ДА ЗЯМЛІ — З ПАШАНАЙ

На нарадзе па пытаннях выключэння і прадастаўлення зямельных участкаў з сельскагаспадарчых зямель Прэзідэнт Рэспублікі Беларусь А. Р. Лукашэнка прапанаваў вярнуцца да выдзялення іх толькі са згоды кіраўніка дзяржавы. Ён папярэдзіў, што нельга так па-варварску ставіцца да зямель.
Зямля — найвышэйшая каштоўнасць дзяржавы. А таму за аховай і выкарыстаннем яе павінен быць наладжаны пастаянны і надзейны кантроль. У нашым раёне гэтыя функцыі ўскладзены на землеўпардкавальную службу, работнікі якой адзначаюць гэтымі днямі сваё прафесійнае свята.
Напярэдадні яго рэдакцыя папрасіла начальніка землеўпарадкавальнай службы П. А. НАЙДЗІНА расказаць, што зроблена ў гэтым плане за мінулы год, што новае чакае нас у будучыні і г. д.
— Землеўпарадкавальная служба ў раёне нешматлікая. У ёй заняты ўсяго сем спецыялістаў. У той час як зямельны фонд раёна складае 109 336 гектараў. Плошча сельскагаспадарчых зямель у сельгасарганізацыях — 67 552 га, у тым ліку 42 970 га ворнай зямлі.
Тры фермерскія гаспадаркі ажыццяўляюць сваю дзейнасць на агульнай плошчы 193 га.
— Якія мерапрыемствы удалося ажыццявіць у мінулым годзе?
— Па-першае, распрацавана схема землеўпарадкавання Карэліцкага раёна, выкананы работы па ўстанаўленні кадастравага кошту зямель у гарадскіх пасёлках Карэлічы і Мір.
Па-другое, Навагрудскаму лясгасу перададзены зямельныя ўчасткі, якія не выкарыстоўваліся ў сельскагаспадарчай вытворчасці, плошчай 355 га. Ад сельскіх і пасялковага Саветаў сельскагаспадарчым арганізацыям перададзена 383 га ворных зямель.
У рамках навядзення парадку на зямлі знесена 46 аб’ектаў, уключана ў сельскагаспадарчы абарот 24 га, перададзена ў дзяржаўны лясны фонд 15 га зямлі.
— А ці набываюць жыхары раёна зямлю ў прыватную ўласнасць?
Так. У прыватную ўласнасць грамадзян для абслугоўвання жылых дамоў і вядзення асабістай гаспадаркі ў 2011 годзе перададзена 23 участкі на сумму 172 11 380 рублёў.
У перыяд з 2008 года па цяперашні час прададзена з аукцыёнаў 15 зямельных участкаў на суму 153 203 867 рублёў.
— Дзе найбольш актыўна набываюць зямельныя ўчасткі?
— Безумоўны лідар у гэтай справе Мірскі пассавет. Там прададзена 14 участкаў на сумму 152 884 695 рублёў.
— Пётр Аляксандравіч, якія навацыі ў парадку рэгулявання зямельных адносін з’явіліся апошнім часам?
— З 1 студзеня 2012 года ўступіў у сілу Указ Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь № 431 “Аб некаторых мерах па ўдасканаленні адносін у галіне адымання, прадастаўлення і выкарыстання зямельных участкаў”.
— Што прадугледжвае гэты дакумент?
— Указам прадугледжваецца шэраг мер, накіраваных на развіццё індывідуальнага жыллёвага будаўніцтва, прадпрымальніцтва і дзелавой ініцыятывы, а таксама ўносяцца дапаўненні і змяненні ў некаторыя заканадаўчыя акты па пытаннях прадастаўлення зямельных участкаў.
Напярэдадні свята хачу выказаць словы ўдзячнасці за старанную работу ўсім спецыялістам землеўпарадкавальнай службы і пажадаць здароўя, шчасця і новых здабыткаў у працы.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.