ЗА ДЗЕСЯЦЬ ДЗЁН ДА ВАЙНЫ

Сёлета, а дакладней 22 верасня, 90-гадовы юбілей адзначыць ветэран Вялікай Айчыннай вайны Георгій Іванавіч Крысько. Шмат падзей адбылося на вяку гэтага чалавека. Нарадзіўся і рос  у сялянскай сям’і з вёскі Селішча, што ў Слуцкім раёне. Рана пазнаў “смак” сірочага хлеба, бо страціў бацьку, калі старэйшаму брату Валянціну было восем гадоў, а яму толькі шэсць. Не ведаў хлопчык бацькоўскай ласкі, але ведаў, як мужна змагаўся Іван Андрэевіч з белапалякамі. Там і быў паранены, ад чаго не змог паправіцца і ў хуткім часе пайшоў з жыцця.
На руках у маці Вольгі Пятроўны засталіся двое непаўналетніх сыноў. Як магла ўдава змагалася з цяжкасцямі сямейнага жыцця. Нялёгка прыходзілася сялянцы адной, але паставіла дзяцей на ногі, выгадавала дастойнымі людзьмі. Валянцін стаў лётчыкам, даслужыўся да звання палкоўнік, потым выйшаў у адстаўку.
Спаўна зведаў салдацкага хлеба і малодшы Георгій, якога прызвалі на тэрміновую ваенную службу за дзесяць дзён да вайны. 12 чэрвеня 1941 года стаў ён пад сцяг 5-й паветра-дэсантнай брыгады, якая дыслацыравалася ў горадзе Першамайску Нікалаеўскай вобласці ва Украіне.
22 чэрвеня 1941 года дэсантнікаў паднялі па трывозе, пагрузілі ў эшалон з усім узбраеннем і воінскім рыштункам і адправілі пад Кіеў. Байцы занялі абарону ў ваколіцах горада і ўжо 9 жніўня атрымалі баявое хрышчэнне.
На фронце Георгій Крысько быў разведчыкам, а гэта да многага абавязвала. Трэба было мець велізарную вытрымку, смеласць, рашучасць і адвагу, умець імгненна рэагаваць на непрадказальныя абставіны для таго, каб справіцца з баявым заданнем і выжыць.
— Аднойчы, — успамінае ветэран, — група разведчыкаў, у складзе якой быў і я, атрымала заданне ўзяць “языка”. На выкананне яго адправіліся ноччу. Спачатку пошукі вынікаў не далі, але раптам выявілі варожую лінію сувязі. Рашэнне прыйшло імгненна: рэжам правады і робім засаду.
Так і зрабілі: пашкодзілі сувязь і прытаіліся ў хмызняку. Чакаць доўга не давялося. Неўзабаве з’явіліся два нямецкія сувязісты, а нас было трох. Вырашылі пачакаць. І як толькі гітлераўцы выявілі пашкоджанне, адзін з іх рушыў далей, а другі застаўся, паклаў аўтамат на зямлі і заняўся сваімі справамі. Мне было загадана зайсці з тылу і абяззброіць фашыста, астатняе ўзялі на сябе мае таварышы. Аперацыя прайшла бліскуча. Палонны з кляпам у роце нічога не мог зрабіць, і дарэмна гукаў яго напарнік. Праз пэўны час мы даставілі “языка” ў свой штаб, дзе ён даваў патрэбныя звесткі.
— Але не заўсёды так шанцавала, — працягвае Георгій Крысько. — Аднойчы я атрымаў заданне сачыць за праціўнікам у непасрэднай блізкасці ад размяшчэння нашага штаба. Заняў выгадную пазіцыю на вышках паўразбуранага гумна і назіраю праз бінокль за немцамі. Нічога падазронага вакол не было і толькі я адняў бінокль ад вачэй і адвёў руку ў бок, як мой бінокль разляцеўся ўшчэнт, а руку пранізаў нясцерпны боль. Відаць “засвяціўся” я перад варожым снайперам, вось ён і пальнуў на паражэнне разрыўною куляю.
