“ГОНАР І ПАШАНА — ПА ПРАЦЫ”

Як паведамлялася ў газеце “Полымя”, адбыўся раённы злёт перадавікоў народнай гаспадаркі, на якім падведзены вынікі зробленага ў 2011 годзе.
Звяртаючыся да ўдзельнікаў святочнага мерапрыемства, старшыня раённага выканаўчага камітэта В. Л. Шайбак гаварыў: “Паважаныя працаўнікі народнай гаспадаркі, ветэраны працы. Гэта вашай нястомнай, добрасумленнай працай створаны трывалы падмурак, аснова нашых здабыткаў і дасягненняў. Таму я рады быць разам з вамі, жыць разам з вамі, сумесна ставіць канкрэтныя мэты і задачы і настойліва ажыццяўляць іх.
Я — шчаслівы чалавек і радуюся таму, што вы ёсць. Няпроста сёння ўсім, але трэба быць аптымістамі, цвёрда крочыць наперад і дабівацца большага, верыць у лепшае і жыць дзеля нашых дзяцей і ўнукаў. Прыемна бачыць, як сёння нашы дзеткі выходзяць на гэту сцэну элегантныя, у прыгожых касцюмчыках, калі яны маюць усё для развіцця сваіх талентаў і здольнасцей і могуць паказаць сваё майстэрства нам. Гэта вельмі здорава.
Паважаныя сябры! Першы год пяцігодкі быў для нас складаны і напружаны. Але, нягледзячы на крызісныя праяўленні ў фінансава-эканамічным становішчы, мы стабільна папрацавалі ў аграпрамысловым комплексе. І хаця забяспечылі рост вытворчасці валавай прадукцыі на 107,5 %, на працягу апошніх чатырох гадоў атрымліваем у цэлым па раёне больш як 100 тысяч тон зерня. Ураджайнасць летась склала 50 цэнтнераў з гектара, больш як палавіна СВК узялі гэту планку і вышэй, тры гаспадаркі намалацілі больш 60 цэнтнераў зерня з гектара.
Стабільна працуем і ў галіне вытворчасці жывёлагадоўчай прадукцыі: летась забяспечылі надой малака ад каровы на ўзроўні 5181 кілаграм, што на 232 кг больш, чым у папярэднім годзе. Сярэднясутачныя прывагі буйной рагатай жывёлы склалі 685 грамаў, свіней — 554 грамы.
Поспехі нашы невыпадковыя, а вынік мэтанакіраванай работы — у павышэнні эфектыўнасці раслінаводства і жывёлагадоўлі. Варта зазначыць, што, не маючы практычна ніводнага інвестара, мы стабільна займаем у абласным рэйтынгу па развіцці аграпрамысловага комплексу трэцяе-чацвёртае месца.
Адметна тое, што маем зараз прыбаўку малака ад каровы больш аднаго кілаграма, а надой складае 15 кг за дзень. Яшчэ не так даўно марылі аб такім паказчыку ў летні перыяд, а зараз стабільна атрымліваем у зімова-стойлавым.
Штодзённа раён адпраўляе Навагрудскаму масларобчаму камбінату на перапрацоўку 150 тон малака і мае кожны месяц за яго 14 мільярдаў рублёў выручкі. Каля 9 мільярдаў рублёў складае штомесячная выручка ад рэалізацыі мяса. Зараз маем 5 мільярдаў рублёў свабодных грошай, і гэта вельмі добра.
За гэтымі лічбамі хаваецца нястомная творчая праца кіраўнікоў аграпрамысловых прадпрыемстваў, сярод якіх старшыні СВК: “Свіцязянка-2003” У. А. Галавач, “Жухавічы” Д. Д. Янкоўскі, дырэктар ДП “Птушкафабрыка “Чырвонаармейская” А. М. Янкоўскі, галоўныя заатэхнікі гэтых гаспадарак В. К. Саўка, А. А. Кокала, галоўны ветурач ДП “Птушкафабрыка “Чырвонаармейская” У. У. Вітко.
Мы шчыра дзякуем намесніку старшыні СВК “Жухавічы” па раслінаводстве М. М. Штыцько, які стабільна забяспечвае ўраджайнасць зерневых культур на ўзроўні 60 цэнтнераў з гектара і болей, 500 цэнтнераў цукровых буракоў.
