Аграсядзіба “У Нікадзіма”

З Н. Б. Нарбутовічам па-сапраўднаму мне давялося пазнаёміцца больш дваццаці гадоў назад. А прывяла да яго журналісцкая цікавасць. У той час Нікадзім Барысавіч займаўся вырошчваннем жэньшэню і іншых экзатычных раслін. Памятаецца, з якім захапленнем расказваў ён пра “корань жыцця”, як асвойваў няпростую тэхналогію яго вырошчвання, з якім гонарам паказваў сваю плантацыю.
Прайшло больш як два дзесяцігоддзі, на працягу якіх Н. Б. Нарбутовіч спрабаваў свае сілы ў сферы гандлю, харчавання, дарэчы, небезпаспяхова. Але з цягам часу перадаў гэта дзецям, а паколькі па характары застаўся чалавекам дзелавым, ахвочым да эксперыментатарства і навацый, то рашыў асвоіць новы напрамак прадпрымальніцкай дзейнасці — аграэкатурызм. Зыходзіў з таго, што меў: дом і прысядзібны ўчастак. Пасля афармлення ўсіх юрыдычных фармальнасцей, першым чынам правёў рэканструкцыю дома.

Першая чарга праекта — гэта праграма-мінімум Нікадзіма Барысавіча. Яна ўжо выканана. Зараз аграсядзіба “У Нікадзіма” мае чатыры пакоі для прыёму гасцей, а для іх абслугоўвання — дзве кухні, столькі ж санвузлоў і душавых, карпаратыўную залу.
У кожным пакоі — сучасная мэбля, бытавая тэхніка, спадарожнікавае тэлебачанне. З балкона адкрываецца прыгожы краявід на Мірскі замак.
Сядзіба можа прыняць чатыры сямейныя пары, калі з дзецьмі — 12 чалавек адначасова.
Да паслуг гасцей — традыцыйная беларуская нацыянальная кухня. Яны могуць паласавацца аладкамі, дранікамі, бабкай, сялянскім малаком і смятанай, адведаць паляндвічкі. Прадукцыя з уласнай гаспадаркі, а ў выпадку патрэбы, выручаюць суседзі.
— Агародніна, гэта па маёй частцы, — гаворыць Нікадзім Барысавіч. — А ён у мяне багаты. Для гасцей з ранняй вясны прапануюцца ягады жымаласці, трускаўкі (без права вынасу), цыбуля, прыправы і іншае, а таксама садавіна. На трыццаці сотках вырошчваю ўсё неабходнае, ёсць сад, які нядаўна папоўнены маладымі саджанцамі.
Прама ў двары абсталявана стаянка для аўтамабіляў.
Гаспадар мяркуе ўвесці ў эксплуатацыю другую чаргу сядзібы, дзе ёсць летні басейн, сауна з цёп лым басейнам, карпаратыўная зала на 20 персон. Ацяпленне і лазня працуюць на мясцовых відах паліва.
— Паколькі гэта аграэкасядзіба, то тут ёсць нямала экзатычных раслін, — працягвае аповед Н. Б. Нарбутовіч. — Сярод іх і кітайскі лімоннік, радзіола ружовая або залаты корань, элеутэракок калючы, аралія маньчжурская. Вясною для турыстаў і іх дзяцей будзе закладзена плантацыя жэньшэню, дзе пастаяльцы змогуць пабачыць, што гэта за расліна і як яе трэба вырошчваць, пабудуем фазанарый.
За два гады на сядзібе адпачылі каля двухсот чалавек з усіх рэгіёнаў Беларусі, а таксама з Расіі, Польшчы, Германіі, Францыі і іншых краін. Водгукі толькі станоўчыя. Вось, напрыклад, які запіс пакінуў у кнізе адпачываючых настаўнік рускай мовы з Санкт-Пецярбурга Раман Курбатаў: “Дзякую за выдатны адпачынак, — гэта быў лепшы адпачынак у маім жыцці!!! Турыст-доўгажыхар (26 дзён)”.
Запрашаем і іншых на аграсядзібу “У Нікадзіма”, па вуліцы Кастрычніцкая, 31 у г. п. Мір.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.