“З ДНЁМ НАРАДЖЭННЯ, МАКСІМ!”

Група вучняў і настаўнікаў нашага раёна была запрошана ў г. Гродна для ўдзелу ў навукова-практычнай канферэнцыі, прысвечанай 120-годдзю з дня нараджэння класіка беларускай літаратуры Максіма Багдановіча. Аб тым, як праходзіла гэтае ўрачыстае мерапрыемства, гутарка з настаўніцай беларускай мовы і літаратуры ДУА “Райцаўскі ВПК дзіцячы-сад — сярэдняя школа” Т. М. МУХІНАЙ.

— Таіса Мікалаеўна, вашы першыя ўражанні ад гэтай паездкі?
— Горад сустрэў паўзмрокам і цішынёй: здавалася, ноч праспала час свайго адыходу. Пешшу ідзём (час дазваляе) вуліцай Леніна да ўніверсітэта. Адразу з прыступкаў універсітэта заўважылі, што на нас скіраваны прыветлівы позірк самога Максіма. Гэта ў фае аформлены студэнтамі кафедры рускай літаратуры інфармацыйны бюлетэнь “3 днём нараджэння, Максім!”, дзе размешчаны вершы класіка і яго партрэт.
— Як развіваліся падзеі далей?
— Варта было вымавіць: “Добрай раніцы ўсім!”, як гардэробшчыкі шчыра заўсміхаліся: “Мусіць, на канферэнцыю?..”. Адразу цёпла стала на душы, быццам прыехалі да блізкіх сваякоў ці добрых знаёмых. Міжволі ўзгадалася чыёсьці выказванне: “У радасці свая вясна, і неабавязкова ёй прыходзіць да чалавека вясной”.
Невялікая экскурсія ва ўніверсітэце, знаёмства з кафедрамі, рэгістрацыя… Атрымліваем праграмку і заходзім у аўдыторыю, дзе ўжо размясціліся ўдзельнікі, госці, журналісты. Гучыць лёгкая музыка, экран высвечвае партрэт юбіляра ў абрамленні васільковага вянка.
— Што цікавае было ў час сустрэчы?
— Усіх прыхільнікаў Максімавага слова віталі кандыдыт філалагічных навук, дацэнт, дэкан філалагічнага факультэта УА “Гродзенскі дзяржаўны ўніверсітэт імя Янкі Купалы” Лісоўская Іна Самсонаўна і доктар філалагічных навук, прафесар кафедры беларускай літаратуры Жук Ігар Васільевіч. А прадставіў нашу дэлегацыю кандыдат філалагічных навук, дацэнт, загадчык кафедры беларускай літаратуры Лебядзевіч Дзмітрый Мікалаевіч, з гонарам падкрэсліўшы, што мы — землякі Яна Чачота.
— Што ўяўляла сабою культурная праграма?
— Спачатку ў выкананні студэнтаў філалагічнага факультэта і навучэнцаў каледжа мастацтваў была выканана літаратурна-музычная кампазіцыя “Музыкі перш за ўсё…”, якая надала лірычнага настрою на праслухоўванне вершаў “У вянок Максіму”, якія чыталі пераможцы раённых конкурсаў. Перад намі выступілі і вучні 5-7 класаў, і студэнты філфака, і навучэнцы вячэрняй школы.
Адзін за адным гучалі вершы, у якіх сабраны пачуцці самых розных адценняў. Да глыбіні душы ўскалыхнуў адзін з апошніх твораў паэта “Страцім-лебедзь”, у якім гучыць трывожнае паэтава сцвярджэнне: у часы войнаў, эпідэмій, стыхійных бедстваў гінуць самыя лепшыя, самыя любімыя. Ці не пра Максіма гэта? Ці не ёсць гэта рэквіем паэта самому сабе, свайму трагічнаму лёсу?!
— Аб чым ішла гаворка на пленарным пасяджэнні?
— Пачалося яно з фотапрэзентацыі музея Максіма Багдановіча. Аб гісторыі яго стварэння ў Гродне распавяла дырэктар музея Святлана Рапецкая. Затым былі выступленні настаўнікаў школ і выкладчыкаў ВНУ пра паэзію Максіма Багдановіча ў школьнай праграме і ў кантэксце сусветнай літаратуры.
— А чым займаліся нашы ўдзельнікі?
— Лагічным працягам была работа па секцыях. Наша група працавала па тэме “Творчасць Максіма Багдановіча ў кантэксце часу”. Вучаніца 9 класа СШ г. п. Мір Юлія Пастухова выступіла з паведамленнем на тэму “Эстэтычныя погляды М. Багдановіча “, а Вольга Кулак, дзевяцікласніца Райцаўскага ВПК, сказала сваё “Слова пра любімага паэта”.
— Як рэагавалі прысутныя на выступленні вучняў?
— Улічваючы надзённасць узнятых пытанняў, узнікла невялікая палеміка наконт эстэтычных поглядаў сучаснай моладзі. Аднак выступоўцы, добра арыентуючыся ў пададзеным матэрыяле, давалі вельмі трапныя адказы.
— Як адчувалі сябе вучні ў такой дарослай аўдыторыі?
— За адным сталом з намі працавалі студэнтка 3 курса філфака Ганна Флейта (яна — выпускніца Райцаўскага ВПК) і кандыдат філалагічных навук , дацэнт кафедры беларускай літаратуры Ала Мікалаеўна Петрушкевіч (наша зямлячка і таксама выпускніца Райцаўскага ВПК), таму ўсім было вельмі ўтульна і камфортна. Ганна выступіла з паведамленнем на тэму “Трыялет у паэзіі М. Багдановіча”, а Ала Мікалаеўна пазнаёміла з “Палын-травой”: незавершанай кнігай Максіма.
Кожны юны ўдзельнік атрымаў невялікі падарунак ад арганізатараў сустрэчы. На заключным пасяджэнні прайшоў “круглы стол”.
*  *  *
Вечарэла. Сонца астыла, цьмяна акрэсліваліся яго чырванаватыя краі, і горад дыхаў ужо прахалодай. Ад гэтай навакольнай цішыні было спакойна і нават неяк тужліва-хораша на душы, не хацелася нікуды ісці, а тым болей ехаць. Ужо седзячы ў аўтобусе, падумалася: якая дзіўная рэч — памяць. Гэта тая жыццёвая аснова, на якой трымаецца кожны з нас. Яна як падмурак для дома, як глеба для каранёў, як сонца для лістоты, як нектар для пчол, як вада для рыбы.
Зорка ці метэарыт, згараючы, пакідае за сабой след. I чалавек не павінен бясследна знікнуць з Зямлі. Які след пакінуў пасля сябе Максім Багдановіч, мы толькі што мелі магчымасць чуць і бачыць.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.