У мінулым годзе мы адправілі на Гарадзейскі цукровы завод больш 179 тысяч тон цукровых буракоў, а гэта значыць, што прадпрыемства рэалізуе з нашай сыравіны 250 тон цукру з высокім дабаўленым коштам. У сувязі з гэтым варта сказаць, што мы забяспечваем высокую дабаўленую вартасць не толькі гарадзейскім перапрацоўшчыкам, але і масларобчаму камбінату ў Навагрудку, куды пастаўляем амаль 50 тысяч тон малака, а таксама 7 тысяч тон мяса Слонімскаму мясакамбінату.
У нас вельмі шчыльная структура пасяўных плошчаў, таму просім навагрудчан дапамагчы нашаму льнозаводу пашырыць плошчы даўгунцу і павялічыць колькасць сыравіны.
Шаноўныя сябры! У аграрным сектары адбываюцца значныя змены. Сёлета, напрыклад, 60 працэнтаў дойнага статку будзе  ўтрымлівацца на аднатыпным кармленні. Летась мы нарыхтавалі для грамадскай жывёлы 38,5 ц карм. адз. на ўмоўную галаву і забяспечылі грамадскі статак грубымі і сакавітымі кармамі. Будуюцца новыя жывёлагадоўчыя аб’екты. Выгада відавочная. Пацвярджэнне гэтаму МТК “Жухавічы”, дзе надой сёння складае 19 кг малака ад каровы, што дае немалую грашовую выручку ад рэалізацыі прадукцыі. І калі мы вядзем гаворку  аб акупнасці гэтага аб’екта, то павінен сказаць, што на гэтым комплексе ў мінулым годзе атрымана паўтара міль-ярда рублёў прыбытку, а ўкладзена ў яго 22 мільярды. Няцяжка падлічыць, што з улікам усіх акалічнасцей, ён акупіцца за 8-9 гадоў. За гэтым — будучыня.
За апошнія чатыры гады ў народнагаспадарчы комплекс раёна ўкладзена 452 мільярды рублёў інвестыцый, у мінулым годзе — 153 млрд руб. Гэта немалыя сродкі.
Падводзячы вынікі работы ў аграрным сектары, хачу яшчэ раз выказаць словы ўдзячнасці галоўным інжынерам СВК “Маяк-Заполле” А. К. Анікію, імя Царука М. М. Кузьмічу, “Лукі-Агра” Г. А. Жыгалу і ўсім тым, хто сёння працуе ў цэху механізацыі.
Сярод прысутных у гэтай зале — механізатары СВК імя Царука М. А. Мароз, В. Е. Мазюк, якія ўносяць дастойны ўклад у развіццё сваёй гаспадаркі. Адзін забяспечвае грамадскае пагалоўе жывёлы кармамі, другі не дае прастойваць свайму “Джон-Дзіру” на палявых работах. Гэта мужыкі, на якіх сёння трымаецца вёска, і многа-многа іншых. Нізкі вам паклон. Так трымаць!
Сёння пастаўлена задача  мець надой малака ад каровы 18 кг, 55 ц з гектара зерневых, 550 ц цукровых буракоў.
Што датычыць ільнаводства, то, нягледзячы на запатрабаванасць гэтай прадукцыі, у вытворчасці існуе нямала прычын, якія стрымліваюць яе. І ў першую чаргу — недасканаласць тэхнікі. Не хапае ў напружаны восеньскі перыяд і трактароў, калі трэба выконваць і іншыя неадкладныя палявыя работы.
Вядучы гаворку аб стане спраў у галіне прамысловасці, Віктар Леанідавіч падкрэсліў, што яна прадстаўлена ў нас нешматлікімі прадпрыемствамі. І калі ў аграпрамысловым комплексе выручка склала 285 млрд руб., то ў прамысловасці — 54 млрд руб. Гэта невялікая лічба, хаця сёння паспяхова развіваецца Карэліцкі маслацэх Навагрудскага масларобчага камбіната. Невялікая выручка ў нашага льнозавода, нармальна працуюць філіялы Гродзенскага лікёра-гарэлачнага завода “Неманофф” — Мірскі і Варанчанскі спіртавыя заводы. Свой уклад у эканоміку ўносяць і прадпрыемствы іншых форм уласнасці.
Вялікая роля ў народнагаспадарчым комплексе належыць будаўнічай галіне. Аналізуючы стан спраў у ёй, Віктар Леанідавіч выказаў вялікую ўдзячнасць былому кіраўніку ДП МПМК-152 Ю. М. Кобрыну, які аднавіў гэта прадпрыемства, і выказаў упэўненасць, што яго пераемнік А. М. Галецкі здольны і мае жаданне выканаць пастаўленыя перад ім задачы.
