НА МАЛЮШЫЦКІХ ПРАСТОРАХ

Землі сельскагаспадарчага вытворчага кааператыва “Малюшычы”, размешчаныя на схілах Навагрудскага ўзвышша, славяцца цудоўнымі краявідамі. Асабліва незабыўнае ўражанне пакідаюць яны ў гасцей з горада. Памятаецца, у якім захапленні былі ад іх сталічныя журналісты, якія працавалі ў гаспадарцы па заданні свайго рэспубліканскага выдання. Звяздоўцы назвалі гэты маляўнічы куточак беларускай Швейцарыяй.
Безумоўна, прыгажосць роднага краю наклала свой адбітак на лёс Віктара Шыша, які нарадзіўся, гадаваўся і вырас у гэтых мясцінах, знайшоў сваё месца ў жыцці, стаў паважаным чалавекам, прафесіяналам у сельскагаспадарчай вытворчасці.
Працоўны шлях Віктара пачаўся з парога мясцовай школы, дзе юнак вучыўся дзевяць гадоў. Юнацкі максімалізм і вялікая прага самастойнасці прывялі былога дзевяцікласніка на жывёлагадоўчую ферму “Даўгінава”, дзе ён працаваў даглядчыкам.
Гэта работа нават не кожнаму даросламу падуладна, патрабуе многа фізічных намаганняў, загартоўкі. А тут малады чалавек, учарашні школьнік, як яму справіцца з такой нагрузкай? І праўленне гаспадаркі накіравала Віктара вучыцца ў Карэліцкае СПТВ-125 механізатарскай справе. І трактарысты патрэбны былі, і юнаку палёгка.
З пасведчаннем трактарыста-машыніста вярнуўся Віктар у гаспадарку, а яшчэ з марай і жаданнем хутчэй сесці за руль магутнай машыны. Аднак з гэтым прыйшлося пачакаць. Атрыманыя ў вучылішчы тэарэтычныя веды трэба было замацаваць практыкай, а дзе гэта лепш зрабіць, як не на пасадзе слесара. На яе і прызначылі выпускніка ПТВ.
Колькі разоў збіваў пальцы малады рамонтнік і не палічыш, але ўпарта асвойваў будову трактара і сельгасмашын, дапамагаў “лячыць” іх. А неўзабаве разам з напарнікам паставіў на ногі спісаны МТЗ-82. На ім і вучыўся араць, сеяць, уносіць мінеральныя ўгнаенні, ахоўваць сельскагаспадарчыя расліны ад хвароб і шкоднікаў і г. д.
Стараннасць юнака была дастойна ацэнена праўленнем і праз два гады Віктару ўручылі ключы ад новенькага трактара МТЗ-82. Гэта акрыліла яго і натхніла на новыя працоўныя здзяйсненні.
Праз пэўны час яму даверылі ўжо магутны пагрузчык “Амкадор”, а сёння ён паказвае ўзорнае майстэрства на пагрузчыку англійскай вытворчасці. Цяпер Віктар аказвае паслугі жывёлаводам, будаўнікам, корманарыхтоўшчыкам, сціртуе салому, прыводзіць у парадак унутрыгаспадарчыя дарогі і г. д.
Сям’і працавітага механізатара праўленне гаспадаркі выдзеліла дом сядзібнага тыпу, які напоўнены вясёлымі галасамі другакласніка Максіма і дачушкі Вікторыі, якая летась пайшла ў першы клас.
Ладзяцца справы і ў гаспадыні Святланы Аляксандраўны, якая працуе прадаўцом у магазіне вёскі Волца. Да яго няблізкі шлях, таму на сямейнай нарадзе пастанавілі набыць легкавы аўтамабіль. Водзіць яго сама Святлана, а астатнія члены сям’і карыстаюцца паслугамі сямейнага шафёра, выязджаючы на ўлонне прыроды адпачыць. Любімы занятак у мужчын — рыбалка. Віктар Віктаравіч самы адмысловы рыбалоў і сына Максіма навучыў гэтаму. Хлопчык ужо не раз радаваў бацькоў рыбалоўнымі “трафеямі” — карасікамі, а тата больш важкімі ўловамі, здабытымі на Сэрвачы, Свіцязі, вадаёмах у Тупалах, Дорагаве і іншых.
Любімы занятак дае моцны зарад бадзёрасці і здароўя, настрою на плённую працу.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.