“ЛЮБЛЮ Я ТЭХНІКУ, І ПРАЦУ Я ЛЮБЛЮ”

Ёсць катэгорыя людзей, якіх называюць, у добрым сэнсе гэтага слова, працаголікамі. Дзеля працы яны не лічацца з асабістым часам, выхаднымі, святочнымі днямі і атрымліваюць ад гэтага не толькі матэрыяльную выгоду, але і маральнае задавальненне, душэўную раўнавагу. Асабліва, калі яны заняты любімай справай.
Для Васілія Канстанцінавіча Шыша з СВК “Малюшычы” — гэта тэхніка. Ураджэнец вёскі Працяневічы гадаваўся ў мнагадзетнай сям’і і быў адным з пяці дзяцей работнікаў нарыхтоўчага пункта жывёлы, які дзейнічаў у былыя гады ў гэтым населеным пункце. Бацькі, пастаянна занятыя на працы, няшмат мелі часу займацца дзецьмі. Таму браты і сястра Зоя гаспадарылі самастойна.
Дзяцінства стала школай жыцця, а ўрокі яго прыдаліся ў сталым узросце. Праўда, рана пайшоў з жыцця адзін з братоў, астатнія дзеці выбралі рабочыя прафесіі. Кар’еру зрабіў самы малодшы, Аляксандр, які працаваў старшынёю калгаса ў Малдавіі. Але з развалам Саюза давялося яму шукаць іншы занятак, каб зарабіць на хлеб надзённы.
Канстанцін працуе вадзіцелем на мясакамбінаце ў Стаўбцах. Сястра Зоя асталявалася ў Руціцы і працавала даяркай у “Маяку”.
Зараз Васілій Шыш жыве ў вёсцы з прыгожай назвай Зелянец. На розных работах прыходзілася яму працаваць, а найбольш з “жалезам”, у прамым і пераносным сэнсе. Напрыклад, уладкаваўся ў прыватнае прадпрыемства “Райца”, дзе патрэбен быў вадзіцель. Ды вось незадача, МАЗ аказаўся няспраўны і сіратліва стаяў пад плотам. Стаяў да той пары, пакуль за яго не ўзяўся Васілій Канстанцінавіч. Дзякуючы яго ўмелым рукам грузавік атрымаў другое нараджэнне і доўга надзейна служыў яму на бяскрайніх дарогах краін СНД і суседняй Польшчы.
Аналагічная сітуацыя паўтарылася ў сельгаскааператыве “Малюшычы”, дзе Васілій сем сезонаў адпрацаваў  машыністам КЗР-10 на нарыхтоўцы кармоў. У міжсезонне механізатару выпадала няшмат работы, а тым часам кааператыўны аўтобус выхадзіў свой рэсурс і яго вырашылі спісаць на металалом. Васілій з гэтым не пагадзіўся і дабіўся дазволу аднавіць машыну. З энтузіязмам узяўся за справу, і зараз яго ПАЗік зноў шпарка калясіць па сельскіх дарогах. Гэты транспартны сродак запатрабаваны штодзённа, таму Васілію Канстанцінавічу даводзіцца выязджаць у рэйс нават а пятай гадзіне раніцы і вяртацца дамоў познім вечарам. Хтосьці наракаў бы на такі рэжым работы, ды толькі не ён.
— Люблю я тэхніку і працу я люблю, — кажа Васілій Канстанцінавіч Шыш.
За гэта і паважаюць у гаспадарцы працавітага вадзіцеля і механізатара.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.