Усе будаўніча-мантажныя работы выконваюцца якасна і ў тэрмін. І сёння ўсе будаўнічыя работы выконваюць нашы спецыялісты. У мінулым годзе мы здалі 77 кватэр, і хаця аб’ём будаўніча-мантажных работ выкананы на 74,2 %, — гэта больш, чым у цэлым па краіне. Гэта абумоўлена вядомымі прычынамі, якія звязаны з крызісам, змяншэннем ільготнага крэдытавання. Тым не менш, жыллёвае будаўніцтва працягваецца. Узводзяцца 40-кватэрны і 16-кватэрны жылыя дамы ў райцэнтры, якія будуць здадзены ў бягучым годзе.
Шчырых слоў удзячнасці заслугоўваюць кіраўнікі і працаўнікі абслугоўваючых арганізацый аграпрамысловага комплексу. Гэта дырэктары ААТ “Карэліцкая сельгастэхніка” В. У. Марушка, “Карэлічы-Лён” С. К. Лейка, кіраўнікі нашых банкаў В. У. Чартко і Н. Б. Альшэўская.
Сёння трэба адзначыць сістэмны падыход да працы кіраўніка камунальнай службы А. І. Рудака, хаця фінансавы стан РУП ЖКГ вельмі няпросты. Таму наша першачарговая задача — у бліжэйшы час разлічыцца за энерганосьбіты.
Добрых слоў заслугоўваюць кіраўнікі малога бізнесу. Я заўсёды вітаю іх ініцыятыву і іду насустрач іх прадпрымальнасці. Цэняць іх дзелавітасць і карыстальнікі паслуг прадпрымальнікаў.
Паважаныя сябры! Развіццё народнагаспадарчага комплексу накіравана дзеля гуманнай мэты — дастойнага ўтрымання сацыяльнай сферы. У першую чаргу дасягнутую дынаміку мы з цеплынёю, душою аддаём дзецям, людзям, якія тут жывуць. А гэта — сістэма адукацыі, аховы здароўя, культура, фізічная культура і спорт.
Шчыра кажучы, сваё выступленне і сёння мне хацелася пачаць з поспехаў нашых дзяцей, якія і сёлета заваявалі 7 Дыпломаў на прадметных алімпіядах, летась іх было 5. А самае галоўнае, што на ўзроўні Міністэрства адукацыі краіны ведаюць нашых пераможцаў алімпіяд, у тым ліку і міжнароднага ўзроўню. Гэта Раман Пярэська, які з’яўляецца студэнтам медыцынскай ВНУ. Гэта вельмі прыемна. І хачу падзякаваць кіраўнікам педкалектываў І. І. Мысліўцу з Жухавіцкай СШ, М. К. Уласевіч з Ярэміцкай СШ, кіраўнікам дзіцячых садкоў г. п. Карэлічы Л. П. Гоўша і Н. Я. Мазанік, людзям, якія цяпло сваёй душы аддаюць нашым дзецям, каб яны выраслі сапраўднымі грамадзянамі сваёй краіны.
Шчырая ўдзячнасць педагогам-майстрам, якія рыхтавалі ўдзельнікаў алімпіяд: Н. І. Гурын, Г. К. Шклярж, Н. В. Шут, Т. І. Карп, Н. У. Апалонік.
Я вельмі рады за нашых выпускнікоў, з якіх 69,5 % паступілі ў вышэйшыя навучальныя ўстановы, а 73,5 % з іх — на бюджэтную форму навучання. Гэта вельмі здорава! Радуе, што наша сістэма адукацыі займае ў вобласці другое месца сярод 17 раёнаў. Мы на правільным шляху.
Прыемна таксама, што другое месца ў вобласці займае і наша сістэма аховы здароўя. Таму хачу выказаць словы ўдзячнасці ўрачам К. Ц. Ушкевіч, В. А. Жарскаму, старэйшай медсястры дзіцячага аддзялення ЦРБ А. І. Готта і многім іншым медыкам, якія стаяць на варце здароўя людзей, клапоцяцца пра іх, не шкадуючы ні сваіх сіл, ні часу. Мы завяршаем рамонт аддзяленняў цэнтральнай бальніцы і робім усё для таго, каб яна адпавядала ўзроўню лепшых клінік краіны ва ўсіх адносінах.
На правільным шляху — работнікі культуры. Яны ведаюць і ўмеюць рабіць сваю справу і арганізуюць наш адпачынак творча, з душою.
Шмат энтузіязму і поспехаў у нашых юных фізкультурнікаў і спартсменаў, якія прымаюць актыўны ўдзел у шматлікіх масавых спартыўных спаборніцтвах і іншых мерапрыемствах. А наша штангістка Алена Чычкан заваявала першае месца на Еўрапейскім турніры сярод жанчын і ўключана ў склад Нацыянальнай зборнай каманды Рэспублікі Беларусь па цяжкай атлетыцы. Гэта наш чалавек, наша выхаванка.