Было гэта ў 1941 годзе, а асколкі і сёння ў руцэ нашу.
Пасля ранення  да лютага 1942 года лячыўся ў ваенным шпіталі ў Тбілісі, адкуль быў накіраваны ў 73 стралковы дывізіён і стаў мінамётчыкам. Стаялі мы тады ў Будзёнаўску, што ў Чачні, а потым занялі абарону ў Данбасе.
Заняць то занялі, але не ўтрымалі. Давялося адступаць праз Сальскія стэпы ў напрамку Чачні. Што было далей, не памятаю. Жар зваліў у непрытомнасць. Аказалася захварэў тыфам. Сем сутак знаходзіўся ў стане трызнення. Як потым расказалі трызніў пра дом, пра маці і ўсё прасіў ў мамы кіслага малака.
Хвароба не прайшла бясследна. Ад маладога мужчыны засталіся, як кажуць, скура і косці, які ніяк не мог набраць патрэбную вагу. Таму і заставаўся ў батальёне для выздараўліваючых. Былі там і афіцэры, у аднаго з якіх быў салдат ардынарцам. А калі прыехалі “купцы”, каб набраць камандзіраў у дзеючую армію, паехаў на фронт і ардынарац Крысько.
Балазе, што меў пасведчанне вадзіцеля, залічылі шафёрам у 886 артылерыйскі полк 60-й арміі.
На ўзбраенні палка былі 120-мм гаўбіцы на коннай цязе, іх і забяспечваў на сваёй “палутарцы” Георгій Крысько. Пазней перасеў на “студабеккер”.
Удзельнічаў у вызваленні Кракава, Асвенцыма, ва ўзяцці населеных пунктаў на тэрыторыі Германіі, а потым і ў вызваленні Чэхаславакіі. Перамогу сустрэў за 60 км ад Прагі.
А дома чакалі мама і родныя, якія змагаліся з акупантамі  ў партызанскіх атрадах. Мама пякла хлеб у партызанскім атрадзе “Каршун”, які дзейнічаў на Случчыне. Узнагароджана медалём “За адвагу”. Такой жа ўзнагароды ўдастоена і партызанка цёця Шура.
Яны сустрэліся ў снежні 1946 года пасля дэмабілізацыі Георгія. Пытанняў, дзе ўладкавацца на працу, не паўстала. З чатырнаццаці гадоў ён працаваў прычэпшчыкам у МТС. Туды ж і вярнуўся, але ўжо трактарыстам. Потым закончыў дзесяцімесячныя курсы механікаў, працаваў нарміроўшчыкам у МТС. Апошнія 42 гады адпрацаваў вадзіцелем аўтамабіля ў калгасе “Памяць Ільіча”.
У 1950 годзе Георгій Крысько ўзяў шлюб з каханай Нінай. Слаўная атрымалася сям’я ў франтавіка і былой партызанкі. Першай, як водзіцца, нарадзілася нянька, дачка Наташа, а потым пайшлі хлопцы: Сярожа, Коля, Валодзя, Георгій. Потым быў пяцігадовы перапынак. Шукалі дачушку, а нарадзіліся блізняты — Віктар і Барыс.
Было і няшчасце. Трагічна загінулі Валодзя і Мікалай, памёр ад цяжкай хваробы Георгій.
Але прозвішча і род ветэрана працягваюць 16 унукаў, ёсць і праўнукі.
Зараз ветэран жыве ў Карэлічах у трохпакаёвай кватэры з усімі выгодамі, якую збудаваў сын Віктар. З ім і нявесткай Г. І. Крысько жыве ў згодзе і ладзе. Нягледзячы на паважаны ўзрост і перанесеную тры гады таму аперацыю на сэрцы, адчувае сябе бадзёра, рады гасцям і ахвотна дзеліцца ўспамінамі пра сваю баявую маладосць, за якую мае медалі “За адвагу”, “За абарону Кіева”, “За перамогу над Германіяй” і іншыя, у тым ліку і ад урада Украіны.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.