“Свая газета — аб сваіх людзях”

Паштоўка… Раней яна была ў вялікай пашане — яе чакалі да свят. Віншаванні прыходзілі ў дамы, а паштоўкі захоўвалі як каштоўны сямейны скарб.
І зараз іх можна купіць у паштовых аддзяленнях. Хаця маладыя аддаюць перавагу эсэмэскам па мабільным тэлефоне, а засталіся ім верныя людзі састарэлага ўзросту, а паштальён — самы жаданы госць у іх хаце.
А чым увогуле займаюцца паштавікі, журналіст пацікавілася ў работнікаў паштовага аддзялення вёскі Вялікія Жухавічы.

Жанна Аркадзьеўна МАМОНЧЫК,
начальнік паштовага аддзялення:

— Наш калектыў складаецца з шасці чалавек: чатыры паштальёны, аператар і я. Мы стараемся задаволіць попыт сельскіх жыхароў: выплачваем пенсіі, прымаем аплату за камунальныя паслугі, выпісваем і дастаўляем газеты і часопісы, займаемся продажам тавараў, прапаноўваем паштоўкі і г. д. Адным словам, імкнёмся зайсці ў кожны дом, каб ніводзін вясковец не быў абдзелены ўвагай.
Хаця кошт на перыядычныя выданні і павялічыўся, але сельскія жыхары па-ранейшаму выпісваюць газеты і часопісы. Найбольш ахвотна — раённую газету “Полымя”, бо ў ёй можна прачытаць шмат цікавага, пазнаёміцца з рэкламнымі звесткамі — як ні кажыце, свая газета заўсёды піша аб сваіх людзях. Ды і ад рэспубліканскай перыёдыкі не адмаўляюцца, бо хочуць ведаць вяскоўцы і аб тым, што адбываецца ў свеце. Найчасцей падпісваюцца на газеты: “Советская Белоруссия”, “Белорусская нива”, “Рэспубліка”, “Народная газета”. А папулярнымі з часопісаў з’яўляюцца “Гаспадыня”, “Хозяин”, “Кудесница”, “Народный доктор”, “Наша кухня”.

 

Жанна Леанідаўна СТРЭЧАНЬ:
паштальён вёскі Юравічы:
— Шаснаццаць гадоў працую паштальёнам і ўвесь час у Юравічах. Абслугоўваю жыхароў 50 дамоў. У асноўным — пенсіянеры. Хаця людзі і састарэлыя, але ахвотна выпісваюць перыядычныя выданні, заказваюць тавары штодзённага попыту, аплачваюць за карыстанне тэлефонам, радыё, электраэнергіяй і г. д.
Вёска знаходзіцца ў сямі кіламетрах ад Жухавіч. І пастаянным сувязным звяном з’яўляецца паштальён. Імкнуся выконваць просьбы састарэлых людзей. Ведаю, што мяне чакаюць, таму і апраўдваю іх давер — заўжды спяшаюся да вяскоўцаў, стараюся дагадзіць нават у дробязях, бо яны заслужылі павагу і ўвагу. Ды і абавязкі паштальёна патрабуюць добрасумленных адносін да сваёй справы і чулых — да людзей.

Ларыса Фёдараўна ДРАТКОЎСКАЯ:
аператар:
— Ажыццяўляю прыём банкаўскіх плацяжоў у лік пагашэння крэдытаў, выдачу грашовых сродкаў па пластыкавых картках, аплату камунальных паслуг, прымаю ўдзел у падпісной кампаніі, аказваю іншыя паслугі.
Пяць гадоў працую аператарам. І ўсё больш і больш пераконваюся, што праца паштовага работніка вельмі патрэбная, бо мы стаім на варце інтарэсаў вяскоўцаў і імкнёмся іх задаволіць.
— З людзьмі працаваць няпроста, — зазначыла начальнік паштовага аддзялення Ж. А. Мамончык. — Трэба імкнуцца знайсці падыход да кожнага, мець шмат цярпення і вялікае жаданне несці людзям радасць.
Мы абслугоўваем таксама і насельнікаў Жухавіцкага дома-інтэрната для састарэлых, а гэта сведчыць аб тым, што патрэбны высокі прафесіяналізм і добрае сэрца, каб служыць людзям. Як кіраўнік калектыву, задаволена тым, што паштавікі надзелены гэтымі якасцямі і спаўна аддаюць сябе любімай справе.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.