Працягваючы тэму, В. Л. Шайбак асобна падзякаваў настаўнікам фізкультуры за іх творчую працу, а асабліва цёпла ўспомніў іх былога калегу І. І. Непагоду, які самааддана, з велізарнай энергіяй працаваў на ніве ўмацавання фізічнага здароўя падлеткаў.
— Сёння можна гаварыць пра кожнага працаўніка народнай гаспадаркі толькі добрыя словы, — сказаў у заключэнне В. Л. Шайбак. — На жаль, гэта немагчыма ў рамках адведзенага часу. Таму яшчэ раз дзякую ўсім за вашу нястомную, плённую працу на карысць роднай краіны, дзеля дабрабыту людзей.
Сёння дзякую людзям ад станка, сялянам, работнікам сферы абслугоўвання, спецыялістам, кіраўнікам, сваім намеснікам за ўзаемаразуменне, узаемападтрымку і актыўную творчую работу. Адчуваючы ўсё гэта, хочацца жыць, ствараць, умацоўваць дабрабыт жыхароў нашага раёна.
Разам мы дабіліся значных поспехаў у працы, прывялі ў парадак наш пасёлак, аб’екты адукацыі, аховы здароўя, бытавога і камунальнага абслугоўвання.
Ва ўсім гэтым — праца кожнага з вас. Жыццё працягваецца, і мы не павінны спыняцца на дасягнутым. А як мы распарадзімся нашымі магчымасцямі, нашым патэнцыялам, — залежыць дабрабыт і наш, і нашых дзяцей, і тых, хто будзе кіраваць народнагаспадарчым комплексам у будучым.
Яшчэ раз дзякуй за вашу творчую, нялёгкую, тытанічную працу! Здароўя, шчасця, спаўнення надзей і спадзяванняў, няхай кожны дзень будзе для вас светлым і прыгожым.
Выступаючы перад лепшымі працаўнікамі раёна без адзінай зверкі з паперамі, В. Л. Шайбак зразумела, даходліва гаварыў аб праблемах і задачах, якія стаяць перад народнагаспадарчым комплексам раёна, знайшоў многа цёплых, шчырых слоў удзячнасці рабочым, працаўнікам вёскі, спецыялістам і кіраўнікам, інтэлігенцыі, фізкультурнікам і спартсменам.
У такім жа ключы праходзіла і ўзнагароджанне перадавікоў спаборніцтва, дзе кожнаму было знойдзена добрае слова і шчырае пажаданне.
У гэты дзень лепшыя людзі раёна сардэчна віншавалі з 75-годдзем лаўрэата Дзяржаўнай прэміі СССР Ванду Пятроўну Напорка, якая ўнесла вялікі ўклад у сацыяльна-эканамічнае развіццё раёна, а старшыня райвыканкама В. Л. Шайбак пажадаў ветэрану працы моцнага здароўя, доўгіх гадоў жыцця, бадзёрага настрою і ўручыў юбіляру кветкі і падарунак.
Удзельнікаў злёту віталі дэлегацыя Стаўбцоўскага раёна на чале з намеснікам старшыні райвыканкама І. М. Ермаковіч, Нясвіжскага раёна, якую ўзначальвала намеснік старшыні райвыканкама Л. В. Мядзведзева, і кіраўнік дэлегацыі Навагрудскага раёна, намеснік старшыні райвыканкама А. Я. Ермакова.
У адказ на цёплыя пажаданні В. Л. Шайбак падзякаваў кіраўнікам суседніх раёнаў і гаспадарак за дапамогу ў напружаныя перыяды палявых работ і запэўніў гасцей, што яна была, ёсць і будзе ўзаемнай, як у забеспячэнні іх перапрацоўчых прадпрыемстваў сыравінай, так і па іншых напрамках дзейнасці.
Ганаровыя пераходныя сцягі, прызы імя Герояў Сацыялістычнай Працы, Ганаровыя граматы райвыканкама, Падзячныя пісьмы старшыні райвыканкама, Дыпломы райвыканкама, Граматы райсельгасхарчу ўручылі  старшыня райвыканкама В. Л. Шайбак, старшыня раённага Савета дэпутатаў А. В. Шкадаў, першы намеснік старшыні райвыканкама С. В. Барычэўскі.
Урачыстасць завяршылі святочнай канцэртнай праграмай лепшыя калектывы і выканаўцы мастацкай самадзейнасці.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.