцца ружы і шыпы, узлёты і падзенні, поспех і няўдача…  Галоўнае — не разгубіцца, а прыняць правільнае рашэнне, не апусціць рукі, а пачаць з нуля, не шукаць вінаватага, а самому спрабаваць ладзіць свае будні і святы.
Чаму толькі чалавек не навучыцца за жыццё? Любіць, цярпець, чакаць… І, вядома, працаваць! Шмат, да сёмага поту, што сам будзе здзіўляцца: адкуль бяруцца сілы? І назаўтра, адпачнуўшы, зноў возьмецца за справу…
Лідзія Міхайлаўна Турок —  з гэтай кагорты. Зараз на заслужаным адпачынку. Працавала на свінафермах “Тударава” і “Стрэльнікі” свінаркай. Нялёгка было, усё рабілі ўручную, але гэта не палохала  жанчыну.
— У вёсках людзей было шмат, — успамінае яна. — Працавалі шчыра на калгас і дома па гаспадарцы. А цяпер можна жыць: дзяржава клапоціцца — пенсію своечасова атрымліваю. Ды і ўвагай не абдзелена — старшыня Красненскага сельскага Савета Тамара Мікалаеўна Лейка часта наведваецца. Айцец Максім з г. п. Карэлічы таксама прыязджаў, службу для вяскоўцаў праводзіў у маёй хаце. Пасля такой сустрэчы па-іншаму сябе адчуваеш, на душы становіцца спакайней…
Жыццё. Яскравы доказ таму, што яно пражыта не дарэмна, шматлікія ўзнагароды Лідзіі Міхайлаўны: ордэн Працоўнага Чырвонага Сцяга, медалі “За працоўную адзнаку” і “Ветэран працы”. Ёй прысвоена званне “Заслужаны калгаснік”. Гэта прызнанне бездакорнай працы, якой яна прысвяціла ўсё свядомае жыццё.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.