Будучыню Радзімы будаваць маладым!

У шэрагу дзяржаўных святаў у нашай краіне Дзень Канстытуцыі, чарговую гадавіну якой адзначылі 15 сакавіка, займае адно з цэнтральных месцаў.

Канстытуцыя з’яўляецца Асноўным Законам дзяржавы. Менавіта яна, з аднаго боку, устанаўлівае асновы канстытуцыйнага ладу, формы і спосабы ажыццяўлення дзяржаўнага ўладкавання, тэрытарыяльную арганізацыю дзяржавы, сістэму, парадак фарміравання, прынцыпы арганізацыі і дзейнасці органаў дзяржавы. А з другога боку, на канстытуцыйным узроўні замацоўваюцца правы і свабоды грамадзян, адносіны паміж чалавекам і дзяржавай. Нормы, звязаныя з захаваннем і абаронай правоў і свабод чалавека і грамадзяніна, складаюць вядучы блок Асноўнага Закона краіны.

 

З гэтага аповеду пачалося ўрачыстае пасяджэнне, арганізаванае ў рамках акцыі БРСМ “Мы — грамадзяне Беларусі”, якое адбылося ў актавай зале дзіцячай школы мастацтваў з нагоды ўручэння моладзі пашпартоў. Адкрыла яго першы сакратар РК ГА “БРСМ” Н. У. Швец, якая выказала задаволенасць тым, што з кожным годам усё больш маладых людзей жадаюць атрымаць у гэты святочны дзень свой першы дакумент — пашпарт грамадзяніна Рэспублікі Беларусь.

Наталля Уладзіміраўна нагадала, што сёлета Беларускаму рэспубліканскаму саюзу моладзі спаўняецца дзесяць гадоў з дня яго ўтварэння і за гэты час праведзена шмат карысных акцый і мерапрыемстваў. Яшчэ больш добрых спраў у моладзі наперадзе. Недарма дэвіз арганізацыі: “Будучыню Радзімы будаваць маладым!”
Н. У. Швец павіншавала юнакоў і дзяўчат са знамянальнай падзеяй, атрыманнем першага пашпарта грамадзяніна Рэспублікі Беларусь і пажадала поспехаў на іх жыццёвым шляху.
Затым слова трымала інспектар групы па грамадзянстве і міграцыі РАУС, маёр міліцыі Ж. М. Траццякевіч. Яна расказала моладзі, якое значэнне ў жыцці кожнага чалавека мае пашпарт грамадзяніна Рэспублікі Беларусь, як трэба шанаваць і ганарыцца гэтым дакументам.
Ганаровае права ўручыць моладзі пашпарты прадастаўляецца намесніку старшыні райвыканкама Р. Ю. Абрамчыку, які перш, чым скарыстацца ім, гаварыў: “Паважаныя рабяты! Вы дасягнулі шаснаццацігадовага ўзросту і атрымалі права атрымаць гэты дакумент. Па сутнасці, уручэнне пашпарта — гэта адміністрацыйная працэдура, якую павінен прайсці кожны чалавек. Тым не менш, хацелася б, каб гэты дзень застаўся ў вашай памяці на ўсё жыццё.
Сёння мы гаворым пра вас як грамадзян Рэспублікі Беларусь, аб людзях, якія ўступаюць на самастойны жыццёвы шлях. Вы атрымліваеце дакумент, які абараняе вас шляхам усіх правоў, прадастаўленых грамадзянам Рэспублікі Беларусь Канстытуцыяй і іншымі заканадаўчымі актамі. Разам з тым, на вас ускладаюцца і пэўныя абавязкі, адказнасць за свой лёс, захаванне правоў іншых людзей, адказнасць за лёс дзяржавы, нашай Радзімы — Рэспублікі Беларусь.
Пройдзе нейкіх дзесяць гадоў і вы будзеце працаваць у розных галінах народнай гаспадаркі, а таму ад таго, як вы будзеце вучыцца, наколькі свядома, ініцыятыўна выбіраць сваю прафесію, ад вашай актыўнасці будзе залежаць далейшае развіццё і росквіт Айчыны.
Мы будзем рады, калі вы, атрымаўшы адпаведную адукацыю, прафесію вернецеся да нас, у Карэліцкі раён, для таго, каб працаваць ва ўстановах, у арганізацыях, на прадпрыемствах нашага Прынёманскага краю, для таго, каб слаўныя традыцыі раёна прымнажаліся ўжо вашымі сіламі і сіламі вашых будучых сем’яў, вашых дзяцей. Няхай у вашых пашпартах будзе толькі адзін запіс аб шлюбе і шмат запісаў аб нараджэнні дзяцей.
Жадаю, каб усе правы, якімі валодаеце, вы змаглі дастойна рэалізаваць, але гэта ў многім залежыць ад вас саміх, наколькі актыўна будзеце дабівацца гэтага.
Віншую вас з дзяржаўным святам — Днём Канстытуцыі — і важнай падзеяй у асабістым жыцці — уручэннем пашпарта.
Усяго ў гэты дзень пашпарты і кнігі “Я — грамадзянін Рэспублікі Беларусь!” атрымалі 15 юнакоў і дзяўчат з гімназіі № 1 г. п. Карэлічы, СШ № 2 г. п. Карэлічы, Малюшыцкай, Турэцкай, Красненскай, Варанчанскай, Жухавіцкай, Мірскай, Баранавіцкай сярэдніх школ і прафесійна-тэхнічнага будаўнічага ліцэя.
Са словамі ў адказ ад імя моладзі выступіла вучаніца Турэцкай школы Анастасія Ламан.
Ад імя ветэранаў юнакоў і дзяўчат цёпла павіншавала сакратар раённай ветэранскай арганізацыі Г. А. Ульянка, а ўдзельнікі мастацкай самадзейнасці выступілі са святочным канцэртам.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.