Камфорт і стабільнасць

Сфера нашай дзейнасці шматгранная. У камунальнай службе задзейнічаны спецыялісты розных профіляў, а ўсе разам мы выконваем вельмі важную справу — забяспечваем камфортнае пражыванне людзей, ствараем неабходныя ўмовы для прадукцыйнай працы.
Мінулы год быў для прадпрыемства нялёгкім, але нягледзячы на рост цэн на энерганосьбіты, калектывам РУП ЖКГ у асноўным забяспечана выкананне прагнозных паказчыкаў сацыяльна-эканамічнага развіцця і асноўных мэтавых паказчыкаў.
Даходы прадпрыемства ад усіх відаў дзейнасці ўзраслі ў параўнанні з 2010 годам на 159,1 працэнта і склалі 21502 мільёны рублёў. У іх структуры найбольшую ўдзельную вагу (48,6 %), складаюць даходы цеплазабеспячэння, водазабеспячэння і водаадвядзення (16,7 %). Даходы па абслугоўванні жыллёвага фонду — 7,0 %.
Тэмп росту заработнай платы ў параўнанні з 2010 годам склаў 144,8 %.
Прыбытак ад рэалізацыі паслуг склаў па выніках года 297 млн руб. пры плане 75 мільёнаў. Рэнтабельнасць рэалізаваных паслуг — 1,5 %.
Інвестыцыі ў асноўны капітал узраслі на 10283 млн руб. і склалі 14662 млн руб. пры заданні 118 %.
Аб’ём рэалізацыі платных жыллёва-камунальных паслуг насельніцтву склаў 2848,6 млн руб. і павялічыўся ў параўнанні з 2010 годам на 360 мільёнаў рублёў. Рост у фактычных цэнах склаў 114,5 %. Дадатковыя платныя паслугі выкананы на 103,3 % у супастаўных цэнах і аказаны на суму 749,9 млн руб.
Выканана заданне па нарыхтоўцы і збору другасных матэрыяльных рэсурсаў для перапрацоўчых прадпрыемстваў.

Летась завершаны работы па пераводу кацельні па вуліцы Гагарына ў Карэлічах на мясцовыя віды паліва, кошт якіх склаў 500 мільёнаў рублёў. У гэтым жа накірунку вяліся работы на кацельні па вуліцы Гастэлы, дзе асвоена 1522 млн руб. За год выкарыстана мясцовых відаў паліва 2803 ТУП  пры заданні 4319, або 64,9 %, што склала ў паліўным балансе прадпрыемства 44,5 %.
Заданне па замене цеплавых сетак выканана на 100 %.
У параўнанні з 2010 годам спажыванне электраэнергіі зніжана на 121,9 тыс. кВт/гадзін, прыроднага газу — на 499,6 тыс. метраў кубічных.
Паспяхова выканана ўстаноўленае заданне па капітальным рамонце жыллёвага фонду, дзе асвоена 1125,7 млн руб.
За кошт уласных сродкаў прадпрыемствам праведзена рэканструкцыя першага паверха гасцініцы г. п. Карэлічы, на што затрачана 474,6 млн руб. У гэтым годзе, пры наяўнасці сродкаў, а іх спатрэбіцца каля 1200 млн руб. у дзеючых цэнах, плануецца рамонт другога і трэцяга паверхаў.
Вялікі аб’ём работ у 2011 годзе выкананы па капітальным рамонце аб’ектаў добраўпарадкавання. У сціслыя тэрміны непазнавальна змяніліся вуліцы Савецкая, 17 Верасня, Гастэлы, Прытыцкага, Фаменкі. Заасфальтаваны вуліцы 1 Мая, Набярэжная, Белуша. За год на капітальным рамонце аб’ектаў добраўпарадкавання асвоена 2409 млн руб., а на рэканструкцыі вуліц Савецкая і Гастэлы — 5782,3 млн руб.
Не менш важныя задачы стаяць перад калектывам прадпрыемства ў бягучым годзе. Сёлета неабходна ўвесці ў эксплуатацыю 3,3 тыс. м кв. жылой плошчы пасля капітальнага рамонту. Рамонт дахаў жыллёвага фонду прадугледжаны на плошчы 2,0 тыс. квадратных метраў, у тым ліку капітальны — на плошчы 1,5 тыс. м кв. Запланавана рэканструкцыя кацельнай па вуліцы Сташэўскай у г. п. Мір з пераводам яе на мясцовыя віды паліва. Мяркуецца перакласці 3,1 км цеплавых сетак.
Выкарыстанне мясцовых відаў паліва належыць давесці да 4300 тон умоўнага паліва. Уводным аб’ектам згодна з праграмай па водазабеспячэнні і водаадвядзенні “Чыстая вада” з’яўляецца “Водазабеспячэнне г. п. Карэлічы”, работы на якім пачаліся летась.
На прадпрыемстве вялікая ўвага надаецца пытанням аховы працы, рабоце з кадрамі, усталявання ў калектыве здаровага ладу жыцця, развіцця фізкультуры і спорту. Сведчаннем таму з’яўляецца тое, што калектыў фізкультуры РУП ЖКГ заняў другое месца ў раённым аглядзе-конкурсе на лепшую арганізацыю спартыўна-масавай работы, а таксама другое месца на раённым спартыўным свяце. Работнікі прадпрыемства Віталій Гомза і Аляксандр Баранаў абараняюць гонар раёна на абласных спаборніцтвах. Традыцыйнымі сталі спаборніцтвы камунальнікаў па падлёднай лоўлі рыбы і г. д.
За ўсім вышэйсказаным стаіць зладжаны калектыў, чыя высакародная праца нясе людзям добры настрой, камфорт, утульнасць і прыгажосць. Немагчыма назваць усіх, але адзначу хаця б некаторых. Гэта майстар па арганізацыі эксплуатацыі і рамонце жыллёвага фонду Браніслаў Валчэцкі, старшая пакаёўка Ала Марцінеўская, вадзіцель Валерый Жытко, інжынер-цеплатэхнік Алена Лукашкова, слесар-рамонтнік Аляксандр Бусько, вальшчык лесу Аляксандр Адамцэвіч, слесар-рамонтнік Юрый Серафімовіч, слесар-сантэхнік Аляксандр Кныш, інжынер па ахове працы Ала Хіневіч, кантралёр водаправоднай гаспадаркі Алена Кохан, вадзіцелі Мікалай Піскун, Андрэй Петрыкевіч, аператар кацельні Віктар Бірук, слесар-рамонтнік Сяргей Шуляк, старшая пакаёўка Ала Шах, машыніст помпавых установак Мікалай Чачотка, дарожны рабочы Марына Гурыновіч, аператар АДС Іна Праваторава і многія іншыя.
Напярэдадні прафесійнага свята ўдзячны за добрасумленную працу. Далейшых вам поспехаў, моцнага здароўя, вялікага чалавечага шчасця вам, вашым родным і блізкім. Няхай у вашых дамах заўжды будзе добры настрой, мір і дабрабыт!

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.