Калектыў фермы “Райца” — у ліку лепшых

Падведзены вынікі абласнога агляду-конкурсу на лепшую работу па стварэнні спрыяльных умоў працы і вытворчага быту працаўнікам на малочнатаварных фермах і жывёлагадоўчых комплексах.
Арганізаваны Камітэтам па сельскай гаспадарцы і харчаванні аблвыканкама і абкама прафсаюза работнікаў АПК конкурс праводзіўся з мэтай актывізацыі работы наймальнікаў і прафсаюзных камітэтаў у гэтым накірунку, прафілактыкі вытворчага траўматызму, прапаганды і распаўсюджвання перадавога вопыту па стварэнні здаровых і бяспечных умоў працы, высокай культуры вытворчасці.
Пры вызначэнні пераможцаў улічваліся ўзровень заработнай платы, адсутнасць траўм са смяротным зыходам, забеспячэнне спецвопраткай і сродкамі індывідуальнай аховы, наяўнасць і стан вытворча-бытавых памяшканняў для рабочых, пакояў адпачынку, для прыёму ежы, душавых або лазні, гардэробаў, арганізацыі абагрэву памяшканняў.
У ходзе агляду правяраліся і аналізаваліся створаныя ўмовы працы і вытворчага быту па наступных крытэрыях: добраўпарадкаванне фермы; наяўнасць дакументацыі па арганізацыі і ўмовах аплаты працы; афармленне стэндаў па прафсаюзнай рабоце; стан аховы працы, тэхнікі бяспекі і пажарнай бяспекі.
Разгледзеўшы прадстаўленыя матэрыялы, абласная камісія прысудзіла другое месца малочнатаварнай ферме “Райца” СВК “Свіцязянка-2003”. Адпаведны Дыплом і грашовую прэмію калектыву МТФ уручыла старшыня райкама прафсаюза работнікаў аграпрамысловага комплексу І. Л. Пянькоўская, якая павіншавала жывёлаводаў з узнагародай і пажадала ім новых працоўных здабыткаў.
Каментарый старшыні прафкама намесніка старшыні СВК “Свіцязянка-2003” па ідэалагічнай рабоце З. І. МАКОВІК:
— Да 1972 года ўтрыманне буйной рагатай жывёлы на ферме “Райца” ажыццяўлялася ў прыстасаваных памяшканнях. На працягу 1972-1975 гадоў пабудаваны былі два кароўнікі для ўтрымання жывёлы на прывязі з транспарцёрным выдаленнем гною, два памяшканні для вырошчвання маладняку на 140 месцаў кожнае. Пазней пабудавалі яшчэ два памяшканні  для ўтрымання маладняку.
У 2002-2003 гадах праведзена рэканструкцыя 4-х памяшканняў: два будынкі МТФ пераведзены на бяспрывязнае ўтрыманне, аналагічная сістэма была ўведзена ў двух будынках для ўтрымання маладняку.
Чарговая рэканструкцыя праведзена ў 2005 годзе.
Па стану на 1 кастрычніка 2011 года на МТФ “Райца” ўтрымлівалася 373 каровы дойнага статку, а ўсяго 907 галоў буйной рагатай жывёлы.
Узначальваюць калектыў фермы Р. І. Машчонская і яе памочнік С. У. Філончык. Ферму абслугоўваюць 8 аператараў машыннага даення кароў, 5 даглядчыкаў-пастухоў, 4 жывёлаводы па дарошчванні маладняку, два слесары па абслугоўванні даільнага абсталявання, дзённыя і начныя вартаўнікі, лабарант, аператар па штучным асемяненні жывёлы, качагар, ветурач і ветфельчар. Усяго 30 чалавек.
Сярэдні ўзровень зарплаты ў аператара машыннага даення кароў складае 1620000 рублёў, даглядчыка-пастуха — 1260000 руб., у жывёлаводаў — 1590000 рублёў.
Ферма “Райца” з’яўляецца лідарам у вытворчасці малака. Тут атрымліваюць 40 % яго ад агульнай колькасці па гаспадарцы. Надой ад каровы перавысіў 6000-ы рубеж, сярэднясутачныя прывагі  склалі 755 грамаў.
Даяркі М. С. Навумчык,           Н. А. Кухто, А. А. Зайко, Т. І. Худніцкая надаілі больш 6000 кг малака ад каровы, а Г. А. Гуцава — больш 7000 кг.
Іх партрэты неаднойчы змяшчаліся на Дошку Пашаны  “Гонар і пашана” ў фае праўлення гаспадаркі. А на раённую Дошку Пашаны былі ў свой час занесены фотапартрэты Т. І. Худніцкай і жывёлавода М. М. Машчонскага.
Падзячным пісьмом старшыні райвыканкама адзначана ветэран вытворчасці М. С. Навумчык, а спартыўныя дасягненні  ў лёгкай атлетыцы аператара машыннага даення Г. А. Гуцавай адзначаны не толькі на раённым узроўні, але і ў вобласці.
Сёння важна, каб кожны чалавек адчуваў рэальную падтрымку з боку гаспадаркі: наяўнасць жылля, магчымасць паўнацэннага адпачынку, добрыя ўмовы і бяспеку працы, дастойную зарплату.
Усё гэта патрабуе значных фінансавых сродкаў. Аднак праўленне СВК, прафкам надаюць вялікую ўвагу сацыяльна-культурнай сферы. У 2005 годзе на ферме “Райца” здадзены ў эксплуатацыю “Дом жывёлавода”, дзе размешчаны кабінеты ветурача, заатэхніка-селекцыянера, упраўляючага фермай, асемянатара, пакой адпачынку, ветаптэка. Памяшканне абаграваецца. У ім можна пачытаць газеты, паглядзець тэлевізар, азнаёміцца з інфармацыяй аб жыцці кааператыва, раёна, выпіскай з калектыўнага дагавора на стэндзе “Жывёлагадоўля з відам на перспектыву”. На інфармацыйным стэндзе “Нашы будні” размешчаны эканамічныя паказчыкі па ферме, гаспадарцы, умовы спаборніцтва і аплаты працы.
На капітальны рамонт тэрыторыі МТФ у 2008 годзе выдаткавана 119 млн руб., а ў 2010 — 125 мільёнаў рублёў. Абсталяваны душавы пакой, гардэроб, устаноўлены двухсекцыйныя металічныя шафы, пральная машына.
Усе жывёлаводы забяспечваюцца спецвопраткай і сродкамі індывідуальнай аховы, рэгулярна праходзяць медагляд.
З мэтай замацавання кадраў маладым спецыялістам прадастаўляецца добраўпарадкаванае жыллё, пры гэтым мэбля першай неабходнасці: газавыя пліты, ложкі, кухонная мэбля, халадзільнікі набыты за кошт гаспадаркі. На МТФ “Райца” працуюць пяць маладых спецыялістаў. Гэта — заатэхнік Віталій Сельвановіч, заатэхнік-селекцыянер Вольга Палуян, ветфельчар Святлана Пескава. Чацвёрты год у кааператыве працуе дружная сям’я Борысаў, Іна і Уладзімір — ветурачы, пачыналі на гэтай ферме, а ў сакавіку мінулага года Уладзімір прызначаны галоўным ветурачом СВК.
Праўленне, прафкам гаспадаркі пільную ўвагу звяртаюць як на матэрыяльнае забеспячэнне працаўнікоў, так і на задавальненне іх сацыяльных патрэб.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.